БЕЛ Ł РУС

Работнік МТЗ выкраў з прадпрыемства 18 тон ліставой сталі

25.10.2012 / 14:34

БелаПАН

Крымінальная справа за крадзеж у асабліва буйным памеры распачата ў дачыненні да 29-гадовага работніка Мінскага трактарнага завода, які займаўся пастаўкамі металу ў адрас Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў. Ён падазраецца ў крадзяжы з МТЗ 18 тон ліставой сталі.

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, падрыхтаваўшы загадзя неабходную дакументацыю (падробленую), мужчына папрасіў свайго калегу аформіць адгрузку металу на Бабруйскі завод, нібыта па ўказанні кіраўніцтва прадпрыемства. Той згадзіўся. Праўда, у бланку адсутнічаў адзін з подпісаў, які падазроны потым падрабіў. Таксама ён дамовіўся аб транспарціроўцы сталі. Не падазраючы нічога кепскага, гэтую місію за 500 долараў узяў на сябе вадзіцель грузавіка, які накіроўваўся ў Бабруйск.

Работнікі склада, праверыўшы фальшывую дакументацыю і не ўгледзеўшы падману, загрузілі неабходную колькасць металу. Затым грузавік паехаў у бок Бабруйска, дзе за некалькі кіламетраў да горада павярнуў у вёску і разгрузіўся.

На наступны дзень зламыснік пад маркай аказання дапамогі ўзяўся аднесці дакументы кладаўшчыцы ў бухгалтэрыю. Жанчына без падазрэнняў перадала накладныя калегу, які па шляху знішчыў зробленую ім жа падробленую накладную. Аднак праз некаторы час кладаўшчыца вырашыла ўдакладніць у партнёраў з Бабруйска, ці прынялі яны груз. Пачуўшы, што ніякага ліставога металу яны не атрымлівалі, жанчына забіла трывогу.

Падчас правядзення комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Партызанскага РУУС сталіцы выкрадзены метал быў знойдзены ў вёсцы Бярозавічы Бабруйскага раёна, а яго выкрадальнік затрыманы. Спачатку мужчына адмаўляў сваю віну, але пазней прызнаўся і патлумачыў, што выкрадзеныя 18 тон металу коштам амаль 140 мільёнаў рублёў хацеў прадаць па сходнай цане.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула