Ромні абурыўся тым, што ілюмінатары ў самалётах не адчыняюцца
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Міт Ромні на сустрэчы з патэнцыйнымі спонсарамі абурыўся тым, што пасажыры не могуць адкрыць «вокны» ў самалёце.
Як тлумачыць The Telegraph, Ромні казаў пра вымушаную аварыйную пасадку самалёта, у якім знаходзілася яго жонка, 22 верасня.
Кандыдат у прэзідэнты разважаў пра тое, што яго жонцы было б нашмат лягчэй перажыць стрэс, калі б ілюмінатары ў самалёце адкрываліся і яна магла дыхаць свежым паветрам падчас пажару.
«Калі ў самалёце пажар і вам няма куды ісці, вы не можаце дыхаць, бо ілюмінатары не адчыняюцца, і паветра звонку не можа трапіць у салон. Я не разумею, чаму яны не адчыняюцца.Гэта рэальная праблема. І гэта вельмі небяспечна. Яна задыхалася, працірала вочы. На шчасце, кіслароду было дастаткова для пілота і другога пілота, каб здзейсніць бяспечную пасадку ў Дэнверы. Але цяпер яна ў парадку», — сказаў Ромні.
Самалёт з Эн Ромні здзейсніў экстраную пасадку ў Дэнверы днём у пятніцу. У салоне самалёта адбылося ўзгаранне. Імаверна, прычынай стала кароткае замыканне.