Свабода па цане адпачынку
№ 31 (293), 23 жніўня 2002 г.
Свабода па цане адпачынку
Салідарны сыход супрацоўнікаў часопісаў “Полымя”, “Крыніца”, “Нёман” пасьля стварэньня літаратурна-выдавецкага холдынгу на чале з лукашыстамі-славянафіламі стаў самай гучнай культурнай падзеяй вясны. Дэмарш літаратараў паклаў пачатак цэлай сэрыі скандалаў у холдынгу, якія не сьціхаюць дагэтуль. Якую цану заплацілі літаратары за свой маральны выбар — у духоўным сэнсе, у матэрыяльным? Чым жывуць гэтыя людзі сёньня?
Супрацоўнікі “Нёману” і “Полымя” пакуль беспрацоўныя, бо толькі 5 жніўня афіцыйна былі звольненыя з сваіх выданьняў. А на працягу папярэдніх трох месяцаў часопісы трэсьлі бясконцыя фінансавыя праверкі. Дарма гэтая напруга для пісьменьнікаў не прайшла, асабліва для “нёманцаў”: Алесь Жук зноў зьлёг з сваім хворым сэрцам, Валянцін Болтач трапіў у лякарню з інфарктам.
Сёньня Алесь Жук яшчэ фармальна выконвае абавязкі галоўнага рэдактара: загаду аб ягоным звальненьні не было. “Я ў незразумелым становішчы, — кажа ён. — Нібыта ўжо не кірую, але права подпісу дакумэнтаў у банку застаецца за мною”.
“Палымянцы” Сяргей Законьнікаў і Барыс Пятровіч ствараюць новыя часопісы. Пра будучыя выданьні яны распавядаць пакуль ня хочуць: калі зьявіцца нешта пэўнае, тады й будзе пра што пагаварыць.
“Крынічанцы” таксама збольшага беспрацоўныя. Леанід Галубовіч чаргуе ад’езды ў роднае Вароніна з падрыхтоўкаю праграмаў для радыё “Свабода”, заснаваных на матэрыялах, якія аўтары пазабіралі з разгромленых выданьняў. Анатоль Сідарэвіч днямі праседжвае ў Нацыянальнай бібліятэцы, апрацоўваючы пэрыёдыку 20—30-х. Кажа, што ўжо сёньня мае 50 выдавецкіх аркушаў твораў Антона Луцкевіча, адкрыў зь дзясятак ягоных невядомых раней псэўданімаў і крыптанімаў. Гэта матэрыял для цэлай кнігі аднаго з бацькоў беларускай дзяржаўнасьці. Дамоўленасьць пра публікацыю такога тому ў “Кнігазборы” ўжо ёсьць. Генадзь Вінярскі, рэдактар найбуйнейшага беларускамоўнага выдавецтва, упэўнены, што кніга А.Луцкевіча стане бэстсэлерам. Апроч таго, сп.Сідарэвіч складае падрабязную хроніку існаваньня БНР — менскага і часткова віленскага пэрыяду.
Не ўладкаваліся на працу ні былая рэдактарка часопісу “Крыніца” Ала Канапелька, ні Галіна Дубянецкая, ні Алесь Астраўцоў... Наагул, “крынічанцы” дарма што звольніліся раней за сваіх калегаў зь іншых выданьняў, але грошы атрымалі разам з усімі — на пачатку жніўня. Грошы на пражыцьцё на нейкі час ёсьць. Наколькі хутка ўдасца знайсьці працу — ніхто ня ведае. Г.Дубянецкая, напрыклад, кажа, што для яе стан беспрацоўя досыць звыклы: “Я ж і раней не заўсёды мела пастаянную працу. Пакуль што не хачу і думаць, дзе працаваць”.
Валянціну Акудовічу ў матэрыяльным пляне прасьцей: ён ужо гады са два як працуе кладаўніком у турыстычнай фірме, спалучаючы з гэтым працу на палову стаўкі ў “Крыніцы”.
На “абноўленыя” літаратурныя часопісы іх былыя супрацоўнікі глядзяць крытычна. “Нават пры камуністах не было такога, каб у літаратурна-мастацкім выданьні друкавалі артыкул генэральнага сакратара. Кіраўніцтва разумела, што такое літаратурна-мастацкі часопіс”, — кажа А.Сідарэвіч.
Выспачка цнатлівасьці
ў бардэлі
В.Акудовіч найбольш шкадуе “Полымя”: “Усе цяперашнія літаратары выйшлі з “Полымя”. Не было б гэтыя 70 гадоў “Полымя” і іншых часопісаў, малюнак нашай літаратуры быў бы больш сумным. Тое, што адбылося, канцэптуальна памяняла нашую літаратурную сытуацыю. Хоць сам літаратурны працэс нечакана вельмі ажывіўся. Праўда, гэта нейкі нездаровы “ажыўляж”. Усе кінуліся ствараць часопісы: мне прапаноўвалі ўдзел у шасьці літаратурных праектах. Калі хоць адзін-два зь іх застанецца, будзе вельмі добра”.
Былая супрацоўніца “Нёману” Ірына Шаўлякова таксама ня дужа аптымістычна ацэньвае цяперашні стан дзяржаўных літаратурна-мастацкіх выданьняў: “Разьлічваць на тое, што ў “Полымі” ці “Маладосьці” будуць рабіць сапраўдную літаратуру, — тое самае, што імкнуцца знайсьці, як сказала адна калега, выспачку цнатлівасьці ў бардэлі”.
Дык дзе ж друкавацца літаратарам, што адмовіліся працаваць у холдынгу? Мо наступіць на горла ўласнай песьні ды прапанаваць свае творы ў холдынг?
В.Акудовіч лічыць такі шлях непрымальным: “Мяне зараз калом не загоніш ні ў адно з гэтых выданьняў. Калі б там была нармальная замена рэдактараў, звычайная ратацыя — дык зусім іншая рэч. Але ж... Гвалтам здымаюць Далідовіча — і бяжыць сесьці ў ягонае крэсла Баравікова. Гвалтам здымаюць Законьнікава — і ў ягонае крэсла адразу бяжыць сядаць ягоны сябра Мятліцкі, якога публічна ўжо не аднойчы назвалі “сексотам”, а ён гэта не абвяргае, не падае ні на кога ў суд.
Калі хтосьці лічыць для сябе нармальным друкавацца ў людзей непрафэсійных, некампэтэнтных і амаральных — гэта яго права”.
Г.Дубянецкая таксама адмаўляецца супрацоўнічаць з холдынгавымі часопісамі: “Я і раней працавала толькі з “Крыніцай”, а цяпер...”
Хай сьпярша стане паэтам
Ня бачыць сабе месца ў рэфармаваных часопісах і А.Сідарэвіч: “Я ня ведаю такога празаіка, як Ніна Чайка. Вячаслаў Дашкевіч даўно сьпісаўся. Мятліцкі? Хай сьпярша стане паэтам. У коле майго чытаньня такога паэта няма. Да галоўнага рэдактара ён не дацягвае. Галоўны рэдактар мусіць быць настаўнікам альбо ў літаратуры, альбо ў жыцьці. Чаму мяне можа навучыць Мятліцкі? Мне было б сорамна, калі б маё імя стаяла ў тым сёмым-восьмым нумары “Крыніцы”, які нядаўна ўбачыў сьвет. Я хачу паміраць з чыстым сумленьнем”.
Ірына Шаўлякова больш спакойна ставіцца да практычна незакранутага “ЛіМу”. Аднак з часопісамі таксама не пагаджаецца супрацоўнічаць: “Вядома, шлях у холдынгавыя выданьні цяпер закрыты. Калі сыходзіш зь “Нёману”, навошта ісьці ў іншае выданьне таго ж холдынгу?”
Для А.Жука сытуацыя зь “Нёманам” пакуль што не зусім зразумелая: “Магчыма, калі прыйдзе іншы рэдактар, менш адыёзны, чым цяперашні, частка калектыву і вернецца. Зрэшты, я не магу прадказваць”.
Што рабіць далей
У В.Акудовіча вялізныя творчыя пляны: “Хацеў бы дапамагчы часопісу “Nihil”. Раблю з студэнтамі Беларускага калегіюму другі нумар часопісу “Паміж”. Удзельнічаю ў розных кніжных праектах. Вельмі хачу, каб хутчэй выйшаў амаль падрыхтаваны праект “Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня”. Там сабраныя найлепшыя філязофскія і культуралягічныя тэксты, якія зьяўляліся ў розных выданьнях цягам апошняга дзесяцігодзьдзя”.
У Галіны Дубянецкай засталіся два пакуль не ажыцьцёўленыя праекты ад часу працы ў “Крыніцы”: “Гэта два праекты перакладной прозы. Мяркую, што яны таксама пабачаць сьвет. Прынамсі, я ўжо маю прапанову наконт часопіснага выданьня аднаго з гэтых праектаў. Потым ён, верагодна, выйдзе асобнай кнігай”.
Больш скептычна ставіцца да выданьня сваіх творчых набыткаў А.Сідарэвіч: “Пішу ў шуфляду, бо няма людзей, зацікаўленых у выданьні тых матэрыялаў, якія я маю. У Антона Луцкевіча, кажуць, шмат сваякоў, але ніхто зь іх не прапанаваў мне выдаць ані ягоныя творы, ані ягоную біяграфію. Цяперашняй Радзе БНР таксама не патрэбная хроніка той Рады, якая абвяшчала БНР”.
А.Сідарэвіч рэзкі ў сваіх ацэнках. У гэтым ён тыповы інтэлігент. Робіць справу, кіруецца сумленьнем, плюе на грошы. Затое мае свабоду творчасьці і выказваньняў.
Не бядуюць і супрацоўнікі холдынгу. Яны казыраюць тым, што Касьцян напавер аказаўся нацыянал-камуністам, а ягоныя памочнікі-бэпээсэмаўцы абцерліся і больш не перашкаджаюць працаваць сваімі бязглуздымі прапановамі — наадварот, акумулююць ідэі, якія нібыта здольныя надаць новае дыханьне саслабелым літвыданьням. “ЛіМу” абяцаюць пераход на 24 старонкі з Новага году, “Нёману” — новага, не адыёзнага рэдактара. І толькі выхад “Крыніцы” будзе замарожаны да наступнага году. Ніводзін зь пісьменьнікаў-бунтароў пакуль не знайшоў сабе справы ў незалежных выданьнях. Таму нельга выключаць вяртаньня кагосьці зь іх у холдынг. У ранейшы стан унутранай апазыцыі. Апазыцыі свайму ж “я”.
Аркадзь Шанскі