БЕЛ Ł РУС

Хроніка

4.03.2005 / 13:00

Nashaniva.com

16 лютага Валеру Леванеўскаму адміністрацыя Магілёўскай калёніі №19 адмовілася замяніць меру пакараньня з турэмнага зьняволеньня на папраўчыя работы: ён лічыцца «злосным парушальнікам дысцыпліны». 28 лютага яго перавялі ў калёнію №22 у пасёлку Даманава Івацэвіцкага раёну, дзе яго ўтрымлівалі раней.

Слуцкі гарадзкі суд 16 лютага аднавіў на працы эканаміста-рэвізора ААТ «Слуцак-Модуль», актывіста РЭП Усевалада Сьцяцова, незаконна звольненага 11 кастрычніка 2004 г.

Супрацоўнікі падатковай інспэкцыі 22 лютага правяралі офіс Зьмітра Салаўёва з Наваполацку: іх цікавіла, ці не аказвае праваабаронца платных юрыдычных паслуг.

23 лютага Мінюст вынес афіцыйнае папярэджаньне на адрас ТБМ: арганізацыю вінавацяць у тым, што шэраг суполак маюць юрыдычныя адрасы ў жылых памяшканьнях.

Гарадзенскі абласны гаспадарчы суд 23 лютага пастанавіў выселіць з памяшканьняў абласную, а таксама Ленінскую раённую Рады БНФ цягам дзесяці дзён. 8 лютага гаспадарчы суд паставіў выселіць з таго ж будынку гарадзкую і абласную арганізацыі ПКБ.

З заявай да пракурора Менску 23 лютага зьвярнуўся жыхар Віцебску Міхал Землякоў. Ён патрабуе вярнуць маёмасьць, канфіскаваную ў 2001 г. у ягонага сына Юрася, сябра патрыятычнай арганізацыі «Край».

23 лютага Менская гарадзкая пракуратура на месяц падоўжыла тэрмін сьледзтва па крымінальнай справе аб абвінавачваньні намесьніка старшыні БХК Гары Паганяйлы ў паклёпе на прэзыдэнта.

Суд Цэнтральнага раёну Менску 23 лютага адхіліў скаргу адваката Антона Філімонава — сына забітай у кастрычніку журналісткі Веранікі Чаркасавай; адвакат дамагаўся адмены рашэньня менскай пракуратуры аб прызначэньні хлопцу псыхіятрычнай экспэртызы. Судовае пасяджэньне было закрытым і доўжылася каля сарака хвілін.

Актывіст прафсаюзу РЭПАМ Юры Курганскі з Горадні 23 лютага атрымаў ад суду папярэджаньне і штраф у тры базавыя велічыні (72 тыс.) за хадайніцтвы пра адвод судзьдзі: суд палічыў, што Курганскі зацягвае працэс. Прафсаюзны актывіст абскарджвае рашэньне, паводле якога яго аштрафавалі на 5 б.в. за распаўсюд «незарэгістраванага выданьня» — прафсаюзнага бюлетэню.

24 лютага ЦВК пацьвердзіла рашэньне акруговай камісіі Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акругі №52 пра адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты Сяргею Скрабцу і намесьніку старшыні АГП Яраславу Раманчуку. 28 рашэньне наконт С.Скрабца пацьвердзіў Вярхоўны суд. 27 лютага Скрабца затрымалі ў Горадні, а 28 асудзілі на 200 б.в. (4 млн 800 тыс.), абвінаваціўшы ў арганізацыі мітынгу гарадзенскіх прадпрымальнікаў 10 лютага.

Адміністрацыя УП «Лёс» (г.Барань Аршанскага раёну) 24 лютага паведаміла актывісту Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандру Курносенку пра звальненьне ў сувязі з заканчэньнем кантракту. Дагэтуль ён ня меў спагнаньняў па працы.

Сяргея Антончыка 24 лютага судзьдзя Аксана Рэлява з суду Савецкага раёну Менску аштрафавала на 150 б.в. (3 млн 600 тыс.) за парушэньне грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавага мерапрыемства на прыватнай кватэры.

Старшыню ПБНФ Вінцука Вячорку 24 лютага дапыталі ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе па факце прэс-канфэрэнцыі 15 кастрычніка 2004 г., якую давалі лідэры кааліцыі «5+».

Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску распачала 25 лютага крымінальныя справы на экс-кандыдатаў у дэпутаты Аляксандра Цынкевіча (АГП) і Алега Воўчака (БСДГ): іх вінавацяць у паклёпе на прэзыдэнта, распаўсюджаным празь перадвыбарчыя ўлёткі.

Жаночае грамадзкае аб’яднаньне «Любава» з Горак 25 лютага атрымала папярэджаньне ад Магілёўскай абласной управы юстыцыі за тое, што юрыдычны адрас арганізацыі знаходзіцца ў шматкватэрным доме. Актывісткі арганізацыі зьдзіўленыя, бо маюць юрадрас у прыватным доме, які мае два асобныя выхады, як і прадугледжана законам.

25 лютага зь Берасьцейскай мытні звольнілі актывіста БСДП (НГ) Васіля Ваўранюка, які адпрацаваў у мытных органах 24 гады. Ён пэўны, што праз палітыку.

Суд Чыгуначнага раёну Гомелю 25 лютага пастанавіў абмежаваць выезд за межы Беларусі Юліі Марчанцы — дачцэ прадпрымальніцы Тацяны Марчанкі, якая балятавалася ў парлямэнт ад апазыцыі. Пасьля выбараў прыватную друкарню, дзе Ю.Марчанка была дырэктаркай, зачынілі, на яе саму наклалі штраф больш за 40 млн руб. З гэтай прычыны й прынятае абмежаваньне.

Ігара Пальчыкава затрымалі ў Менску падчас раздачы ўлётак 25 лютага і ў той самы дзень асудзілі на 30 б.в.

У Менску 25 лютага падчас раздачы ўлётак былі затрыманы студэнткі Крысьціна Слушанская й Ірма Каўфман. Да 28 лютага іх трымалі ў пастарунку, а потым яшчэ асудзілі на 20 б.в. кожную.

27 лютага ў Горадні людзі ў цывільным канфіскавалі з друкарні без пратаколу ўвесь наклад улётак (2200 ас.) кандыдата ў дэпутаты Сяргея Антусевіча (ПБНФ). С.Антусевіч пэўны, што гэта праз жаданьне сарваць ягоную выбарчую кампанію.

У Рэчыцы 27 лютага затрымалі актывіста аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Леаніда Невара. Міліцыянты арыштавалі яго ва ўласным мікрааўтобусе. Калі жонка Невара паспрабавала клікаць на дапамогу, яго самога абвінавацілі ў закліку да масавых беспарадкаў. 28 лютага яго выпусьцілі з аддзяленьня пад падпіску аб нявыезьдзе.

Пінская рэгіянальная друкарня 28 лютага адмовілася друкаваць недзяржаўную газэту «Мясцовы час».

Суд Ленінскага раёну Горадні 28 лютага асудзіў намесьніка старшыні РГА «Пэрспэктыва» Зьмітра Іваноўскага на 15 сутак за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў 10 лютага.

АШ

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула