БЕЛ Ł РУС

Маці смяротніка расказала пра апошнія дні сына

29.09.2011 / 12:31

На сённяшні дзень 28-гадовы гродзенец Андрэй Бурдыка — апошні расстраляны асуджаны ў Беларусі. Прысуд у дачыненні да яго прывялі ў выкананне два месяцы таму.

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе выконваецца смяротнае пакаранне. Спрэчкі з гэтай нагоды працягваюцца. Для адных расстрэльны прысуд — справядлівая адплата. Для іншых — асабістая трагедыя. Што адчувае смяротнік у апошнія месяцы і дні жыцця, расказала маці Андрэя Бурдыкі.

«Куток» замест магілы

Карэспандэнтка «Вячэрняга Гродна» сустрэлася з Нінай Сямёнаўнай у яе дома, у трохпакаёвай кватэры па вуліцы Кабяка. Дом, дзе жыў асуджаны, размешчаны побач з той шматпавярхоўкай, у якой хлопцы задумалі крывавую разборку. У добраўпарадкаванай кватэры пуста і ціха.

Жанчына запрасіла ў залу. Мэбля ў стылі любой традыцыйнай савецкай сям’і — блок, канапа, тэлевізар. На стале, засланым беласнежным абрусам, фота ўсмешлівага хлопца: у кампаніі таварышаў па службе, падчас свайго вяселля, з сынам на руках…

— Кожны вечар гляджу і малюся. Зрабіла яго куток, туды паставіла фатаграфію і абразы, — кажа жанчына.

Сваякам не кажуць пра месца пахавання смяротнікаў. Ніна Сямёнаўна прызналася, што ездзіць па могілках каля Мінска ў пошуках магілы сына:

— Ён заслужыў пакаранне, але ж трэба пахаваць па хрысціянскіх канонах. Андрэй казаў, што баіцца, што яго закапаюць у чорным мяшку, без труны,
 — удакладняе маці.

Смерці Андрэй Бурдыка таксама баяўся і пакутліва яе чакаў:

— Ён да канца спадзяваўся, што яго прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта задаволяць. Ласкі ён чакаў таму, што заступіўся за хлопчыка, калі прыяцель прыставіў нож да дзіцяці — у Андрэя рос сын такога ж узросту. Напярэдадні ён адчуў набліжэнне смерці — напісаў доўгі, на некалькі аркушаў, перадапошні ліст: пытаўся, што пішуць пра яго лёс у газетах.

Адзіночка без права на прагулкі

Ніна Сямёнаўна прыязджала да сына, як належала, адзін раз на тры месяцы ў Мінскі следчы ізалятар № 1 па вуліцы Валадарскага (з савецкага часу ў гэтай турме трымалі смяротнікаў і да гэтага часу прыводзяць прысуд у выкананне — заўв. аўт.). Са словаў маці, апошні год жыцця Андрэй Бурдыка правёў у адзіночнай камеры без права на прагулкі.

— Да яго ўжо ставіліся не як да жывога — у «клетцы» без свежага паветра спаў, еў, хадзіў у туалет.
Аднойчы да яго падсадзілі яшчэ аднаго… прысуджанага да смерці, але затым яны папрасілі іх рассяліць — абодва ў чаканні, раздражняюць… — кажа Ніна Сямёнаўна. На спатканні з маці Андрэй Бурдыка гаварыў, што ў яго камеры жывуць «суседзі» — павук, муха і камар, якія разбаўляюць яго адзіноту.

— Андрэй ні на што не скардзіўся. Успрымаў усё, што адбываецца, як выкупленне сваіх грахоў. Ён павярнуўся да Бога, маліўся і каяўся, размаўляў са святаром, чытаў рэлігійную літаратуру, — кажа Ніна Сямёнаўна.

Чытаў Андрэй Бурдыка і газеты, папрасіў маці выпісаць «БелГазету» і «Аргументы і факты». Пажаданняў па перадачах, якія маці яму высылала штомесяц, не выказваў, гаварыў, што ежы хапала, хоць давалі звычайна тушаную капусту. Ніна Сямёнаўна ўкладвала ў пасылкі цыгарэты і антыдэпрэсанты.

