БЕЛ Ł РУС

1 снежня пачынае дзейнічаць беларуска-латвійскае пагадненне аб прымежным руху

29.11.2011 / 9:34

1 снежня ў Віцебскім аблвыканкаме адбудзецца абмен пісьмовымі паведамленнямі аб выкананні Беларуссю і Латвіяй унутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўваходжання ў сілу міжурадавага пагаднення аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый дзвюх краін.

Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, мяркуецца, што з 1 снежня мясцовыя органы змогуць пачаць фарміраванне спісаў жыхароў прыгранічных тэрыторый, якія маюць права на атрыманне адпаведных дазволаў. Непасрэдна выдача дазволаў у генеральным консульстве Беларусі ў Даўгаўпілсе і консульстве Латвіі ў Віцебску чакаецца з 1 лютага 2012 года.

«Рэалізацыя пагаднення пазітыўна паўплывае на развіццё двухбаковых адносінаў, дазволіць актывізаваць эканамічныя адносіны з прыгранічнымі тэрыторыямі Латвіі, кантакты прадстаўнікоў мясцовых органаў самакіравання, бізнес-колаў, прыгранічны гандаль, пашырыць міжчалавечыя і культурныя сувязі, будзе спрыяць падтрыманню сваяцкіх, сямейных кантактаў, паколькі спросціць парадак уезду на тэрыторыю Беларусі этнічных беларусаў, якія кампактна жывуць на сумежнай з Беларуссю тэрыторыі Латвіі», — падкрэсліваецца ў паведамленні МЗС.

Пагадненне прадугледжвае спрошчаны (бязвізавы) парадак перасячэння дзяржаўнай мяжы жыхарамі прыгранічных тэрыторый, якія
пастаянна жывуць на прыгранічных тэрыторыях не менш чым адзін год, незалежна ад іх грамадзянскай прыналежнасці, пры наяўнасці ў іх дазволу на мясцовы прыгранічны рух, выдадзенага кампетэнтным органам іншага боку, і праязнога дакумента (пашпарта або іншага дакумента, прадугледжанага заканадаўствам).

Дазволы будуць выдавацца на тэрмін ад аднаго года да пяці гадоў.

Збор за прыняцце і разгляд заявы аб выдачы дазволу складзе 20 еўра.
Ад выплаты збору на аснове ўзаемнасці могуць вызваляцца пенсіянеры, інваліды і дзеці да 18 гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула