З усёй краіны
Археолягі ў Слуцку
Слуцак працягвае рыхтавацца да «Дажынак». Цяпер горад выглядае нібы пасьля вайны — усё перарыта. Шмат земляных работ праводзіцца ў гістарычных месцах.
На пасяджэньні штабу па правядзеньні сьвята выносілася прапанова, каб у такіх выпадках у работах бралі ўдзел спэцыялісты па археалёгіі, але на справе выходзіць інакш. І шмат знаходак, магчыма, так і ня дойдзе да вучоных ды спэцыялістаў.
Так, напрыклад, адзін рабочы апавядаў, што ў ходзе раскопак натрапілі на колішняе месца знаходжаньня майстэрні. Але рэшткі скураных ды жалезных вырабаў не падаліся рабочым каштоўнымі. У выніку знаходка была закапана назад у глебу. Гэты выпадак быў апісаны ў мясцовай газэце «Інфакур’ер».
Шмат народу цяперака шчыруе на раскопках рэчышча Случы. Хтосьці здабывае добрую глебу для расады, а хтосьці марыць знайсьці радзівілаўскі скарб. Аднаму хлопцу пашчасьціла знайсьці старажытную сярэбраную манэту. Які лёс чакае гэтую знаходку? Спачатку хлопец хацеў яе прадаць, але цяпер плянуе пераплавіць яе на ланцуг ці пярсьцёнак.
Прыгадваецца выпадак, пачуты мною ў сямідзясятыя ад аднаго сына вайскоўца. Пры грабарскіх работах салдаты будбату знайшлі драўляную скрыню. У ёй сярод некаторых спарахнелых рэчаў знаходзілася некалькі слуцкіх паясоў. Тады існавала палітыка пасылаць служыць у войска далей ад радзімы. Магчыма, тыя хлопцы і ня ведалі пра каштоўнасьць сваёй знаходкі, таму яны знайшлі ёй ужываньне, зыходзячы са сваіх патрэб, — разрэзалі паясы на анучы для ботаў. Калі гэта выявілі камандзіры, цэлых знаходак не засталося. Кавалкі пазабіралі афіцэры сабе на сувэніры.
Вось і цяпер ці захоча які чыноўнік прыпыняць работы ды выбівацца з графіку ў выпадку якой знаходкі? Пры раскопках пад п’едэстал для помніка Леніну былі знойдзены чалавечыя чарапы. Аб знаходцы паведамілі не будаўнікі, а хлапчукі, якія гулялі на месцы раскопак.
Сяржук Кут, Слуцак
Стракаты Першамай у Бабруйску
Раніцай 1 мая на галоўнай плошчы гораду адбыўся мітынг прадстаўнікоў працоўных калектываў з ускладаньнем кветак да помніка правадыру. Пасьля абеду праваслаўныя вернікі зь ліку мітынгоўцаў маглі далучыцца да хроснага ходу на шляху да капліцы ў гонар іконы Божай маці «Ўсіх смуткуючых радасьць» на Менскіх могілках. У свой час будаўніцтва капліцы было забаронена былым «чырвоным мэрам» Уладзімерам Раманоўскім. Побач у піку гэтай будоўлі за нейкі месяц узьнёсься помнік савецкаму салдату на кані, што забівае пікаю зьмея. Помнік у народзе празвалі «канём Раманоўскага».
Увечары таго ж дня ў Палацы мастацтваў адбыўся міжканфэсійны велікодны канцэрт, арганізаваны каталіцкай парафіяй Бабруйску, дабрачыннай арганізацыяй «Крыніца жыцьця» і рухам «One Way».
Міліцыянэр-птушкавод
У лістападзе Бабруйская птушкафабрыка перайшла ў прыватныя рукі. Гаспадаром стаў былы супрацоўнік міліцыі Леван Агаджанян. Адной з умоў продажу было захаваньне колькасьці працоўных месцаў. Але за паўгоду на фабрыцы ня толькі не скарацілі ніводнага чалавека, але і забясьпечылі працай дадаткова яшчэ 110. Узрасьлі і заробкі: сярэдняя зарплата на прадпрыемстве складае 320 тысяч рублёў, а ў часы, калі птушкафабрыка была дзяржаўнай, людзі атрымлівалі зарплату 120—130 тысяч, прычым часьцей за ўсё яна выдавалася натурай — яйкамі.
Надзея Лісоўская, Бабруйск
Адноўлены «Заклік»
Пасьля трохгадовага перапынку аднавіўся выхад касьцюковіцкага інфармацыйнага бюлетэню «Заклік», выдаванага актывістамі БНФ. Выданьню яшчэ далёка да вядучых газэт краіны, але для правінцыйных Касьцюковіч — гэта немалое дасягненьне.
Андрэй Пархоменка, Крычаў
Афрыканскі футбол у Горках
У Горках адбыўся другі міжнародны турнір па міні-футболе на Кубак Садружнасьці, заснаваны год таму эгіпэцкімі студэнтамі. Сёлета ў турніры ўзялі ўдзел 20 камандаў. У фінальным матчы каманда зоаінжынэрнага факультэту Беларускай сельгасакадэміі выйграла па пэнальці ў зборнай нігерыйскіх студэнтаў. Апошнія, нядаўна прыехаўшы ў акадэмію, арганізавалі футбольную каманду, якая рэгулярна трэніруецца на стадыёне БДСГА. Шмат хто зь нігерыйцаў разьлічвае трапіць у беларускія футбольныя клюбы, для чаго нядаўна згулялі таварыскі матч у Магілёве з клюбам вышэйшай лігі «Дняпро-Трансмаш», саступіўшы 0:2.
Эдуард Брокараў, Горкі
Усё як заўсёды
На першамайскім мітынгу ў горадзе над Нёманам было ўсіх патроху — ад піянераў да пэнсіянэраў. Прыцягвалі ўвагу паветраныя балёнікі, якія калыхаліся над натоўпам. Чырвоны і зялёны балёнікі, найбольшыя памерам, трымаліся на нітцы вышэй за іншыя.
Шмат было міліцыі, якая шчыльна абступіла плошчу Леніна і сачыла за перамяшчэньнем людзей. У цэнтры яе зацікаўленасьці былі лідэры мясцовай апазыцыі. Дэпутат гарадзкога савету Сяргей Антусевіч пажартаваў, што «бяз нас ім і работы не было б».
Гучалі прамовы. Кіраўнік абласной прафсаюзнай арганізацыі радасна паведаміў, што народ цягнецца да сваіх абаронцаў-прафсаюзаў, а яны разам зь дзяржорганамі пільна сочаць за захаваньнем працадаўцам правоў рабочага люду. Прадстаўнік працоўнай дынастыі распавёў аб сваіх дасягненьнях і падзякаваў уладзе за магчымасць працягваць заводзкую справу дзеда і прадзеда. Чытаў рабочы з паперкі, таму зьбіваўся, бо сустракаліся незнаёмыя словы, падабраныя невядомым сьпічрайтэрам.
Гэтым разам абышліся бяз шэсьця калён. Дасьведчаныя людзі растлумачылі, што рашэньне аб першамайскім мітынгу было прынятае ў апошнюю хвіліну. Улада ўсё вагалася: сьвяткаваць ці не? А раптам апазыцыя выкіне якое каленца?
Пагаварылі і разышліся. З дынаміка бадзёра гучалі расейскамоўныя мэлёдыі. Па-расейску прамаўлялі і выступоўцы. Усё як заўсёды. Відаць, усе лепшыя сілы будуць кінуты на арганізацыю сьвята
9-га мая. Будзе багата словаў на адрас вэтэранаў вайны, купку якіх правядуць па галоўных вуліцах.
Антон Лабовіч, Горадня
Сталін п’е за перамогу
Выстава, прымеркаваная да 60-годзьдзя Перамогі, адкрылася ў гарадзкой выстаўнай залі Воршы. Тут дэманструюцца жывапіс, графіка ды скульптура з фондаў мясцовага музэйнага комплексу. Прадстаўленыя дакумэнты датаваны 1940—1950 г., прысутнічаюць творы Яўгена Зайцава, Заіра Азгура, Віктара Грамыкі ды інш. Найбольшую цікавасьць у наведнікаў выклікаюць добра зробленыя копіі шматфігурных карцін вядомага некалі ўкраінскага мастака Міхаіла Хмялька «Трыюмф Перамогі» ды «За вялікі расейскі народ», уганараваныя ў 1946 і 1948 гг. Сталінскімі прэміямі. На апошняй адлюстраваны ўрачысты прыём у Крамлі пасьля параду Перамогі. Сярод намаляваных асобаў — Сталін, Молатаў, Кагановіч… Перададзеныя ў другой палове 1950-х г. зь Дзяржмузэю Вялікай Айчыннай вайны ў Менску ў мэмарыяльны музэй К.Заслонава, яны ніколі ў Воршы не выстаўляліся.
Лебедзі ў Барані
Другі год запар жыве ў горадзе Барань (Аршанчына) сям’я белых лебедзяў. Відаць, даспадобы прыйшлася ім тутэйшая рэчка Адроўка. Лебедзі ўжо сталі мясцовай славутасьцю. Жыхары пачалі іх песьціць — увесь час падкормліваць хлебам, што ня дужа добра для птушынага здароўя. А вось баброў, якія таксама «кватаравалі» на Адроўцы, летась пазабівалі баранскія дзецюкі. Кажуць, яны, ня маючы грошай на «Віягру», здабывалі бабровы струмень, які, паводле народнай мэдыцыны, дае мужчынам моц. Дзякуй богу, на лебедзяў пакуль ніхто не замахваўся.
Яўген Жарнасек, Ворша
На таран
На мінулым тыдні ў Баранавічах адбылася жудасная аварыя. На прыцемку, па вуліцы Камсамольскай на вялікай хуткасьці «BMW» уехала ў хвост гарадзкому аўтобусу. Аўтамабіль па лабавое шкло ўлез пад аўтобус, які ад удару праехаў больш за трыццаць мэтраў.
У аўто было пяцёра хлапцоў. Кіроўца загінуў на месцы, пасажыр, што сядзеў побач, ён жа гаспадар машыны, памёр па дарозе ў шпіталь. Яшчэ адзін хлопец сканаў на наступны дзень. Астатнія з рознымі пераломамі і страсеньнямі знаходзяцца ў больніцы. З пасажыраў аўтобуса ніхто не пацярпеў.
Паводле слоў сьведкаў, «Бумэр» нёсься з хуткасьцю больш за
100 кілямэтраў у гадзіну ды без уключанага сьвятла. Паводле некаторых зьвестак, хлопцы вярталіся з бару.
Руслан Равяка, Баранавічы