— У яго з дзяцінства назіраліся заіканне і цік, часам ён сапраўды рабіўся раздражнёным, не мог кантраляваць свой гнеў. Асабліва гэта праяўлялася ў падлеткавым узросце і калі ён разышоўся з жонкай. Яны змаглі пражыць толькі сем месяцаў. А ён жа, як у 19 гадоў даведаўся, што яна цяжарная, не стаў здаваць апошні экзамен у ваеннай акадэміі. Хоць усе ўгаворвалі яго: бацька і старэйшы брат — афіцэры. Пасля таго як адмовіўся ад сваёй мары стаць вайскоўцам, а сямейнае жыццё не склалася, усё ў яго пайшло пад адхон, — дзеліцца ўспамінамі жанчына.

Забіў старога ў парыве злосці

Ніна Сямёнаўна ўспамінае, што пасля злачынства сын патэлефанаваў ёй уначы і сказаў: «Мама, я забіў чалавека. Я хацеў пачаць новае жыццё, але, даруй, у мяне не атрымалася». Справа ў тым, што гэты асуджаны з трох забойстваў браў на сябе адказнасць толькі за забойства пенсіянера. «Ён мне прызнаўся, што забіў старога, таму што той яго раз’юшыў», — успамінае жанчына.

На момант здзяйснення гэтага злачынства прайшло толькі паўтара месяца, як Андрэй Бурдыка вярнуўся з турмы, дзе адбываў тэрмін больш за чатыры гады. Уладкаваўся на працу па будаўнічай спецыяльнасці.

Маці праводзіць у яго пакой у зялёных тонах — тахта, дыван на сцяне, працоўны стол, кампутар. «Гэта яго тэхніка. У справе гаварылася, што яны забілі з карыслівасці, прыхапіўшы кампутар, фен, але, мне здаецца, што гэтымі рэчамі яны хацелі разлічыцца з таксістам», — кажа маці. (Злачынцаў, якія хацелі з’ехаць у Маскву або Мінск, таксіст адмовіўся везці. Затым яны хацелі скрасці аўтамабіль «Аўдзі-80», але безвынікова. — заўв. аўт.).

…Цяпер на руках у 62-гадовай жанчыны засталіся з апошніх рэчаў сына толькі вяхотка, мыла і швэдар, якія выдалі пасля яго смерці ў СІЗА № 1, і, як памяць пра яго, — фатаграфіі, бо некалі ён быў усмешлівым хлопцам, які яшчэ не зладзіў крывавую разню.

Даведка

Двух гродзенцаў, 29-гадовага Алега Грышкаўца і 28-гадовага Андрэя Бурдыку, Гродзенскі абласны суд прысудзіў да найвышэйшай меры пакарання за забойства трох чалавек у кватэры шматпавярхоўкі па вуліцы Кабяка. Ноччу хлопцы выпівалі з гаспадарамі, усчалі сварку, у выніку забілі 34-гадовую гаспадыню дома, з якой сустракаўся Алег Грышкавец, яе 65-гадовага цесця і 52-гадовую сяброўку сям’і. Судова-медыцынская экспертыза паказала, што злачынцы пакрамсалі цела жанчын, нанесшы кожнай каля 70 нажавых раненняў. Мужчыну ўдарылі нажом 15 разоў. Каб схаваць сляды злачынства, мужчыны падпалілі кватэру (адкрыўшы газ, падвяргаючы небяспецы ўсіх жыхароў панэльнага дома — заўв. аўт.) І ўзялі з сабой 11-гадовага сына гаспадыні дома, які стаў відавочцам крывавай драмы. Сваёй долі прысуджаныя да расстрэлу чакалі год: 18 ліпеня прывялі ў выкананне прысуд у дачыненні да Алега Грышкаўца, 19 ліпеня — да Андрэя Бурдыкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула