Міліцыя спыніла злачынную дзейнасць цыган-канакрадаў
Як паведаміў супрацоўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Юрый Пількевіч, у Жлобінскім раёне за крадзеж коней затрымалі мясцовага жыхара, цыгана па нацыянальнасці. Ён першы крадзеж каня здзейсніў у далёкім 1998 годзе.
Па словах Пількевіча, у Кармянскі РАУС звярнуўся жыхар Ліцвінавічаў, у якога прапаў конь. Каня абвясцілі ў вышук. Праз некаторы час падобную паводле знешніх прыкмет жывёлінку ўгледзелі аяскоўцы Гадзілавічаў Рагачоўскага раёна. Высветлілася, што здзейсніў крадзеж жыхар вёскі Чорная Вірня Жлобінскага раёна, раней судзімы за канакрадства.
Конь жыў у людзей, якія нічога не падазравалі пра крадзеж. «Крадзенага каня падазраваны абмяняў у адной з вёсак Рагачоўскага раёна, а ўжо новага прадаў у Расію», — удакладніў супрацоўнік УУС.
Паводле яго слоў, гэты ж грамадзянін некалькі гадоў таму здзейсніў на тэрыторыі Кармянскага раёна пяць крадзяжоў коней, за што і быў раней прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Пару тыдняў таму ў Жлобінскім раёне за крадзеж коней і двух жарабятаў быў затрыманы і сын падазраванага.