БЕЛ Ł РУС

На «БелАЗе» выяўлена каля сотні фіктыўных дамоваў на жыллё

31.10.2012 / 09:47

Супрацоўнікі АБЭЗ Жодзінскага ГАУС выявілі на ААТ «БелАЗ» 95 фіктыўных дамоваў, заключаных работнікамі прадпрыемства.

Начальнік АБЭЗ Жодзінскага ГАУС Валерый Астаповіч пацвердзіў, што такі факт сапраўды меў месца, але катэгарычна адмовіўся паведамляць падрабязнасці. Паводле яго словаў, даць інфармацыю па справе можа толькі УУС Мінаблвыканкама ў тым аб’ёме, у якім палічыць патрэбным. Між тым на самім прадпрыемстве ўжо шмат што кажуць.

Як здолеў высветліць «Ежедневник», у выніку праведзенай праверкі АБЭЗ Жодзінскага ГАУС выявіў на прадпрыемстве 95 фіктыўных дамоваў найму жылых памяшканняў, якія работнікі завода заключылі на 2012 год. Кожная такая дамова давала права на атрыманне кампенсацыі з боку ААТ «БелАЗ» у памеры 515 тыс. рублёў. Іншымі словамі, штомесяц прадпрыемства страчвала амаль 49 мільёнаў рублёў. Як адрапартаваў ў МУС АБЭЗ Жодзінскага ГАУС, у выніку прынятых мераў атрымалася прадухіліць нанясенне заводу шкоды на суму больш за 580 мільёнаў рублёў. І гэта толькі за адзін 2012 год. Ва ўсіх работнікаў, якія ў 2012 годзе паспелі атрымаць кампенсацыю, грошы будуць вылічаныя з заробку.

Між тым крыніцы на прадпрыемстве расказалі, што практыка атрымання кампенсацыі за здыманне кватэры работнікамі «БелАЗа» выкарыстоўвалася ўжо даўно. Але зараз будзе досыць складана праверыць, якія з прадстаўленых дамоваў былі рэальнымі, а якія — фіктыўнымі. Таксама складана высветліць, ці мела свой інтарэс у гэтай афёры адміністрацыя прадпрыемства. Як кажуць на заводзе, такая масавая падача ў бухгалтэрыю фіктыўных дамоваў проста не магла прайсці незаўважанай той жа бухгалтэрыяй і службай бяспекі «БелАЗа», якая, між іншым, там вельмі сур’ёзная. Паводле адной з версій, якая ходзіць на заводзе, адміністрацыя закрывала на гэта вочы, выкарыстоўваючы гэты фінт як адзін са спосабаў павышэння даходаў работнікаў.

Зрэшты, як рэальна ішлі справы з гэтымі махінацыямі, зможа высветліць толькі расследаванне. Але пакуль незразумела, ці ідзе яно і ці будзе наогул. Начальнік АБЭЗ Жодзінскага ГАУС катэгарычна адмовіўся адказваць на гэтае пытанне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула