Прэзентацыя кнігі Надзі Букі «Бася і Піглас» пройдзе ў галерэі TUT.BY (пр-т Дзяржынскага, 57, 9 паверх) у панядзелак, 19 снежня. Гасцей чакае сапраўднае свята з музыкай, мандарынамі, конкурсамі, бурбалкамі і навагоднімі цудамі. Запланаваная таксама аўтограф-сесія аўтара. Пачатак у 18:30, уваход вольны!
Хутка Каляды i Новы год — час, калі ўсе, асабліва дзеці, чакаюць цудаў. А тыя абавязкова здараюцца з кожным, хто ў іх верыць.
А хто ён такі — герой сучаснай навагодняй казкі? Кніга «Бася і Піглас» адказвае на гэтае пытанне. Піглас — даволі вядомая істота, што выглядае як птушка і вока адначасова. Пігласа можна ўбачыць на буцінанках маладой беларускай мастачкі Надзі Букі. Незвычайны персанаж, які жывіцца драўлянымі прышчэпкамі і размаўляе бурбалкамі, сустракаецца ў большасці карцін аўтаркі. Цяпер ёсць магчымасць пазнаёміцца з ім бліжэй.
У кнізе «Бася і Піглас» Надзя Бука апісвае гісторыю нараджэння казачнай істоты. Гэтая кніга распавядае пра добрыя ўчынкі і сямейныя каштоўнасці, пра натхненне і бязмежныя дзіцячыя фантазіі. Адметна, што Надзя Бука — таксама аўтарка ілюстрацый. Мастачка працягвае традыцыі найцікавейшых замежных пісьменнікаў: Антуан дэ Сент-Экзюперы аздабляў сваімі малюнкамі кнігу «Маленькі прынц», а Тувэ Янсан намалявала Мумітроляў.
Комментарии