Раніцай ў Мінску пад коламі аўтамабіля загінуў пешаход
Раніцай 4 студзеня ў Мінску на пераходзе па вуліцы Ванеева пад коламі "Сеата" загінуў пешаход.
Як паведамілі ў аддзеле ДАІ Партызанскага РУУС Мінска, 27-гадовы мінчанін на аўтамабілі "Сеат Ібіца" рухаўся па Ванеева з боку Партызанскага праспекта ў напрамку вуліцы Даўгабродскай. На нерэгуляваным пешаходным пераходзе насупраць дома №12 ён здзейсніў наезд на 48-гадовую жанчыну, якая перасякала праезную частку. Ад удару пешахода адкінула прыкладна на 20 метраў наперад, у выніку чаго жанчына памерла на месцы здарэння.
Як растлумачыў кіроўца, ён рухаўся з хуткасцю 60-65 км/г. Але з-за дрэнных умоў надвор'я (на вуліцы яшчэ было цёмна, ішоў мокры снег) малады чалавек не заўважыў пешахода.
Цяпер па факце ДТЗ праводзіцца разбіральніцтва. Кіроўца "Сеата" атрымаў вадзіцельскае пасведчанне толькі чатыры месяцы таму.