«Кого любишь? — Люблю Беларусь!» История жизни Кастуся Калиновского, у которого сегодня день рождения
Фигура Кастуся Калиновского, с одной стороны, в Беларуси общеизвестна, с другой же — покрыта тайнами. Архивная статья, впервые опубликованная в «Нашай гісторыі» в 2019 году.
На Замкавай гары ў Вільні знойдзеныя парэшткі паўстанцаў, пакараных падчас паўстання 1863—1864 гадоў у Беларусі і Літве. Cярод іх ёсць і лідар таго паўстання, асоба якога мае асаблівае значэнне для нашага народа. Ён той, каго выявілі самым першым яшчэ ў 2017 годзе, з медальёнам-абразком Маці Божай Вастрабрамскай на грудзях.
Восьмы з адзінаццаці дзяцей
У прадпрымальніка, уладальніка ткацкай фабрыкі і арандатара маёнтка Мастаўляны (сёння вёска на мяжы Беларусі і Польшчы) Сымона Каліноўскага і ягонай жонкі Веранікі, маладзейшай за мужа на 11 гадоў, 21 студзеня (2 лютага па новым стылі) 1838 года нарадзілася восьмае дзіця. У адпаведнасці з традыцыяй па дні нараджэння яго назвалі Вінцэнтам. Аднак бацькі пажадалі даць немаўляці і другое імя, якое б выкарыстоўвалася ў сям’і, — Канстанцін. Назвалі яго так у гонар Канстанціна Крукоўскага, сына святара Мастаўлянскай уніяцкай царквы Сымона Крукоўскага, з якім сябравалі Каліноўскія. І гэта нездарма, бо тры старэйшыя сыны (Стэфан-Юзаф, Норберт і Фелікс-Ян) Сымона і Веранікі былі ахрышчаныя менавіта ў мастаўлянскай уніяцкай царкве. Таксама Сымон Крукоўскі прысутнічаў ужо ў касцёле пры хрышчэнні яшчэ аднаго іх сына — Віктара-Атона Каліноўскага, які памёр ад сухотаў за пару месяцаў да паўстання.
Цяжкім выпрабаваннем для пяцігадовага хлопчыка стала заўчасная смерць маці. Пасля чарговых родаў, адзінаццатых за два дзесяцігоддзі, Вераніка, маючы ўсяго 37 гадоў, памерла. Праз 15 месяцаў пасля таго ў Сымона Каліноўскага нарадзілася дачка ўжо ад другой жонкі, маладзейшай за яго на 25 гадоў Ізабэлы Лазарэвіч. Нашчадкі той дачкі і сёння жывуць у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці.
Пад уплывам брата
Кастусь Каліноўскі скончыў у 1852 годзе Свіслацкую гімназію. Далей тры гады ён правёў у маёнтку Якушоўка, які бацька набыў за 5 000 рублёў напалам з жонкай. Гэты час, у які Кастусь займаўся сямейнымі гаспадарчымі справамі, вандруючы разам з Сымонам Каліноўскім па Гродзенскай і Віленскай губернях, скончыўся нечакана. Пасля Калядаў 1855 года, пасварыўшыся з мачыхай, якая напярэдадні страціла шостае з дзевяці народжаных ёю дзяцей, Кастусь ад’язджае да старэйшага брата Віктара ў Маскву, каб рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт. Гэта быў паваротны момант у жыцці юнака.
Брат Віктар, які ў той час кінуў навучанне на лекара і засяродзіў увагу на пошуках дакументаў па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, даследаванні межаў распаўсюджвання «крывіцкай (беларускай) мовы» і сялянскіх ды казацкіх выступленняў ва Украіне, быў адным з заснавальнікаў зямляцтва «Огул» у Маскоўскім універсітэце, удзельнікам разнастайных таемных суполак — ад студэнцкіх гурткоў да масонаў. Шлях у гэтыя таварыствы стаў адкрыты і для Кастуся.
Пасля паўгадавой падрыхтоўкі пад наглядам старэйшага брата Кастусь паступіў ва ўніверсітэт, але не Маскоўскі, а Пецярбургскі. У сталіцу імперыі браты Каліноўскія пераехалі па патрэбах Віктара, які выконваў працу для Віленскай археалагічнай камісіі. Пасля прыходу да ўлады новага імператара Аляксандра ІІ у Расійскай імперыі пачалася адліга: са ссылкі вярталіся дзекабрысты, удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў, а таксама сябры разнастайных таемных таварыстваў, выкрытых жандарамі.
Першыя гады Кастусь Каліноўскі вучыўся дрэнна з-за таго, што ўвесь вольны час шукаў сродкі для існавання. Нават па земляробстве і гісторыі на трэцім курсе ў яго былі тройкі. Аднак універсітэт у выніку ён скончыў у 1861 годзе выдатнікам, абараніўшы дысертацыю і атрымаўшы ступень кандыдата. Ягоная кандыдацкая праца, праўда, да гэтага часу не выяўленая.
Рэпетытар, пісарчук, следчы
Кастусь Каліноўскі ў гады навучання ва ўніверсітэце быў вядомы як «добры выкладчык урокаў». І надалей, па вяртанні на Радзіму, маючы выдатную адукацыю і сам будучы добрым настаўнікам, ён заўсёды меў магчымасць падпрацаваць. Дапамагаў ён і брату Віктару ў ягоных генеалагічных і гістарычных росшуках.
Пасля ІV курса ўніверсітэта Кастусь паспрабаваў уладкавацца на працу ў адну са сталічных вайскова-навучальных устаноў, але спроба скончылася няўдачай. Не было вакансій і ў канцылярыі віленскага генерал-губернатара Уладзіміра Назімава. Увогуле, замацавацца на дзяржаўнай службе ў Каліноўскага не атрымалася. Спачатку ён хацеў стаць пісарчуком у адной з вёсак Гродзеншчыны, затым прыкладаў намаганні зрабіцца следчым у губернскім Гродне. Але ўсё беспаспяхова.
У 1861—1862 гадах Кастусь Каліноўскі стварыў таемную Гродзенскую рэвалюцыйную арганізацыю, а таксама паўгода правёў у вандроўках па Гродзеншчыне. У выніку гэтага ён атрымаў выдатную фізічную падрыхтоўку і веды, якія выкарыстаў пры працы над «Мужыцкай праўдай».
Дасканалы канспіратар
Паплечнікі апісвалі яго як «росту сярэдняга, бландзіна», што меў «вялікі твар і даволі буйныя рысы». Адзінай адметнасцю Кастуся, якая вылучала яго сярод іншых, была вялікая галава. Так, удзельніца паўстання Стэфанія Фальская апісвала Каліноўскага наступным чынам: «Росту сярэдняга, гадоў каля трыццаці, валасы цёмна-русыя, галава і твар вялікія, рысы твару буйныя, колер твару цёмны». Пацвярджаў гэта і паўстанец Ежы Ігнацы Кучэўскі-Порай: «Росту сярэдняга, зусім круглая галава, надзвычай шырокі рот».
У лістападзе 1863 года сярод жандараў распаўсюджвалася наступнае апісанне Каліноўскага: «Каля 30 гадоў, росту сярэдняга, шчыльнага складу, цёмна-русы, твар вялікі, рысы грубаватыя». Пры ўсім гэтым схоплены ён быў толькі ў выніку здрады і апісаны як чалавек «гадоў дваццаці шасці, моцнага складу і з тварам жорсткім і выразным, кароткія русыя валасы былі зачасаныя назад». Менавіта такім Каліноўскі выяўлены на фотаздымках, зробленых у майстэрні ягонага сябра і ўдзельніка паўстання Ахіла Банольдзі.
Аднак такім Кастусь быў не заўсёды.
Падчас навучання ва ўніверсітэце ён, пратэстуючы супраць афіцыйных парадкаў, вылучаўся не толькі крайнімі поглядамі, але і знешнім выглядам: пэўны час хадзіў у падраным сурдуце і ботах, а замест гальштука насіў на шыі ручнік.
Пасля вяртання на Гарадзеншчыну Каліноўскі разам з сябрам Феліксам Ражанскім апранае сялянскі кажух і выпраўляецца ў падарожжа па вёсках пад імем Васіль Світка. Ён умела выкарыстоўваў асаблівасці ўласнай знешнасці, у тым ліку магчымасць хутка адгадаваць бараду і вусы. Нездарма яго не змаглі знайсці, нават маючы апісанне пасля раскідвання «Мужыцкай праўды» ў Слонімскім павеце восенню 1862 года: «У авечым кажуху з каўняром ад адной доўгай скуры чорнага баранчыка, на галаве фуражка з зоркаю цывільнага ведамства, на выгляд гадоў 36-ці, сярэдняга росту, брунет з чорнымі вусамі».
Падчас падарожжа ў Мастаўлянскі лагер у маі 1863 года Кастусь Каліноўскі, які ў той час кіраваў паўстанцкім Гродзенскім ваяводствам, некалькі разоў мяняў вопратку, выкарыстоўваючы ў тым ліку адзенне царскіх служачых. Такія канспіратыўныя метады давалі плён і дазвалялі яму спакойна знаходзіцца ў Вільні ў адной кавярні разам з расійскімі жандарамі, якія мелі арыенціроўкі на яго, але не маглі па іх уцяміць, што побач з імі «дыктатар паўстання ў Беларусі і Літве».
Фанат новых тэхналогій
Свядомасць Кастуся Каліноўскага гартавалася ў перыяд прамысловага перавароту з яго варштатамі і паравымі машынамі на прадпрыемствах, новымі галінамі прамысловасці, навуковымі вынаходніцтвамі кшталту фатаграфіі, тэлеграфа або чыгункі, якія перасталі быць здабыткам эліты і знаходзілі адлюстраванне ў жыцці вялізнай колькасці людзей. Ён разумеў значэнне тэхналогій, у першую чаргу для ўзбраення, выбіваючы сродкі для закупкі новых відаў стрэльбаў з наразнымі стваламі ў бельгійскім Льежы.
Пазнаёміўшыся з чыгункай падчас вандроўкі з Масквы ў Пецярбург летам 1856 года, ён зразумеў яе значэнне ў будучым паўстанні. Таксама як і тэлеграфа, бо пастаянна патрабаваў ад кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў знішчэння тэлеграфных слупоў.
Ён надаваў вялікае, паводле выразу аднаго з паплечнікаў, нават магічнае, значэнне друкаванаму слову. Таму нездарма нават на хвалі паразаў паўстання ў жніўні 1863 года ён накіраваў адзін з друкарскіх варштатаў сябрам з «Зямлі і волі» ў Пецярбург.
Якія мовы ведаў Каліноўскі?
У сям’і Сымона Каліноўскага ў Мастаўлянах і Якушоўцы панавала польская культура. Але ў сям’і арандатара і ўладальніка фабрыкі, на якой працавалі вольнанаёмныя сяляне, было месца і беларускай мове. Яе Кастусь Каліноўскі засвоіў дасканала, асабліва таму, што, не любячы мачыхі, бавіў шмат часу з сялянскімі дзецьмі. У далейшым яго веды ўмацаваліся падчас вандровак па Гродзеншчыне ў 1861—1862 гадах. Як Каліноўскі ўспрымаў беларускую мову, сведчыць тое, што ягоныя пасмяротныя «Лісты з-пад шыбеніцы» напісаныя менавіта па-беларуску да «мужыкоў Беларусаў».
У той жа час яшчэ ў Свіслацкай гімназіі Кастусь Каліноўскі атрымаў веды па рускай, лацінскай, нямецкай і французскай мовах. Гэтыя мовы былі прадстаўленыя і ў бібліятэцы ягонага брата Віктара, у дадатак да твораў на польскай і старабеларускай.
Рускай мовай, у адрозненне ад шэрагу сваіх паплечнікаў, Кастусь Каліноўскі валодаў дасканала, пра што сведчаць ягоныя паказанні следчай камісіі ў студзені—сакавіку 1864 года. У адрозненне ад свайго бацькі, які адказваў на пытанні следчых па-польску, Кастусь Каліноўскі рабіў гэта па-руску. Да таго ж менавіта рэпетытарам рускай мовы ён працаваў у Вільні падчас паўстання ў 1863 годзе, навучаючы нават сыноў памерлага паэта Уладзіслава Сыракомлі.
Вораг панам, вораг Маскве
5 кастрычніка 1859 года Кастусь Каліноўскі мог памерці пасля асабліва моцнага прыступу падучкі (эпілепсіі). Але дзякуючы дапамозе загадчыка Пецярбургскай дыягнастычнай клінікі Мікалая Здэкаўэра ён не толькі выжыў, але і вылечыўся.
У гады навучання ва ўніверсітэце Кастусь уваходзіў у разнастайныя таемныя таварыствы, але, у адрозненне ад сваіх паплечнікаў, так і не трапіў у поле зроку жандараў. Толькі восенню 1862 года ўлады выйшлі на ягоны след. У лістападзе ён наведаў сям’ю ў Якушоўцы, але, не зважаючы на ўгаворы бацькі, затрымаўся там толькі на дзень. У выніку гэта ўратавала яго ад арышту. Сымон Каліноўскі сведчыў: «За ім па пятах ехалі, аднак яны былі на гэтым баку Нёмана, а Канстанцін як дабраўся да Гродна, дык ужо не маглі знайсці».
22 студзеня 1863 года ў Польшчы пачалося паўстанне, якое, па словах самога Каліноўскага, «заспела Літву зусім непадрыхтаванаю». Каліноўскі 1 лютага ўзначаліў «Часовы правінцыйны ўрад у Літве і Беларусі», які зрабіў стаўку на ўцягванне сялян у паўстанцкія шэрагі. Але яго палітычныя праціўнікі 11 сакавіка здзейснілі пераварот, пасля якога Каліноўскага адхілілі ад улады. Ён сам ахарактарызаваў гэта як контррэвалюцыю і ў пісьмовым пратэсце склаў з сябе «ўсякую адказнасць перад будучыняй за ўсе памылкі і за ўсе страты і няшчасці».
Увесь 1863 год яго беспаспяхова намагаліся схапіць жандары, у той час як ён быў у іх пад самым носам і перамяшчаўся па чыгунцы. У адну марозную лістападаўскую ноч на канспіратыўную кватэру, дзе Каліноўскі начаваў, усё ж уварвалася паліцыя. Кастусь выбраўся праз акно ў адной бялізне і ўвесь час, пакуль доўжыўся ператрус, прабыў на даху. Сястра яго нарачонай Марысі Ямант Людвіка Радзевіч успамінала: «Толькі такая маральная і фізічная сіла, як у яго, здолела вытрымаць гэтае страшэннае выпрабаванне». У лісце да свайго сябрука Баляслава Длускага сам Каліноўскі пісаў: «Не гляджу ні на што, то праз акно на дах, то іншымі спосабамі заўсёды шчасліва выслізгваю з іх рук. Бог за мяне заступаецца, а калі прыйдзецца павіснуць, то хай гэта будзе на радасць усім літоўскім панам і прасветлай Маскве».
Ігнат Вітажэнец ад эміграцыі адмовіўся
Некалькі разоў Кастусю Каліноўскаму прапаноўвалі выехаць на эміграцыю па падробленых пашпартах. Але ён кожны раз адмаўляўся, пакуль, нарэшце, не быў схоплены пры канцы студзеня 1864 года ў Святаянскіх мурах Вільні са свечкай у руках. У той час ён жыў пад імем Ігната Вітажэнца, які «займаўся распрацоўкай матэрыялаў гістарычных характараў славянскіх народнасцяў». Яму здрадзіў Вітольд Парфіяновіч, які на тых жа старонках, на якіх выдаў месцазнаходжанне Каліноўскага, занатаваў адзін з паўстанцкіх пароляў: «— Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Дык узаемна!».
Кастусь Каліноўскі загінуў 22 сакавіка 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні з клічам на вуснах: «У нас няма дваран, усе роўныя». У адной з «Запісак», адрасаваных расійскаму ўраду, ён адзначаў: «Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расіі, калі яна дабра нам жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія пасягаюць наш край няшчасны». У той жа час ён пакідаў за сабой права «цешыць сябе надзеяй, што адновіцца народнае дабро. Дай Бог толькі, каб для дасягнення гэтага нашчадкі нашыя не пралівалі лішняй братняй крыві». Адначасова ў звароце да ўласнага народа ён, расчараваўшыся ў «маскоўскім народзе», у якім, на яго думку, пад ціскам шматвекавога мангола-татарскага ярма і царскага прыгнёту ўкаранілася няволя, пакінуў наступныя словы: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе». Гэтыя словы сталі дэвізам для пакаленняў змагароў за незалежнасць Беларусі.
Комментарии
(1862). Рукапіс неапублікаванай газеты. https://arkushy.by/kalinouski/library/smalianczuk_mp6/smalianczuk_mp6.htm
"Ziemla nasza z wiekou wiecznych nazywajeć sia
litouskaja, a my to nazywajem sia Litoucy."
"Зямля наша з вякоў вечных
называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы" (правільна, канешне,
літвіны).