БЕЛ Ł РУС

Пачаў працу новы крухмальны завод

29.09.2011 / 11:51

Пачаў працу новы крухмальны завод каля вёскі Ляда Мастоўскага раёна. Яго будаўніцтва абышлося ў 55 млрд рублёў.

За тры першыя працоўныя дні вырабілі 39 тон крухмалу. Як адзначыў галоўны інжынер Рагозніцкага крухмальнага завода Генадзь Валчкевіч, на прадпрыемстве працуе шведскае абсталяванне і высокапрадукцыйныя цеплагенератары. Наладжанае абаротнае водазабяспечанне, ёсць станцыя абеззаражання і памякчэння вады.

Вытворчасць крухмалу неэнергаёмістае, цалкам аўтаматызаванае. Нават калі з’яўляецца збой, яго ліквідуюць, не адыходзячы ад экрана манітора ў аператарскай, адкуль сочаць за ўсімі працэсамі на заводзе.

Склад сыравіны на 1800 тон ужо запаўняецца. Пачатковая цана, якую плаціць прадпрыемства насельніцтву і сельгасарганізацыям за здадзеную бульба, — 465 рублёў за кілаграм. Далей усё залежыць ад працэнта ўтрымання крухмалу ў клубнях. Напрыклад, як растлумачылі на заводзе, ужо паступала бульба з крухмалістасцю 21%. За такую бульбу прадпрыемства гатовае заплаціць 2000 беларускіх рублёў.

Завод абяцае стаць крыніцай валютных паступленняў, бо роўна палова прадукцыі прызначаная на экспарт. Сыравіна для гэтага будзе: у 2011 годзе плошча пасадкі бульбы ў Мастоўскім раёне падвоілася, у перспектыве плануецца засаджваць гэтай культурай 1500 га.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула