Пра жанчын і волю
Маленькая ўтопія, навеяная Днём жанчын.
Гэта была невялікая прыватная крамка. На прыгожа аформленых паліцах не было відаць таннага віна, зусім не пахла старым селядцом ці яшчэ нечым марскім, што адразу ўразаецца ў ноздры, калі пераступаеш парог такіх крам. На празрыстым шкле лядоўні з тортамі і рознакаляровымі пірожнымі быў прылеплены сімпатычны малюнак таўстуна з ружовымі шчокамі і напісана вялікімі літарамі: «Ласункі».
Перада мной ў чарзе шыкоўная бландзінка ў сабаліным паўфутры:
— Мне, калі ласка, два фунты кілбасы і з паўфунта сыру «Радзівіл».
— Вам загарнуць, спадарыня?
— Так, будзьце так ласкавы, калі Вам не складана, і яшчэ, калі ласка, тузін ляндрынак
— Калі ласка, шаноўная. З вас 3 талеры і 25 дукатаў.
Прадавачка асцярожна падала запакаваныя ў бліскучую паперу прадукты жанчыне ў футры. А тая перадала талеры з выявамі Янкі Купалы і
— Так, гэта дырэктарка кампаніі «Ветразь». З кім маю гонар? Ах, гэта Вы, спадар Заблоцкі! Не, кантракт па пастаўцы вадкага мыла яшчэ не падпісаны…
Я стаяў і з раскрытым ротам лавіў кожнае слова і кожны рух шыкоўнай дамы ў сабаліным паўфутры, ад якой ля прылаўка застаўся тонкі і прыемны пах дарагой парфумы. Жанчына знікла за дзвярыма крамы.
Белазубая прадавачка, ветліва ўсміхаючыся, звярнулася да мяне:
— Што Вам, панічок?
Я разгубіўся. Не ведаў, што сказаць і ніяк не мог уцяміць, дзе я знаходжуся і што мне патрэбна ў гэтым месцы. Гледзячы на ветлы твар маладжавай жанчыны за прылаўкам, толькі лыпаў вачыма.
Прадавачка ветліва паўтарыла зноў:
— Што Вам, панічок? Салодкага жадаеце ці нечага горкага? — сказала яна, матнуўшы галавой у бок паліцаў з алкаголем. — Свята ж неўзабаве — Дзень Волі…
Я прачнуўся ад здзіўлення і ў халодным поце. На жаль, гэта быў толькі сон. Даволі дзіўны і нечаканы сон. Здаецца, усё добра. Адно… не збыў яшчэ ўсіх бед: мне сняцца сны аб Беларусі!