Моё собачье дело: о своей необычной коллекции рассказывает Александр Очеретний
У гэтай калекцыі сабраныя прадметы, так ці інакш звязаныя з сабакамі і сабакагадоўляй. Прычына такой тэматыкі вельмі простая: мая праца і мае захапленні так ці інакш звязаныя з сабакамі і паляваннем. Большасць прадметаў маёй калекцыі паходзіць з тэрыторый, якія можна гістарычна аднесці да беларускіх, незалежна ад іх цяперашняй дзяржаўнай прыналежнасці.
Гісторыю можна вывучаць па-рознаму, не толькі па кнігах. Так, адзін мой прыяцель займаецца сфрагістыкай. Ён калекцыянуе старыя пячаткі ды штампы і па іх вывучае гісторыю. Ёсць знаёмыя філабутаністы: яны займаюцца калекцыянаваннем мундзірных гузікаў, а гэта вельмі ўдзячная аснова для вывучэння войнаў, якія пракаціліся па нашай краіне. Вывучаць гісторыю роднага краю можна нават па посудзе! Калекцыянеры сталовых прыбораў распавядуць вам такое, чаго не прачытаеш ні ў якой кнізе.
Я збіраю сваю калекцыю параўнальна нядаўна, з 2011 года. Умоўна называю яе «кіналагічнай».
Сабакі з казкі Андэрсана
На фота — дзве бронзавыя ручкі ад крэсіва. Ручка з адным сабакам адносіцца да сярэдзіны XIX стагоддзя. А тая, што з трыма сабакамі, — больш ранняя. Наколькі ранняя, сказаць складана, бо гэтыя прадметы пакуль што навукоўцамі вывучаюцца не надта скрупулёзна.

«Самотны сабака» быў знойдзены ў пачатку 2000-х у раёне Лунінца, а ручка «з трыма галовамі» — недалёка ад горада Янава на Берасцейшчыне.
Такія ручкі, як першая, знаходзяць на велізарнай тэрыторыі ад цэнтральных раёнаў Польшчы да Урала. А вось тры сабачкі сустракаюцца куды радзей, і часцей за ўсё на тэрыторыі Беларусі і ўсходней, аж да Цэнтральнай Расіі.
Цікавы сюжэт, выяўлены на гэтай ручцы. Безумоўна, існавала нейкае агульнаеўрапейскае паданне, якое звязвала трох сабак, агонь і крэсіва. У сярэднія вякі не толькі кот, але і сабака быў увасабленнем цёмных сіл і лічыўся памочнікам сатаны. Яркі адгалосак гэтых еўрапейскіх легендаў — казка Ганса Хрысціяна Андэрсана «Крэсіва», у якой фігуруюць і старая ведзьма, і тры страшныя сабакі-ахоўнікі ў падзямеллі, уладу над якімі атрымлівае ўладар крэсіва. Ну і, канечне, спрытны салдат, які ўсіх падмануў і ажаніўся з прынцэсай. Як вядома, сюжэты для сваіх казак Андэрсан браў з народных паданняў, прычым зусім не дзіцячых. Ён толькі адаптаваў іх пад юнага чытача, прыбіраючы адтуль найбольш віртуозныя зверствы і порна-сцэнкі.
Думаю, што і ручка крэсіва з галовамі трох сабак — адгалоссе тых страшных гісторый для дарослых, з якімі ўсе тады былі знаёмыя. Што да пазнейшага сабачкі, то гэта ўжо зусім стылізаваны водгалас падання, на якое ўсе, напэўна, ужо забыліся: маўляў, сабачка сабе і сабачка.
Улюбёнец карчмара з-пад Смаленска
Наступны экспанат «сабачай калекцыі» — гэта ашыйнік. Гісторыя яго даволі займальная. Знойдзены ён у Смаленскай вобласці на месцы, дзе ў пачатку XIX стагоддзя стаяла карчма. Такія месцы лічацца патэнцыйна вельмі багатымі на знаходкі, аднак з масавым з’яўленнем металадэтэктараў у пачатку новага тысячагоддзя яны былі літаральна вычышчаныя аматарамі прыборнага пошуку.

