БЕЛ Ł РУС

У падмаскоўных Мыцішчах да смерці замёрз на вуліцы актор з «Глухара» і «Інтэрнаў»

3.02.2012 / 10:07

Моцныя маразы стаяць ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Ахвярамі экстрэмальных тэмператур робяцца не толькі бяздомныя, якім няма дзе схавацца ад холаду, але і цалкам паспяховыя людзі. Так, напярэдадні стала вядома, што ў падмаскоўных Мыцішчах замёрз на вуліцы 29-гадовы актор Анатоль Атраднаў, які граў у серыялах «Глухар», «Інтэрны», «Універ», «Салдаты», перадае NEWSru.com.

Анатоль Атраднаў выйшаў з дому 29 студзеня і не вярнуўся. Яго знайшлі мёртвым на наступны дзень. Слядоў гвалту на целе выяўлена не было. Меркаваная прычына смерці — пераахаладжэнне. Па словах сяброў, мужчына не злоўжываў спіртнымі напоямі. Верагодна, яму магло стаць кепска з сэрцам, ён упаў, страціў прытомнасць і неўзабаве да смерці замёрз.

У кішэнях у нябожчыка не было дакументаў, таму спачатку ён лічыўся як невядомы. Актора з «Інтэрнаў» у ім апазналі дактары — работнікі морга. А неўзабаве узбекскія гастарбайтары прынеслі ў міліцыю пашпарт і мабільны тэлефон Атраднава.

Атраднаў не дажыў аднаго месяца да трыццаці гадоў і крыху менш за паўгода — да нараджэння дзіцяці. У яго засталася цяжарная жонка. Развітанне з акторам адбудзецца ў пятніцу ў Мыцішчах, а пахаваюць яго на радзіме — у горадзе Рэўда Свярдлоўскай вобласці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула