РПЦ знайшла ў творах класікі сусветнай літаратуры прапаганду педафіліі
Скандал выклікала прапанова старшыні Сінадальнага аддзела Маскоўскага патрыярхату па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства, протаіерэя Усевалада Чапліна праверыць раманы Уладзіміра Набокава «Лаліта» і Габрыэля Гарсіі Маркеса «Сто гадоў адзіноты» на прадмет прапаганды педафіліі.
Паводле словаў Чапліна, цяпер у Расіі пачынаецца кампанія за легалізацыю педафіліі і трэба рубам ставіць пытанне пра тое, ці з’яўляецца прапаганда злачынства сама па сабе злачыннай, адзначае газета «Новые известия». «Мяне спыталі, што я думаю з нагоды гэтых двух твораў. Аб’ектыўна кажучы, у іх рамантызуюцца полавыя адносіны паміж дарослымі людзьмі і дзецьмі, — падзяліўся сваім меркаваннем айцец Чаплін. — Цяпер наогул ідзе шырокая грамадская дыскусія па выпадках лабіявання педафіліі. У прыватнасці, з нагоды падручніка Генадзя Дзярагіна, у якім наўпрост апраўдваюцца дзеянні педафілаў» («Загарнуць кнігу»).
Як заявіў «Независимой газете» сябра Грамадскай палаты Мікалай Сванідзэ, мабыць, Чаплін проста пажартаваў, бо тады давядзецца «праверыць Гамера і Шэкспіра на прадмет жорсткасці і гвалту, а Купрына — на прадмет сцэн, у якіх прысутнічае эротыка і сэкс» («Класіка не без граху»).
Як піша «Российская газета», калі Чаплін прапануе інспектаваць рускую і сусветную літаратуру на прадмет спагады злачынцам, то з рускай літаратуры давядзецца ўслед за Набокавым выключыць і «Ціхі Дон», напрыклад, які пачынаецца з вельмі яркай сцэны згвалтавання бацькам уласнай дачкі ці «Злачынства і пакаранне». І, нарэшце, Карамзін, які апублікаваў «Бедную Лізу», цалкам рэальна вінаваты ў прапагандзе суіцыду. З літаратурай трэба быць асцярожным, у тым ліку і робячы такія гучныя заявы, як Чаплін («Асцярожна, літаратура!»).