БЕЛ Ł РУС

МУС: «Чорны спіс? Першы раз чуем»

12.03.2012 / 12:19

nn.by

У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі не ведаюць, чаму апазіцыянераў не выпускаюць за мяжу.

Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун пракаментаваў сітуацыю з «чорным спісам».

Нагадаем, у апошнія дні беларуска-літоўскую мяжу без тлумачэнняў прычын не змаглі пераехаць апазіцыянеры Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, а таксама праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Раней з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што апазіцыянеры, якія заклікалі Захад увесці санкцыі супраць Беларусі, трапілі ў адмысловы «чорны спіс».

«Я не ведаю, хто там ім прастаўляў штампы і хто не прапускаў. У нас няма адпаведнай інфармацыі па гэтым пытанні.
Прынамсі, па гэтых фактах мы ніякай інфармацыяй не валодаем», — сказаў Аляксей Бягун.

Паводле Бегуна, звяртацца па тлумачэнні неабходна да тых, хто выносіў рашэнне пра абмежаванне права гэтых людзей на выезд. А звяртацца ў Дэпартамент з гэтай нагоды няма сэнсу.

Праўда, куды трэба пісаць, Аляксей Бягун патлумачыць не здолеў. І прызнаўся, што пра спісы невыязных апазіцыянераў першы раз чуе,
 — паведамляе Еўрарадыё.

***

Нагадаем, што ўчора, 11 сакавіка, на памежным пераходзе з Літвой не выпусцілі з Беларусі праваабаронцу Валянціна Стэфановіча, які разам з жонкай і двума дзецьмі па асабістых справах кіраваўся ў Вільню.

На мяжы яму сказалі, што выезд за мяжу для яго забаронены, — маўляў, ягонае прозвішча значыцца ў базе звестак невыязных грамадзянаў.

Прычыну абмежавання права на выезд Валянціну Стэфановічу памежнікі не ўдакладнілі, параіўшы звяртацца ў аддзел міграцыі і грамадзянства на месцы жыхарства.
Прыблізна тое ж дагэтуль казалі палітыкам Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну, Віктару Карняенку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула