БЕЛ Ł РУС

Праўда пра нацкамаў

13.05.2005 / 13:00

Nashaniva.com

Мой артыкул «Рызыкоўная барацьба намэнклятуры», як тое і чакалася, выклікаў бурную рэакцыю. Тэкст фактычна заклікаў да перагляду ацэнак развою беларушчыны ў 1920-х гадах, калі ішла кіраваная барацьба за беларускую Беларусь.

За будаўніцтва сваёй краіны. З такога пункту гледжаньня абсалютна відавочна, што «СВБ» існаваў.

Піша Алесь Аркуш.

Працуючы над артыкулам, я карыстаўся выключна агульнадаступнымі крыніцамі — кнігамі і публікацыямі ў пэрыёдыках. Мушу прызнаць, што пры канцы 1980-х — на пачатку 1990-х на гэтую тэму ў беларускім друку зьявілася шмат публікацый, якія да сёньня належным чынам не асэнсаваныя.

Чаму я зацікавіўся гэтай тэмай? Вывучаючы дзейнасьць суполкі полацкіх маладнякоўцаў, я зьвярнуў увагу на тое, што скрозь назіраўся досыць істотны супраціў беларусізацыі. Тая пострасейска-імпэрская інтэлігенцыя, якая засела ў большасьці дзяржаўных ўстаноў рэспублікі, і слухаць не хацела пра нейкую беларускую мову. Супраціў быў і ў самім апараце кіраўніцтва рэспублікі. Сяляне ж не маглі быць дзейнымі суб’ектамі гэтага дзяржаватворнага працэсу.

Ня цяжка заўважыць прыклады таемнай мэтанакіраванай дзейнасьці па каардынацыі працэсу беларусізацыі ў 1920-я гады. Ну, напрыклад, маладых выпускнікоў Белпэдтэхнікуму і чальцоў «Маладняку», згодна з паказаньнямі Алеся Дудара, якія ён даў ГПУ, адбіраў для камандзіраваньня ў рэгіёны партыйны дзеяч «сярэдняй рукі» Алесь Адамовіч. Прычым Адамовіч ніколі не працаваў у наркамасьветы, каб выконваць падобныя даручэньні ад кіраўніцтва рэспублікі. Значыць, нехта яму даручаў гэта рабіць па-за афіцыйнымі партыйнымі сувязямі. Хто даручаў? Ясна, што не Ластоўскі, Цьвікевіч, Смоліч. Нехта з партыйнага краўніцтва, хто мог надалей зацьвердзіць выбраныя надзейныя (у сэнсе нацпытаньня) кандыдатуры і накіраваць іх на «фронт» беларусізацыі. Ці ня сьведчаньне гэта арганізаванай дзейнасьці?

Дый самога Адамовіча накіроўвалі менавіта туды, дзе была патрэба ў «крутым» нацыянальным дзеячу, — на Калініншчыну, Полаччыну (памежныя тэрыторыі, нядаўна далучаныя да рэспублікі).

Ня варта разглядаць асноўную масу белнацкамаў як зацятых прыхільнікаў бальшавіцкай ідэалёгіі. Трэба меркаваць, большасьць зь іх мела цьмянае ўяўленьне пра дагматыку марксізму—ленінізму. Прычым ніхто асабліва і не імкнуўся навучаць камунізму моладзь (асабліва сваю, беларускай «гадоўлі»). Алесь Дудар згадвае: «За ўвесь час існаваньня «Маладняку» яго сябры толькі адзін раз пачулі даклад на палітычную тэму — гэта быў даклад Крыніцкага на 1-м зьездзе «Маладняку» ў лістападзе 1925 году».

Ня цяжка растлумачыць і тое, чаму ГПУ на чале «СВБ» ставіла менавіта дзеячаў БНР. Зь іх боку засьведчыць, што «СВБ» кіравалася людзьмі з партыйных кабінэтаў, — гэта фактычна прызнаць, што ўсе беларускія партыйныя вярхі — «ворагі народу». Маўляў, куды глядзелі? Гэта тое самае, што сказаць праўду пра сьмерць Кірава. Вораг павінен быць знадворны, зразумелы, выразна акрэсьлены.

Мае рацыю Анатоль Сідарэвіч, калі піша, што многія старэйшыя белнацкамы — Чарвякоў, Ігнатоўскі, Жылуновіч — былі абу-джаныя да беларускай працы газэтай «Наша Ніва» і дзейнасьцю такіх адраджэнцаў ды палітыкаў, як Антон Луцкевіч. Яны практычна рабілі тое самае — стваралі нацыянальную краіну, але спрабавалі рушыць іншым, на іх думку, больш прагматычным і эфэктыўным шляхам.

У артыкуле «Трыюмвіры, або Помнік камісарам» сп.Сідарэвіч слушна згадвае, што Антон Луцкевіч называў Чарвякова і Жылуновіча «праўдзівымі беларусамі». Сам Чарвякоў на старонках часопісу «Полымя» (1928. №10.) залучае Цішку Гартнага (літаратурны псэўданім Жылуновіча. — А.А.) «да плеяды «нашаніўскіх адраджэнцаў» або тых удзельнікаў ды кіраўнікоў нацыянальна-рэвалюцыйнага беларускага руху, што ідэалам сваёй рэвалюцыйнай працы і змаганьня лічылі дзяржаўнае адраджэньне Беларусі (вылучана мной. — А.А.)». Менавіта так сам Чарвякоў фармулюе галоўную, першасную задачу, якая стаіць перад маладой рэспублікай.

Што тычыцца Антона Баліцкага. Пасьля ягонага зьняцьця з пасады наркама асьветы і азьвярэлага шальмаваньня ў друку Баліцкі зьяжджае зь Менску. Спачатку «ўладкаваўся на завод імя С.Ланцуцкага, потым настаўнічаў недалёка ад Гомелю (Н.Васіліўская. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызьме. Менск: Навука і тэхніка, 1995). Таму, калі пачаліся арышты, Баліцкі аніяк ня мог быць сярод першых ахвяраў. Вядома, гэпэушнікам яго трэба было пашукаць. Ведаю прыклады, калі асобным «нацдэмам» удавалася ўцячы ў правінцыю і схавацца-выжыць. Так здарылася, напрыклад, з выкладчыкам Полацкага пэдтэхнікуму Іванам Шчасным, бацькам мастачкі Нінэль Шчаснай. Яго папярэдзілі добрыя людзі, і сям’я Шчасных адразу ўвечары, як толькі гаспадар пачуў перасьцярогу, села на цягнік і зьехала на Смаленшчыну, схавалася ў глухім мястэчку. Абышлося. Вядома, Шчасны не Баліцкі, і наўрад ці яго старанна шукалі.

Калі нават дапусьціць, што адбывалася звычайная барацьба ўнутры кіраўніцтва рэспублікі — «фракцыя беларусаў» (трэба прызнаць, досыць невялікая) змагалася за ўладу з прыхаднямі і паслугачамі-кар’ерыстамі, дык усё адно маем барацьбу за беларускую Беларусь. Толькі паўставаньне беларускай Беларусі гарантавала нацкамам устойлівую ўладу і дзяржаўнае адраджэньне Бацькаўшчыны. Гарантавала самую моцную зброю — удзел народу ў будаўніцтве сваёй краіны.

З такога пункту гледжаньня абсалютна відавочна, што «СВБ» існавала. Што мела свае пляны і задачы. Сваіх кіраўнікоў і шараговых чальцоў.

Справа цяпер за гісторыкамі — сказаць праўду пра нацкамаў.

Ліст наўздагон

Я быў бы некарэктны перад чытачамі і гісторыкамі, калі б, пішучы пра «Саюз вызваленьня Беларусі», затаіў які-небудзь вядомы мне дакумэнт, датычны гэтай справы. Калі я пісаў нарыс «Трыюмвіры, або Помнік камісарам», увесь час меў на ўвеце ліст Антона Луцкевіча да Людмілы Краскоўскай — дачкі Івана Краскоўскага, які таксама праходзіў па «справе» «СВБ». Але так здарылася, што ліст, копію якога мне даў сп.Мікола Трус, я доўга ня мог знайсьці сярод папер. Знайшоў толькі на Сьветлым Тыдні.

І.Краскоўскі быў адным зь першых эмігрантаў, якія выехалі ў БССР. Мала таго, як вынікае з аднаго ліста Ўладзімера Жылкі да Луцкевіча, Краскоўскі, разьвітваючыся ў Празе з прэм’ер-міністрам БНР Аляксандрам Цьвікевічам, ужо ведаў, што і той з часам перабярэцца ў Менск. Можна меркаваць, што Краскоўскі быў пасрэднікам паміж урадам БССР і «групаю Цьвікевіча». Як вядома, ягоная дачка засталася ў Чэхаславакіі.

Ліст паказвае, што матэрыяльныя варункі жыцьця Луцкевіча надта пагоршыліся, што надыходзіў той пэрыяд у яго жыцьці, калі ён «проста галадаў» (Ян Станкевіч). І пры гэтым ня траціў чалавечае прыстойнасьці (сюжэт з шасьцю далярамі красамоўны).

Што ж да вэрсіі «справы» «СВБ», выкладзенай Луцкевічам паводле інфармацыі з трэціх рук, дык яна надта сумнеўная. Пачаць хоць бы з таго, што паміж Луцкевічам і Ластоўскім прабег чорны кот. Набраўшы вастрыні ў 1917 г., канфлікт між імі не ачах да канца іх дзён. Луцкевіч не забываў, што Ластоўскі выступіў супроць рэзалюцыі Віленскае беларускае рады аб разрыве дзяржаўных адносінаў з Расеяй, што спрыяў засылцы ў кола беларускіх незалежнікаў у Менску нямецкага шпіёна (1918), што ў канцы 1918 г. перабраўся ў Коўна і ня браў удзелу ў беларускім дзяржаўным будаўніцтве, што, рэзка павярнуўшы ад кансэрватызму да эсэраўшчыны, стаў на чале альтэрнатыўнага ўраду БНР (13 снежня 1919 г.), што прызнаў права Літвы на Вільню (Генуя, 1922)… Ластоўскі не хаваў варожага стаўленьня да Луцкевіча (вось яшчэ адна прычына, чаму ён ня мог стаць на чале «нацдэмаў»). Луцкевіч мог чытаць той нумар «Зьвязды», у якім апавядалася пра сход у Акадэміі напярэдадні звальненьня Ластоўскага з пасады яе неадменнага сакратара. Калі Ластоўскаму закінулі, што ён знаходзіўся ў цеснай сувязі з Луцкевічамі, акадэмік на ўвесь голас заявіў, што адзін з Луцкевічаў зьяўляецца яго асабістым ворагам.

Давайце канстатуем: Луцкевіч таксама быў слабы чалавек. Думаючы, што ён «бліжэй знае Ластоўскага», Луцкевіч з агаворкамі «зусім магчыма» і «магчыма» быў схільны паверыць у легенду, распрацаваную ГПУ. Тым больш што ў ёй прагучала і прозьвішча Эдмунда Зузэміля — да Першае сусьветнае вайны настаўніка Пінскае гімназіі і нямецкага шпіёна, які потым быў цэнзарам газэты «Гоман» і ўвайшоў у цесны кантакт зь яе рэдактарам Ластоўскім. Гэта Зузэміля пад прозьвішчам Кузьміцкага і з рэкамэндацыйным лістом Ластоўскага заслалі зь Вільні ў менскае кола незалежнікаў…

У гэтым варыянце гэпэушнай легенды (мусіць, дзеля сьціпласьці аўтара ліста) апушчана, што ўсіх эмігрантаў у БССР заслаў кіраўнік штабу «нацфашыстаў» Луцкевіч. Апрача таго, у гэтым варыянце няма сцьверджаньня, што «таемная арганізацыя» існавала да прыезду Ластоўскага ў Менск і што яе «ўзначальваў» Луцкевічаў памочнік ва ўрадзе БНР Сьцяпан Некрашэвіч. Новае ў гэтым варыянце — пра «амбасадарства» Канстанціна Езавітава. Тое, што да «справы» далучылі і яго, кажа пра адно: у генэрала скончыўся пэрыяд зачараванасьці бальшавізмам, «беларусізацыяй» і г.д.

Калі б Луцкевіч чытаў бээсэсэраўскія газэты і часопісы, ён зразумеў бы, хто аўтар «ведамасьцяў», перададзеных яму «пэўным чалавекам», але пэрыёдыкі зь Менску ў Беларускі музэй — і тут пастаралася польская ўлада — траплялі нерэгулярна. Варта, аднак, зацеміць і тое, што ні ў газэце «Наперад!» (1929—1930), ні ў «Беларускім звоне» (1931—1932) Луцкевіч ані разу, наколькі я ведаю, ня ўсклаў віны за расправу 1930—1931 г. на Ластоўскага. Адна справа — дапушчэньні ў прыватным лісьце, другая — публічнае абвінавачаньне. Для яго (і Луцкевіч гэта разумеў) ня мелася дастатковых падстаў.

Анатоль Сідарэвіч

Антон Луцкевіч

Ліст да Людмілы Краскоўскай

Паненачка!

Толькі цяпер прачытаў я Вашую адкрытку, бо прыйшла яна якраз пасьля майго выезду на вёску і ляжала на маім пісьменным стале ў горадзе па сягоньняшні дзень. Даўно я дапытываўся Ваш адрас, бо хацеў пераслаць Вам $6 за трумо, якое прадаў пры ліквідаваньні сваей кватэры па Віленскай вул. Трумо гэтае пакінуў у мяне на перахоў Ваш бацька, але я ўжо ня меў дзе далей хаваць, бо займаю цяпер з маімі хлопцамі адзін пакой, дык свае мэблі мусіў распрадаць. Выбачайце, што ня шмат удалося выручыць, але аправу паеў шашаль, дык мела вартасьць толькі адно шкло. Думаю, што і гэтая дробязь прыдасца Вам ці Вашым.

Усё чакаю вестак аб лёсе Ів Ігн і іншых, ды іх няма. Буду вельмі Вас прасіць, калі даведаецеся што новага, чыркніце мне пару слоў.

У справе арышту Ів Ігн і др. маю я ведамасьці ад вельмі пэўнага чалавека. Іх усіх «пасадзіў» Ластоўскі, які, прыехаўшы ў Менск, заявіў — на падставе інсьпірацыі ведамага Зузэміля, — што хутка мае быць ваенная інтэрвэнцыя ў СССР і дзеля гэтага нацыянальна сьведамыя беларусы мусяць стварыць свой тайны цэнтар, які бу-дзе прызнаны «белымі» за ўладу «вызваленае» Беларусі. На гэту вудачку і пайшоў цэлы рад людзей. «Амбасадарам» групы быў Езавітаў, «камунізуючы» і жанаты з партыйнай камуністкай. Ну, і вынік акцыі быў ясны: усё сталася ведамым ГПУ, каторае ўчыніла разгром беларускіх культурных сіл, так ці інакш зьвязаных з Ластоўскім. Асоба майго інфарматара не выклікае сумліву ў праўдзівасьці яго апавяданьня. Усё гэта — зусім магчыма і не прадстаўляецца дзіўным для таго, хто бліжэй знае Ластоўскага. Бальшавікі вельмі хочуць зьвязаць гэту акцыю Ласт з польскім урадам, бо ведама, што перад «пакаяньнем» і выездам у Менск Лга прыяжджаў ад яго імя ў Варшаву да міністэрства ўнутраных спраў (да п.Сухэнка) той самы Зузэміль. Аб чым там вяліся перагаворы, — няма ведама. Але магчыма, што з гэтага і завязалася ўся гісторыя.

Пішу Вам гэта, бо, можа, ведамасьць аб гэтым будзе Вам неяк патрэбна.

Шчыра Вас вітаю

Ант.

Вільня, 15.VII.31

Падрыхтаваў да друку А.Сідарэвіч

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула