БЕЛ Ł РУС

Унікальныя крыжы-энкалпіёны і паганскія амулеты ў Мінску — сёння апошні дзень

29.09.2011 / 12:51

Нацыянальны гістарычны музей (Маркса, 12).

27 верасня Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь (Маркса, 12) прадставіў калекцыю паганскіх амулетаў і хрысціянскіх нацельных крыжоў X–XVIII стагоддзяў. У ёй сабрана 168 культавых прадметаў.
Калекцыю крыжоў Нацыянальнаму гістарычнаму музею дапамог набыць Белзнешэканомбанк.

«Экспазіцыя дапамагае вывучыць духоўную культуру нашых продкаў, — адзначае дырэктар музея Сяргей Вечар. — Акрамя таго, дзякуючы разнастайнасці формаў і арнаментаў можна прасачыць розныя культурныя і мастацкія ўплывы».

На стэндах прадстаўленыя бронзавыя падвескі ў выглядзе лыжак, ключыкаў, грабянёў. У часы паганства гэтыя амулеты былі сімваламі дабрабыту ў хаце. Мініяцюрныя сякеры насілі мужчыны — яны верылі, што такія падвескі дададуць ім сілы.

Што ж да крыжоў, то некаторыя выкананыя ў традыцыях Паўночнай Еўропы, пра скандынаўскую ролю сведчаць нацельныя крыжы з «грубай выявай Укрыжавання». Многія амулеты і крыжы, наадварот, падкрэсліваюць агульнаеўрапейскі характар беларускага мастацтва.

Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць крыжы-энкалпіёны, якія складаюцца з дзвюх частак. У іх знаходзіліся мошчы святых ці іншыя сакральныя рэліквіі. Адзін з іх, бронзавы з эмаллю, быў знойдзены ў Мсціслаўскім раёне. Эксперт Вадзім Кошман адзначае, што такія крыжы раней не сустракаліся. Энкалпіёны не маглі належаць сялянам праз дарагоўлю, хутчэй за ўсё, іх насілі прадстаўнікі духавенства.

«Нацельны крыж — рэч, якая даецца чалавеку ад нараджэння і засцерагае яго ўсё жыццё, — працягвае сп. Кошман. — У гэтым прадмеце — гісторыя жыцця чалавека, яго густу. У калекцыі няма абсалютна аднолькавых крыжоў.

Часта археолагі знаходзяць падчас раскопак хрысціянскія прадметы ўперамешку з паганскімі. Што да ўплыву дзвюх рэлігій, то адназначна сказаць нельга. На некаторых крыжах ёсць арнамент у выглядзе лазы. Інтэрпрэтуюць яго па-рознаму: адны бачаць вінаград — сімвал Хрыста, іншыя — раслінны ўзор, хутчэй за ўсё ўласцівы паганству».

Выстава даступная да 29 верасня ўключна.
У пятніцу калекцыя будзе адпраўленая ў фонды, а пазней большасць прадметаў увойдзе ў склад гістарычных экспазіцый музея.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула