Любоў Кавалёва просіць Лукашэнку прыпыніць на год выкананне прысуду ў дачыненні да яе сына
«Калі ласка, дайце магчымасць майму сыну дачакацца вынікаў разгляду звароту ў ААН».
16 сакавіка Любоў Кавалёва, маці прыгаворанага да смяротнай кары за саўдзел у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва, накіравала замоўленым лістом і па факсімільнай сувязі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот да Аляксандра Лукашэнкі.
Як паведаміла Кавалёва, яна просіць аб прыпыненні выканання смяротнага прысуду ў дачыненні да сына на год.
«Прашу ў парадку забеспячэння рэалізацыі артыкула 61 Канстытуцыі даць даручэнне органу, які згодна з заканадаўствам павінен выконваць пакаранне, прыпыніць выкананне смяротнай кары ў дачыненні да майго сына на адзін год, — гаворыцца ў адозве да кіраўніка дзяржавы. — Спадзяюся, што за гэты час зварот, які знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека, будзе разгледжаны. Калі ласка, дайце магчымасць майму сыну дачакацца вынікаў разгляду звароту ў ААН. Прашу Вас, прыпыніце кару на адзін год».
Сёння Любоў Кавалёва разам з адвакатам сына Станіславам Абразеем зноў будуць спрабаваць атрымаць у СІЗА КДБ інфармацыю пра Уладзіслава Кавалёва, пра тое, дзе ён знаходзіцца, і пра яго стан.
Нагадаем, 14 сакавіка па беларускім тэлебачанні было абвешчана, што кіраўнік дзяржавы адмовіў у памілаванні абвінавачанаму ў тэрарызме Дзмітрыю Канавалаву і абвінавачанаму ў саўдзеле ў тэрарызме Уладзіславу Кавалёву. Яны прыгавораны Вярхоўным судом да смяротнай кары ў тым ліку за ўчыненне тэракта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года.