Алексей Шеин бросил вызов Толкиену и Льюису — написал первое белорусское фэнтези
Былы сустраршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, заснавальнік і вядоўца курсаў беларускай мовы і тата траіх сыноў Аляксей Шэін ажыцьцявіў мару дзяцінства — напісаў чарадзейную казку для дзяцей і падлеткаў «Сем камянёў».
Прачытаць першыя разьдзелы кнігі можна тут
У інтэрвію Свабодзе Аляксей Шэін адзначыў, што ня хоча, каб кніга засталася даступнай толькі для наведнікаў кнігарні «ЛогвінаЎ», і будзе дамаўляцца з раённымі бібліятэкамі, каб тыя ўзялі беларускамоўнае фэнтэзі ў свае фонды.
—Спадар Аляксей, вы ўжо казалі раней, што як бацька сутыкнуліся з праблемай браку цікавых беларускамоўных кніг для падлеткаў і таму вырашылі напісаць казку. Якой атрымалася вашая дэбютная кніга?
—Гэта першая ў беларускай літаратуры кніга ў жанры высокага фэнтэзі, клясыкай якога ёсьць «Хронікі Нарніі» Клайва Льюіса і «Ўладар пярсьцёнкаў» Джона Толкіена. На кнігі такога жанру ёсьць вялікі чытацкі попыт сярод падлеткаў, але праблема ў тым, што даводзіцца чытаць альбо расейскія кнігі, альбо пераклады на беларускую зь іншых моваў — у беларускай літаратуры такіх кніг няма. У мяне падрастаюць трое дзяцей, і я разумею, што ў падлеткавым узросьце выбар чытаньня для іх будзе вельмі абмежаваны. Якія ёсьць выйсьці? Можна самастойна перакладаць з расейскай ці ангельскай моваў, і некаторыя так і робяць. А можна напісаць самому адразу па-беларуску. Я пайшоў другім шляхам, тым больш, што я зь дзяцінства марыў стаць пісьменьнікам. А калі ёсьць мара, дык трэба яе рэалізоўваць. Кніга «Сем камянёў» ёсьць спробай стварыць штосьці падлеткавае. Я стараўся напісаць так, каб чыталася захапляльна. Але асноўная мэта — падзяліцца сваім сьветапоглядам. Выхоўваючы дзяцей, я дзялюся зь імі тым, у што я веру, што я лічу правільным. У гэтай кнізе асьцярожна, стараючыся не навязвацца, хацеў падзяліцца агульначалавечымі і хрысьціянскімі каштоўнасьцямі. —Які сюжэт казкі? —Увогуле, кніга пра тры рэчы — каханьне, веру і свабоду. Галоўнага героя завуць Ясь, ён падлетак. Ясь трапляе ў чароўную краіну Эфэрыю, дзе змагаецца за жыцьцё сваёй невылечна хворай сяброўкі Міркі. Выпадкова Ясь даведваецца, што ў Эфэрыі калісьці была крыніца жывой вады. Сюжэт пабудаваны вакол пошукаў жывой вады — трэба знайсьці сем камянёў, якія падкажуць, дзе схаваная крыніца. Акрамя таго краіну Эфэрыю захапіў самазванец, які кіруе народам несправядліва. Галоўны герой паралельна змагаецца і за тое, каб вярнуць свабоду ў краіну Эфэрыю.
—Вы раней казалі, што казка пэўным чынам адлюстроўвае падзеі ў Беларусі, што гэта не абстрактны злы правіцель, а нехта больш рэальны. Ці захавалася гэта ў канчатковай рэдакцыі, ці вы ўсё ж вырашылі напісаць пра ўнівэрсальнае зло і ўнівэрсальнае дабро?
—Кніга пра супрацьстаяньне дабра і зла, справядлівасьці і несправядлівасьці. Але яна не зьяўляецца перамалёўваньнем пад капірку беларускай сытуацыі — мне здаецца, гэта было б вельмі прымітыўна і магчыма, цікава зараз, але не празь 5-10 гадоў. Таму я стараўся ўнівэрсальна напісаць пра барацьбу дабра і зла. Але шукаць паралелі можна. Калі мы возьмем таго ж «Валадара пярсьцёнкаў», дзе галоўным героям трэба перамагчы Мордар, то таксама пабачым паралелі зь беларускай сытуацыяй. Зло ня вельмі крэатыўнае, яно паўтараецца.
—Вашым сынам 5, 4 і 2 гады. Значыць, вы для іх кнігу напісалі навыраст?
—З аднаго боку так — я пісаў кнігу для дзяцей 12-15 гадоў. А зь іншага боку, мы з жонкай ужо некалькі разоў прачыталі нашым Якубу, Янку і Сымонку «Сем камянёў» і, баюся, што яны будуць прасіць яшчэ. Зразумела, што яны бачылі, што я тры з паловай гады працую над кнігай, нешта пішу, і ім цікава паслухаць. Але ў больш сталым узросьце яны змогуць перачытаць раман і гэта будзе для іх яшчэ больш цікава.
—Як вы лічыце, дзе пралягае мяжа ў фантазіях верніка пры стварэньні кнігі ў жанры фэнтэзі? Наколькі хрысьціянская вера сумяшчальная з фэнтэзі?
—Клясычнае фэнтэзі заснавае двума хрысьціянамі — Клайвам Льюісам і Джанам Толкіенам. Яны сябравалі і разам наведвалі адзін літаратурны клюб, дзе чыталі свае творы. Аднойчы яна паспрачаліся на тое, хто напіша лепшы хрысьціянскі па сутнасьці твор у жанры фэнтэзі, які яны пачалі распрацоўваць. З хрысьцінскага пункту гледжаньня творы атрымаліся розныя. «Хронікі Нарніі» Льюіса — гэта апалягетычны твор, які ў 90-я гады друкавалі на расейскай мове ў межах эвангелізацыйных кампаній і раздавалі іх людзям, каб тыя пачалі верыць у Бога. У той жа час «Валадар пярсьцёнкаў» хрысьціянскі твор у тым пляне, што яго героі прытрымліваюцца такіх каштоўнасьцяў як дабро, справядлівасьць, узаемападтрымка, празь якія даносіцца сутнасьць Эвангельля. Таму без сумневу фэнтэзі можа быць хрысьціянскім.
—А кім вы натхняецеся? Каго любіце чытаць?
—Добрае і складанае пытаньне. Напэўна, на кожным этапе жыцьця чалавек натхняецца рознымі аўтарамі і рознымі тэкстамі. Калі я вучыўся ў пачатковай школе, гэта было ў сярэдзіне 80-х гадоў, у нас была суперпапулярная кніга Эдуарда Скобелева «Прыгоды Арбузіка і Бебешкі». Мы зачытваліся, кніга хадзіла па руках. Я тады вельмі натхніўся гэтым творам і напісаў працяг, які, праўда, пасьля згубіў (сьмяецца). Вось у другім клясе мне падабалася такая літаратура. Пасьля падабаўся Жуль Вэрн, у старэйшай школе любіў Булгакава. Цяпер складана вылучыць кагосьці. Дарэчы, я сам невялікі аматар жанру фэнтэзі, мне больш падабаюцца прыгодніцкі жанр. Проста я думаю, што для сучасных падлеткаў фэнтэзі ці чарадзейная казка самы лягічны і зразумелы твор.
—Галоўнага героя «Сямі камянёў» завуць Ясь, яшчэ ёсьць Міколка, Анэля, Алеся, Франчэся — гэтыя імёны адразу скіроўваюць чытача ў падкрэсьлена беларускае асяродзьдзе. Ці ёсьць там яшчэ нешта зь беларускага?
—Так, там ёсьць адсылка да Беларусі, якая найперш выяўляецца якраз у імёнах. Беларускай рэчаіснасьці была больш у рамане, але на этапе рэдактуры я выкінуў гэтыя часткі, бо імкнуўся да ўнівэрсальнасьці свайго рамана.
—Ужо тры гады, як вы пакінулі пасаду сустаршыні БХД, і цяпер актыўна займаецеся курсамі беларускай мовы «МоваВеда», напісалі кнігу. Ці значыць гэта канчатковы адыход ад палітыкі на карысьць культурніцкай дзейнасьці?
—Адмовячыся ад актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьці, я зразумеў, што зараз час займацца іншымі рэчамі. Калі мы хочам Беларусь памяняць, то трэба заняцца рэчамі, якія працуюць на пэрспэктыву і імгненнага выніку ад якіх няма. Гэтыя рэчы працуюць на пэрспэктыву некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Адна з такіх рэчаў — гэта культура. Здаецца, прапісная ісьціна і банальшчына, але гэта так. І каля цяпер рабіць якасную і цікавую беларускую культуру, то ў незалежнасьці Беларусі мы будзем упэўненыя нашмат больш. Калі ёсьць культура, то ёсьць і патрыятызм, то ёсьць і краіна.
—Кніга выйшла прыстойным накладам — 2000 асобнікаў. Зразумела, што яе будуць набываць дзецям актывістаў з «дэмакратычнай тусоўкі». А як зрабіць, каб «Сем камянёў» трапіла ў сельскія бібліяэкі, у рэгіянальныя кнігарні?
—Я спадзяюся, што кніга будзе ў крамах. Я буду дамаўляцца з публічнымі дзіцячымі бібліятэкамі, каб там была гэтая кніга. Трэба старацца выйсьці хаця б на раённыя бібліятэкі. Хачу, каб кніга ляжала ня толькі ў кнігарні «ЛогвінаЎ», а пайшла значна шырэй. Я б вельмі хацеў, каб дзеці і падлеткі, якія раней нічога не чыталі па-беларуску, убачыўшы «Сем камянёў», упадабаўшы добрае яе зьнешняе афармленьне, паднялі руку на тое, каб прачытаць кнігу па-беларуску ў сваё задавальненьне. Калі такое адбудзецца, то я буду шчасьлівы.
—Дарэчы, пра афармленьне. Хто яго зрабіў для вашай кнігі?
—Маляваў беларускі мастак Раман Сустаў, адзін зь лепшых эўрапейскіх графікаў. Адзін час ён працаваў у Wargaming, а цяпер робіць ілюстрацыі для расейскіх і заходніх кніг. «Сем камянёў» — першая для яго беларускамоўная кніга. Я сам вельмі задаволены афармленьнем кнігі — і вокладкі, і малюнкаў, якія суправаджаюць тэкст. Лічу, што яна выглядае як цудоўны падарунак.
Набыць раман-казку «Сем камянёў» можна ў «Акадэмкнізе» і кнігарні «ЛогвінаЎ», а таксама ў інтэрнэт-крамах imbryk.by і prastora.by.
Комментарии