БЕЛ Ł РУС

Крыўдныя словы на абразы не цягнуць

31.10.2012 / 12:36

Што рабіць, калі цябе абразілі? Пісаць заяву ў міліцыю? Балазе ў беларускім заканадаўстве артыкула за абразу ёсць і ў Адміністрацыйным, і ў Крымінальным кодэксе.

Давайце паспрабуем разабрацца, што канкрэтна ёсць абразай у юрыдычным, а не ў агульначалавечым сэнсе. Таму што гэта далёка не адно і тое ж. Аказваецца, можна, кіруючыся трыма правіламі (не абражаць нецэнзурна, не называць чалавека наўпрост і характарызаваць яго дзеянні, а не асобу), крыўдзіць людзей направа і налева, не парушаючы закона.

Жыхарка Брэста Ганна (імя змененае — рэд.) вырашыла пакараць крыўдзіцеляў, якія на адным з сайтаў назвалі яе «хрушкай» і ўзнагародзілі шэрагам іншых непрыемных характарыстык. Заява ў міліцыю была пададзеная, працэс па прыцягненні да адказу запушчаны. Але, як высветлілася, не ўсё так проста і адназначна.

Ускладнялася справа тым, што спачатку трэба было высветліць асобы тых, хто напісаў каментары. Аднак галоўная загвоздка была не ў гэтым. Вызначыць, ці была абраза, мусіць лінгвістычная экспертыза, аплаціць якую трэба самой Ганне.

Але ўжо цяпер кандыдат філалагічных навук, дэкан філфака БрДУ імя Пушкіна Вольга Фелькіна, якая праводзіць лінгвістычныя экспертызы па факце абразы больш за 10 гадоў, кажа, што Ганну зусім не абразілі.

«Абраза з бытавога пункту гледжання і з юрыдычнага пункту гледжання — гэта розныя рэчы, — тлумачыць эксперт. — У тым, што Ганна палічыла абразай, ёсць крыўдныя словы. Але гэта не абраза».

«Дурніца» — слова непрыемнае, але прыстойнае

«Гадзюка», «дурнічка» — гэта не абразы. А тое, што ёсць абразай, я не магу сказаць. Калі адна суседка назвала іншую дурніцай, яна, несумненна, прынізіла гонар і годнасць апошняй, таму што выказала сумнеў у яе разумовых здольнасцях. Але з пункту гледжання Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальнага кодэкса РБ, гэта не абраза. Таму што ў кодэксах абраза трактуецца як прыніжэнне гонару і годнасці, выказанае ў непрыстойнай форме. А слова «дурніца», можа, і непрыемнае, але прыстойнае, — тлумачыць Вольга Фелькіна. — Непрыстойныя форма можа трактавацца па-рознаму. Несумненна, непрыстойныя ў любой маўленчай сітуацыі абсцэнныя словы, гэта значыць тыя, якія інтэлігентны чалавек не ўжывае і нават малаінтэлігентны імкнецца не ўжываць пры дзецях і жанчынах. Усё астатняе — жаргонныя, прастамоўныя словы».

Паводле словаў спецыяліста, тут узнікаюць сумневы, і вялікую ролю адыгрывае моўная сітуацыя. Адно і тое ж слова, прамоўленае на кухні ці, напрыклад, на сесіі парламента, будзе мець розную ступень непрыстойнасці.

Атрымліваецца, што па законе, калі цябе крыўдна абазвалі, але зрабілі гэта ў рамках цэнзуры, то складу злачынства няма. І нават калі было выкарыстанае непрыстойнае слова, гарантыі, што гэта прызнаюць абразай, таксама няма.

Галоўнае — не «тыкаць»

«Многія людзі ходзяць па вуліцы, размаўляюць пра нешта сваё, выкарыстоўваючы нецэнзурныя словы. Гэта значыць, яны ўжываюць непрыстойныя выразы, але гэта не абраза, калі слова ўжытае для выказвання эмоцый і не мае на ўвазе канкрэтнага чалавека», — кажа Вольга Фелькіна. Гэта іншае правапарушэнне — хуліганства.

Спецыяліст прывяла наступны прыклад: «Калі Кіркораў аблаяў дзяўчыну ў ружовай кофтачцы, была шуміха з нагоды заключэння экспертаў, якія прызналі, што там абразы няма. Ён ужыў абсцэннае слова, але гэта яшчэ не азначае, што быў факт абразы. Слова не характарызавала журналістку. Калі б ён наўпрост назваў яе нецэнзурным словам, то факт абразы прызнаў бы любы эксперт. Але калі слова ўжытае не ў форме „ты — …“, а ў кантэксце, гэта значыць, без наўпростага называння чалавека, то абразай гэта не лічыцца».

Улічваць трэба і фармулёўку. «Ты дурань» і «ты па-дурному сябе паводзіш» — таксама розныя рэчы. Першае — гэта прыніжэнне гонару і годнасці, характарыстыка асобы, а другое — не прыніжэнне, бо гэта ацэнка паводзін. Прытым што сказана быццам адно і тое ж», — тлумачыць Вольга Антонаўна.

З самімі непрыстойнымі словамі таксама ўзнікае пытанне: якое нецэнзурнае, а якое цэнзурнае? «Ёсць словы, якія любы носьбіт мовы палічыць нецэнзурнымі, але гэта якія-небудзь 5 каранёў, ад якіх утворана ўсё астатняе. Калі можна спаслацца на адпаведныя слоўнікі, тады рашэнне несумненнае», — кажа спецыяліст.

Праводзячы экспертызы, Вольга Фелькіна карыстаецца рознымі слоўнікамі — як нарматыўнымі, так і слоўнікамі жаргоннай лексікі і г.д. У заключэнні павінныя быць спасылкі, азначэнні, пазнакі. Калі ў слоўніку няма памёт «лаянкавае», «прастамоўнае», няма падставаў лічыць яго непрыстойным.

980 крыўдзіцеляў за год трапілі пад суд

Суразмоўца адзначае, што гадоў дзесяць таму экспертызы былі адзінкавыя: два-тры звароты ў год. Цяпер — каля дзясятка, і гэта толькі тыя, якія робяць на філфаку.

Назіраючы за сітуацыяй многія гады, Вольга Фелькіна рэзюмуе: «Абразы адбываюцца значна радзей з пункту гледжання юрыдычнага, чым бытавога. На пытанне: „Ці была абраза?“ — вялікая частка экспертыз дае адмоўны адказ».

Паводле словаў старшага інспектара ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрыя Казарэза, лінгвістычная экспертыза прызначаецца на этапе правядзення праверкі праваахоўных органаў толькі ў тым выпадку, калі абвінавачаная асоба не прызнае сваёй віны. Калі лінгвіст не пацвярджае факту абразы, адміністрацыйны працэс спыняецца. Дзмітрый Казарэз адзначае, што часта сустракаюцца выпадкі прымірэння бакоў. Тым не менш сёлета ў Брэсцкай вобласці за абразу да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 977 чалавек, да крымінальнай — 3. Падчас судовага працэсу экспертыза можа прызначацца паўторна.

Дарэчы, правядзенне экспертыз у РБ — ліцэнзаваная дзейнасць. Але, як тлумачыць начальнік філіяла судовых экспертыз у Брэсцкай вобласці Уладзімір Гаравы, суд у разавым парадку можа даручыць правядзенне экспертызы лінгвісту з адпаведнай ступенню (кандыдату навук, прафесару), які не мае ліцэнзіі. Тады лінгвіст выступае не ў якасці эксперта, а проста як спецыяліст.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула