БЕЛ Ł РУС

Спорт

26.12.2000 / 13:00

Nashaniva.com

№ 51 (208), 18 — 26 сьнежня 2000 г.


 Спорт

Надзярэм усіх!

Хакейная дружына добра разьмялася на міжнародным турніры
ў Славаччыне

Супернікамі нашых у карпацкім Трэнчыне былі гаспадары – віцэ-чэмпіёны сьвету, швайцарцы ды нарвежцы. Нашы прайгралі славакам 0:1, згулялі ўнічыю з швайцарцамі 1:1 ды на разьвітаньне зрабілі нарвэскую адбіўную па-беларуску – 4:1!

Праз паўтара месяца нашую каманду чакае адбор на Алімпіяду ў Солт-Лейк-Сіці’2002. Каб забіць сабе месца на амэрыканскім лёдзе, трэ будзе 8—11 лютага ў Осла стрэцца зь немцамі, украінцамі ды нарвэжцамі і спакойненька знайсьці аднаго лішняга. Астатнія трое змогуць сьніць далёкае Салёнае возера.

Чэмпіянат сьвету пачнецца пры канцы красавіка ў Нямеччыне. На папярэднім этапе беларусы будуць гуляць у адной абойме з чэхамі, немцамі ды швайцарцамі. Да вясны яшчэ – да Перуна часу, а во нашай моладзевай брыгадзе засталося каля тыдня да пачатку чэмпіянату сьвету ў групе А, які пачнецца ў Маскве ды Падольску ў II-м тысячагодзьдзі, а скончыцца ўжо ў III-м. Там мы пазмагаемся з гаспадарамі, канадцамі, швайцарцамі ды фінамі. Супернікі — на любы густ, ды ўсіх іх трэба драць. Між іншым, дзеля разагрэву перад візытам у Масковію беларусы ў Менску згуляюць два матчы з адмысловай зборнай расейскай сталіцы.

Наймалодшая ж зборная – юніёрская — увесну паднатужыцца ў першым дывізыёне чэмпіянату сьвету, каб вярнуць Беларусь у эліту. Ганьба, калі замест нас туды ўскочаць датчане, японцы ці карэйцы. Усе хакейныя каманды будуць браць прыклад зь біятляніста Сашурына, які на гэтым тыдні выйграў першы беларускі мэдаль у сэзоне.

Багдан Арлоў


Чытайце таксама:

Каментары да артыкула