На Нацыянальным адукацыйным партале з'явіўся артыкул Вольгі Праскаловіч, якая патлумачыла змены ў школьнай праграме па беларускай мове. Публікуем яго ў скароце.
* * *
У 2017/2018 навучальным годзе па абноўленай праграме будуць навучацца ўжо вучні сёмых класаў. А вучэбныя праграмы пераходнага перыяду (скарэктаваныя праграмы 2012 года) будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль пяцікласнікі ўзору 2015 года не закончаць базавую школу.
У вучэбныя праграмы для V—VІ класаў былі ўнесены нязначныя карэкціроўкі, фактычна адбылося пераразмеркаванне вучэбнага матэрыялу. Так, творы, якія раней былі ў спісе «Для чытання і абмеркавання» або прапанаваны для тэкстуальнага вывучэння (легенда «Пестунь», апавяданне Я. Коласа «У старых дубах»; V клас), або перанесены ў спіс для дадатковага чытання (у V класе — творы П. Сіняўскага «Зачараваная гаспадарка», А. Гаруна «Датрымаў характар», Г. Марчука «Чужое багацце»; у VІ класе — творы Г. Сянкевіча «Незабыўныя старонкі славянскай мінуўшчыны», Д. Шулцэ «Роберцік»).
Скарочана колькасць твораў для абавязковага чытання і вывучэння з мэтай памяншэння нагрузкі на вучняў. У V класе са спіса твораў для чытання і вывучэння выключаны вершы Я. Крупенькі «Ёсць у кожнага з нас…», А. Грачанікава «Як ападае ліст…», Р. Барадуліна «Бацьку» (верш, у адпаведнасці з новымі вучэбнымі праграмамі, якія ўступяць у дзеянне з 2020/2021 навучальнага года, будзе вывучацца ў межах манаграфічнай тэмы «Рыгор Барадулін» у ХІ класе). У VІ класе са спіса для чытання і вывучэння выключаны творы Я. Купалы «Як у казцы…», М. Скрыпкі «Свіння і Баран».
Адбор зместу навучання беларускай літаратуры ажыццяўляўся з улікам прынцыпу міжпрадметных сувязей. У прыватнасці, міжпрадметны матэрыял (з поўным супадзеннем аб’екта вывучэння), які быў рэпрэзентаваны ў змесце навучання беларускай літаратуры (раздзел «Біблія — найвыдатнейшы помнік сусветнай культуры»; VІ клас), не разглядаецца. Знаёмства з найвыдатнейшым старажытным помнікам сусветнай культуры адбываецца на занятках па вучэбным прадмеце «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)», а таксама на ўроках рускай літаратуры.
Зыходзячы з прынцыпу мінімізацыі ў абноўленай вучэбнай праграме для VІІ класа вялікая па памеры аповесць Я. Брыля «Сірочы хлеб» перанесена ў спіс для дадатковага чытання, а для тэкстуальнага вывучэння прапанаваны ўрывак пад назвай «Урокі пані Мар’і». Не вывучаюцца творы В. Зуёнка «Я са шляхоў далёкіх…», Р. Барадуліна «Мы — беларусы…» (у адпаведнасці з новымі вучэбнымі праграмамі, якія ўступяць у дзеянне з 2020/2021 навучальнага года, верш будзе вывучацца ў межах манаграфічнай тэмы «Рыгор Барадулін» у ХІ класе). Уключаны вершы М. Танка «Паэзія», Е. Лось «Дзяўчаты мінулай вайны», М. Арочкі «Хлеб роднай мовы» і апавяданне У. Шыціка «Лісцік серабрыстай таполі». Творы А. Вярцінскага «Рэквіем па кожным чацвёртым», І. Навуменкі «Жуль Верн», А. Васілевіч «Горкі ліпавы мёд», Я. Пархуты «Апошні гусляр» перанесены ў спіс для дадатковага чытання.
Беручы пад увагу патрабаванні адноснай завершанасці адукацыі пасля заканчэння ІХ класа, актуалізацыю ідэй профільнага навучання і пераразмеркавання патокаў выпускнікоў базавай школы па каналах далейшага атрымання адукацыі, на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі адмовіліся ад вывучэння беларускай літаратуры на гісторыка-храналагічнай аснове.
Дазволім сабе сфармуляваць некаторыя прапановы адносна зместу навучання беларускай літаратуры ў ІХ класе (2019/2020 н.г.).
У літаратурнай адукацыі IX клас — клас «спецыяльна дыялагічны», вучні якога арганізуюць паслядоўны дыялог паміж рознымі тыпамі культуры. Курс будуецца на вывучэнні ключавых літаратурных твораў адпаведных культур (сярэдневяковай, рэнесансавай, Новага часу, ХХ стагоддзя, сучаснай). Навучанне беларускай літаратуры ў дыялогу культур сарыентавана на фарміраванне чалавека ў культуры і чалавека культуры, здольнага ўмела карыстацца ведамі, усведамляць іх, разважаць, асэнсоўваць і параўноўваць набыткі розных культур.
Увага вучняў на гэтым этапе навучання канцэнтруецца на мастацкіх творах, чытанне якіх папярэджваецца і суправаджаецца гісторыка-культурным каменціраваннем (з падключэннем інфармацыі пра сувязі літаратурных твораў з эпохай, выяўленнем закладзеных у іх пазачасавых, вечных каштоўнасцей і іх сучаснага гучання).
Аснову вучэбнага курса складаюць літаратурныя творы, засваенне якіх дае вучням разнастайныя веды і ўяўленні пра чалавека і яго стасункі з прыродай, іншымі людзьмі і самім сабой, пра жыццё грамадства, гістарычныя падзеі, лёс выдатных асоб. Гэта дазваляе прасачыць, як вырашаеца найважнейшая ідэйна-маральная і эстэтычная праблема літаратуры — мастацкае адлюстраванне жыцця і духоўнага развіцця народа адначасова ў планах агульначалавечым і нацыянальным, канкрэтна-гістарычным.
У працэсе вывучэння манаграфічных тэм прадугледжана атрыманне старэйшымі падлеткамі крытыка-біяграфічных ведаў пра жыццё і творчасць пісьменнікаў. Прапанаваная праграмай фармулёўка «Слова пра пісьменніка» мае на ўвазе зварот да асноўных фактаў творчай біяграфіі майстра слова, якія непасрэдным чынам тычацца акрэсленых твораў, найбольш ярка прадстаўляюць асобу аўтара і добра ілюструюць спецыфіку часу.
Практычная вартасць літаратурнага матэрыялу ў IX класе заключаецца ў тым, што з яго дапамогай фарміруецца сістэма духоўна-маральных і грамадзянскіх каштоўнасцей асобы, у яго скіраванасці на развіццё і рэалізацыю творчага патэнцыялу асобы. Уменні аналізаваць жыццёвыя сітуацыі, адлюстраваныя ў мастацкім творы, і лёсы герояў (учынак і яго светапоглядныя, маральныя, псіхалагічныя матывіроўкі, маральны выбар і яго наступствы для асобы) вучань пераносіць на рэальныя сітуацыі і характары і такім чынам аказваецца падрыхтаваным да сустрэчы з нечаканымі абставінамі ў жыцці.
У скарэктаваных праграмах (узору 2012 года) у VІІІ класе зняты творы рубрыкі «Для чытання і абмеркавання». Твор А. Дударава «Кім» перанесены ў спіс для дадатковага чытання. У курсе VІІІ і іншых класаў вылучаны рэзерв вучэбнага часу. Гэтыя гадзіны настаўнік можа выкарыстаць на працягу навучальнага года па сваім меркаванні для чытання і вывучэння літаратурных твораў. Прадугледжаны гадзіны на паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год. На гэтых уроках мэтазгодна прапанаваць вучням спіс твораў для чытання летам.
У ІХ класе скарочаны і скарэктаваны змест усіх аглядавых тэм, зняты творы рубрыкі «Для чытання і абмеркавання». Тэкстуальна не вывучаюцца творы К. Тураўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага, К. Каліноўскага. У пэўных манаграфічных тэмах не разглядаюцца некаторыя творы (напрыклад, вершы «Роднай старонцы» Я. Лучыны; «Суседзям у няволі» Цёткі; «У вырай!» («Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!..»), «Паязджане», «На сход!» Я. Купалы і інш.). Паэма Я. Коласа «Новая зямля» прапанавана для вывучэння не ва ўрыўках, а цалкам. Вылучана адна гадзіна на ўрокі па творах для дадатковага чытання.
У Х класе (базавы ўзровень) апавяданне М. Гарэцкага «Роднае карэнне» перанесена ў спіс для дадатковага чытання, не разглядаецца верш М. Танка «Аve Maria». Вылучана адна гадзіна на ўрокі па творах для дадатковага чытання. Такія ўрокі маюць сваю адметнасць і спецыфіку, і пры правільнай арганізацыі гэтыя нешматлікія ўрокі здольны зрабіць многае.
У ХІ класе (базавы ўзровень) пераразмеркаваны гадзіны паміж раздзеламі і тэмамі курса (напрыклад, павялічана колькасць гадзін на вывучэнне твораў І. Чыгрынава, І. Навуменкі, Г. Марчука, А. Разанава). У тэмах «Беларуская літаратура перыяду 1960 — пач. 1990-х гадоў» і «Сучасная літаратура» скарочаны пералік пісьменніцкіх персаналій. Твор Н. Гілевіча «Родныя дзеці» перанесены ў спіс для дадатковага чытання. Вылучана адна гадзіна на ўрокі па творах для дадатковага чытання.
Выкажам некалькі заўваг па пытаннях вывучэння сучаснай беларускай літаратуры ў школьным курсе (ХІ клас, базавы і павышаны ўзроўні).
Першае ключавое пытанне ў нас гучыць наступным чынам: якія творы варта сёння чытаць вучням? Наколькі гэты змест (корпус тэкстаў для абавязковага вывучэння) можа задаволіць чытацкія патрабаванні, узроставыя інтарэсы, нарэшце, павысіць матывацыю да чытання?
«Дзеці лічбавай эры» дастаткова дасведчаныя і цікаўныя не толькі ў найноўшых інфармацыйных тэхналогіях, але і валодаюць новай літаратурнай сітуацыяй. У першую чаргу выпускнікі агульнай сярэдняй школы (згодна з нашым анкетаваннем) у творах найноўшай літаратуры шукаюць праўду (не блытаць праўдзівасць і праўдападобнасць!) жыцця, надзённасць, мастацкасць, здольнасць выклікаць грамадскі рэзананс. Менавіта ў гэтай сістэме каардынат варта ажыццяўляць падбор тэкстаў да апошняй праграмнай тэмы школьнага курса беларускай літаратуры.
Другое ключавое пытанне: на дадзены момант, наколькі нам вядома, ніхто з навукоўцаў дакладна не акрэсліў межы сучаснага перыяду ў развіцці беларускай літаратуры. Які часавы адрэзак лічыць сучаснасцю? Можна вымяраць яго сённяшнім днём, апошнім дзесяцігоддзем, тымі 20—30-ю гадамі, за якія мяняецца пакаленне… Перадусім, варта пагадзіцца з пазіцыяй айчынных даследчыкаў, якія сцвярджаюць, што найноўшая літаратура, літаратура «новай квадры» павінна дэманстраваць сваю ўключанасць у найноўшую культурную і гістарычную сітуацыю, адлюстроўваць гэтую сітуацыю новымі мастацкімі сродкамі.
Вучэбнай праграмай вывучэнню сучаснай беларускай літаратуры ў XI класе на базавым узроўні адводзіцца 14 гадзін (на павышаным — 26 г.). Пры абмежаванай колькасці гадзін асэнсаваць усё, што прапанавана, надзвычай цяжка. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб пашырыць уяўленне вучняў пра тэматыку і ідэйны змест сучаснай беларускай літаратуры, пашырыць веды пра пісьменнікаў, чые творы ўжо вывучаліся, і пазнаёміць з тымі, чые творы ўпершыню ўведзены ў праграму (напрыклад, Алесь Марціновіч «Гетман-кларнет» на службе ў муз» — для абавязковага вывучэння, а для дадатковага чытання — 2-3 эсэ, гістарычныя аповесці са зборніка «Цяпло колішніх вогнішчаў»).
Такім чынам, мы не прапануем радыкальнай рэарганізацыі школьнай літаратурнай адукацыі. І размова не ідзе пра замену ў вучэбных праграмах па вучэбным прадмеце «Беларуская літаратура» аднаго набору тэкстаў на радыкальна іншы. Так, чытанне вучнямі высокамастацкіх твораў павінна стацца сродкам іх навучання і выхавання. Як вядома, вывучэнне літаратуры і выхаванне літаратурай — з’явы ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя. Знаёмства з лепшымі творамі айчынных і некаторых замежных пісьменнікаў дапамогуць сфарміраваць у вучняў належныя эстэтычныя і грамадскія ідэалы, выхаваць сапраўдных грамадзян, патрыётаў сваёй Бацькаўшчыны.
ПРАСКАЛОВІЧ Вольга Уладзіміраўна,
прафесар кафедры рыторыкі іметодыкі выкладання мовы і літаратуры
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта,
доктар педагагічных навук, дацэнт
Комментарии