БЕЛ Ł РУС

Беларускія 2000-я вачыма найлепшых мастакоў

1.03.2012 / 11:30

Юрась Ускоў

На заводзе «Гарызонт» адчынілася выстава «Радыус нуля».

Твор Уладзіміра Цэслера "Свята ў горадзе" прыцягваў увагу.

Руслан Вашкевіч "Паляванне на Мінатаўра".

Бясплатнае піва, якое арганізатары прапанавалі ўсім наведнікам, з трэскам адкаркоўваецца аб былы шчыт пажарнай бяспекі — закінуты цэх завода «Гарызонт» перапрафіляваны ў выставу актуальнага мастацтва, якая мусіць падвесці вынікі першага дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя.

Трубы, якія выходзяць з падлогі, шчыты ў стылі «не ўлазь — заб’е», і іншыя аскепкі былых дасягненняў народнай гаспадаркі ствараюць дадатковую атмасферу — той самы андэграўнд 1980-х, з якога вырасла вольнае мастацтва «нулявых».

«Радыус нуля» мае і аналітычны, і даследчы, і выстаўны характар — цягам дзесяці дзён тут будуць праходзіць розныя мерапрыемствы: ад семінараў да фотамарафона Znyata.

У дзень адкрыцця ж наведнікам, якіх, нягледзячы на сціплую рэкламу, прыйшло вельмі многа, прапанавалі экспазіцыю, прысвечаную «нулявым».

Творы Руслана Вашкевіча, Уладзіміра Цэслера, Міхала Гуліна, Андрэя Лянкевіча, Артура Клінава -- 15 актуальных мастакоў -- сабраныя ў былым цэху, нагадалі фестываль «ДАХ», які апошні раз адбыўся ў 2010 годзе. Сучасны авангард пераняў традыцыі 80-х: дзе-нідзе сустракаліся адгалоскі пратэстнага андэграўнднага мастацтва, кшталту лістовак пра «грамадскае і прыватнае», выкананых у стылі савецкага плаката пра тэхніку бяспекі.

Нейкія «маркеры», якія б дапамаглі адрозніць «нулявыя» ад любога іншага дзесяцігоддзя, прысутнічаюць у сціплай колькасці. Напрыклад,

гіганцкая цэслерава карціна «Свята ў горадзе» з абсалютна пустым праспектам Незалежнасці, упрыгожаным чырвона-зялёнай сімволікай.
Як і «Паляванне на мінатаўра» Руслана Вашкевіча, ці выдатны праект «Бывай, Радзіма!» Андрэя Лянкевіча, які, хоць і базуецца на савецкім падмурку, але мае яскравы сучасны характар.
Атмасфера берлінскага Тахелеса на «Радыусе нуля» захоўваецца, як казалі ў 1980-я, «у поўны рост».
Ды і ўбачыць творы адразу столькіх легендарных творцаў апошняга трыццацігоддзя ў адной зале — такой магчымасцю грэбаваць не варта.
Выстава працуе да 10 сакавіка на заводзе «Гарызонт» (Куйбышава, 22).
У працоўныя дні ад 11.00 да 19.00, у выходныя -- ад 11.00 да 18:00.

Расклад мерапрыемстваў

2 сакавіка (пятніца)

17.30 «Форум Znyata: беларуская фатаграфія ў пачатку ХХІ стагоддзя» (прэзентацыя + дыскусія). Святлана Паляшчук (выкладчык дэпартамента медыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта).

4 сакавіка (нядзеля)

13.00 «У пошуках страчанага часу» (прэзентацыя + дыскусія). Юры Іваноў (арт-крытык, аўтар і вядучы радыёпраграмы «Двое ў горадзе» на канале "Культура").

15.00 «Музей» — паміж мінулым і сучасным: арт-стратэгіі пераадолення культурнага правінцыялізму (постскрыптум да выставы Руслана Вашкевіча)" (прэзентацыя + дыскусія). Альміра Усманава (філозаф і культуролаг, прафесар дэпартаменту медыя ЕГУ).

5 сакавіка (панядзелак)

17.30 «Ад ізаляцыі да публічнасці: Nova Schtuka Bialoruska і Open The Doors? Belarusian Art Today» (прэзентацыя + дыскусія). Таццяна Арцімовіч (тэатральны рэжысёр, арт-крытык).

6 сакавіка (аўторак)

15.00 «Арт Нуль: маё жыццё без беларускага мастацтва» (дыскусія). Максім Жбанкоў (культуролаг, кінааналітык, журналіст).

7 сакавіка (серада)

17.30 «Дыскурс сучаснага мастацтва ў дзяржаўных арт-установах» (дыскусія). Вольга Шпарага (філосаф, рэдактар інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», дацэнт ЕГУ).

8 сакавіка (чацвер)

14.00 «Майстэрня жаночай творчасці. Храналогія "жаночага" мастацтва: 2000-я». Ірына Саламаціна (практычны гуманітарый, феміністка, ініцыятар праекту «Гендэрны маршрут: фестываль ідэяў пра поле»).

«Чаму на гэтай выставе няма жанчын-мастачак?» (прэзентацыя + дыскусія). Вольга Шпарага (філосаф, рэдактар інтэрнэт-часопіса «Новая Эўропа», дацэнт ЕГУ).

9 сакавіка (пятніца)

15.00 «Анталогія арт-нулявых. Працягу варта?» (Дыскусія). Вольга Шпарага (філосаф, рэдактар інтэрнэт-часопіса «Новая Эўропа», дацэнт ЕГУ).

10 сакавіка (субота)

17.00 Закрыцьцё выставы, перформанс ад тэатра «D.O.Z.S.K.I.».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула