Навіны сьцісла
Працэс дзевяцёх
У Беластоку ў сераду адбыўся папярэдні разгляд справы сяброў Праграмнай Рады штотыднёвіку «Нiва». Пракуратурай «Беласток—Поўдзень» яны вінавацяцца ў неадпаведным выкарыстаньні бюджэтных сродкаў. «Ніўцы» ўважаюць справу за спробу ўціску беларускага жыцьця ў Польшчы. Паводле заканадаўства, пры ўмове прызнаньня сваёй вiны, сябры Праграмнай рады маглi без разгляду атрымаць мiнiмальнае пакараньне — умоўнае закрыцьцё справы i па 600 злотых штрафу кожны. Але такi падыход iх не задаволiў, будзе суд, артыкул крымiнальнага кодэксу прадугледжвае да васьмi год пазбаўленьня волi. Дзень суду яшчэ ня вызначаны.
Арыштаваны дырэктар «Песьняроў»
Перад 9 траўня ў Менску быў арыштаваны дырэктар «Дзяржаўнага ансамблю «Песьняры» Валер Скаражонак. Паводле «Хартыі, 97», яго вінавацяць у буйных фінансавых растратах. Скаражонак быў прызначаны кіраўніком «Песьняроў» пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна ў студзені 2003 г.
Начная варта музэю
Нацыянальны мастацкі музэй (НММ) у ноч з 14 на 15 траўня, напярэдадні Сусьветнага дня музэяў, будзе адчынены з 21-й да 1-й гадзіны ночы. Галоўныя падзеі разгарнуцца на пляцоўцы перад самім музэем і ў фае: будзе прадстаўлена выстава мастацкай фатаграфіі, а таксама паказ твораў мастакоў бодзі-арту. Адмыслова да гэтай падзеі дырэктар НММ Уладзімер Пракапцоў напісаў карціну «Кажан».
«Ноч музэяў» праводзіцца ў рамках акцыі «Вясна музэяў», у якой удзельнічаюць больш чым 2 тыс. музэяў Эўропы. Беларусь бярэ ўдзел у акцыі другі год.
Ваенны інтэрас
Беларусь не плянуе скарачаць экспарту ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі, заяўляюць ў Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце краіны. Спэцыялісты камітэту ня бачаць «нічога няправільнага» ў тым, што Беларусь прадае лішкі запасаў узбраеньня і ваеннай тэхнікі з рэзэрву Мінабароны на міжнародным рынку. Дзяржваенпрам адзначае, што наша краіна ўвайшла ў дзясятку вядучых экспартэраў узбраеньня ў сьвеце.
Мінюст тармозіць Казуліна
У Міністэрстве юстыцыі заяўляюць, што, як вынікае з пададзеных матэрыялаў, 10 красавіка на пазачарговым зьезьдзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) пытаньне пра аб’яднаньне партыі не разглядалася. Нагадаем, што месяц таму ў Сеньніцы пад Менскам было прынята рашэньне аб уваходжаньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады ў склад БСДП (НГ), кіраўніком аб’яднанай партыі быў абраны Аляксандар Казулін.
Знак рубля
Нацыянальны банк зацьвердзіў графічны знак нацыянальнай валюты. Графічны знак беларускага рубля пададзены ў выглядзе дзьвюх літар лацінскага альфабэту «Br». «В» азначае беларускі, «r» – рубель. На конкурс было пададзена каля пяці тысяч варыянтаў. Пераможца атрымае прэмію ў памеры 50 базавых велічыняў.
АГ; charter97.org, svaboda.org