Але аднойчы праз месца, што раскінулася на вядомым тракце — ужо настолькі падчышчанае тысячамі скарбашукальнікаў, што шукаць там, здавалася б, няма чаго, — сталі пракладаць дарогу. Для гэтага здымалі пласт грунту ў паўметра таўшчынёй. Пра будаўнічыя работы ў такой цікавай мясцовасці даведаўся мой смаленскі прыяцель, ён і апынуўся на месцы ў ліку першых. Бульдозер адкрыў пласт вуголля. Спадарожныя знаходкі (манеты) адназначна сведчылі пра год пажару: не пазней за 1812-ы. Гэта значыць, што карчма, хутчэй за ўсё, згарэла падчас вайны з Напалеонам.
Вось у гэтым пажарышчы і быў знойдзены бронзавы ашыйнік, які калісьці насіў вельмі вялікі сабака. Прытым сабака быў не толькі вялікім, але, відаць, дарагім і любімым, бо звычайныя вясковыя сабакі тады насілі «збрую» з вяроўкі (хто прасцейшы) ці з сырамятнай скуры (больш салідныя). А бронзавы ашыйнік быў прыкметай сабачай эліты.
На ашыйніку захавалася пяцелька для замка. Асаблівым шыкам для таго часу лічылася павесіць на ашыйнік маленькі замок, ключ ад якога знаходзіўся заўсёды пры гаспадару: ён служыў доказам таго, што сабака належыць яму.
Якая парода магла насіць такі вялікі ашыйнік? Я адмыў яго ад наліплай за стагоддзі зямлі і паспрабаваў прымерыць на свайго сабаку. Сабака ў мяне буйны, але ашыйнік быў яму безнадзейна вялікі. І прыйшоўся ў самы акурат толькі сабаку бардоскага дога. А гэта, трэба сказаць, проста велізарны сабака.
Якія ж буйныя пароды былі распаўсюджаныя на Смаленшчыне да пачатку XIX стагоддзя? Адказ адназначны: медзялянскія сабакі.
Існавалі, вядома, і іншыя пароды. Але, несумненна, менавіта медзялянін быў прыкметай статусу і дастатку, мог служыць рэкламай піцейнай установе і адначасова дысцыплінаваць наведнікаў адным сваім выглядам.

Медзялянскія сабакі — асаблівае адгалінаванне адной з італьянскіх парод, завезенай спачатку на тэрыторыю ВКЛ, а потым і ў Расію. Калі менавіта — невядома, дакладна раней за XVIII стагоддзе. Сама назва пароды кажа пра яе паходжанне: горад Мілан па-лацінску пішацца як Mediolanum, па-польску яго таксама называюць «Мэд’ёланам».
Выдадзены ў 1882 годзе энцыклапедычны ўсенавуковы слоўнік пад рэдакцыяй Віктара Клюшнікава апісваў медзялянцаў наступным чынам: «Парода прысадзістых, тоўстых, з прытупленай пысай сабак. Медзялянкі цяжкія і няўклюдныя, але надзвычай моцныя, рашучыя і смелыя. Асабліва прыдатныя для палявання і барацьбы з дзікімі звярамі. Некаторыя асобіны бяруць мядзведзя ў адзіночку».
Да пачатку ХХ стагоддзя гэтая парода цалкам знікла.
Жэтон на шыі
Асноўная частка маёй сабачай калекцыі — жэтоны. Для пачатку трэба акрэсліць, чым адрозніваецца жэтон ад іншых «вісюлек», якія часам можна пабачыць на ашыйніку. Жэтон — гэта свайго роду дакумент, які нясе інфармацыю.
Жэтон можа сведчыць пра тое, каму сабака належыць (сюды можна залічыць і распаўсюджаныя сёння «адраснікі»), што сабаку зробленыя прышчэпкі ад пэўных хвароб (часцей за ўсё гаворка ідзе пра шаленства), што сабака хатні і за яго заплачаны падатак, што гэта паляўнічы сабака, за яго заплачаны падатак і яму дазволены выхад у паляўнічыя мясціны, што сабака браў удзел у выставе ці быў неяк адзначаны.
Самыя старыя ўзоры маёй калекцыі датаваныя XIX стагоддзем. Адзін з іх — круглы і літы, што вялікая рэдкасць, бо звычайна яны штампаваныя. Гэты жэтон куплены ў антыкварнай краме ў Хельсінкі, ён вісеў некалі на шыі сабакі з прыватнай псярні. Надпіс па-руску прачытаць не ўдалося, хоць, мяркуючы па ўсім, там напісана прозвішча ўладальніка.







Усе фота - аўтара.
Комментарии