Общество55

«Отец брал нас на оппозиционные митинги еще в 1996-м» — поговорили с сестрой Марии Колесниковой 

Пасля таго як затрымалі Віктара Бабарыку, асноўным голасам яго штаба стала Марыя Калеснікава. Пасля 7 верасня, калі Марыю выкралі невядомыя і хутка мы ўсе сталі сведкамі кінематаграфічнай гісторыі, у якой яна рве свой пашпарт на кавалкі, каб не пакінуць межы роднай краіны, на публічную арэну выйшла сястра Марыі — Таццяна Хоміч.

Менавіта яна зачытвала зварот да беларусаў Максіма Знака, якога таксама затрымалі праз два дні, 9 верасня.

Цяпер Марыя ў СІЗА ў Жодзіне, у статусе падазраванай па крымінальнай справе, звязанай з заклікам да захопу дзяржаўнай улады. На яе сваякоў зваліліся новыя перажыванні, звязаныя з перадачамі і неразуменнем: што будзе заўтра. 

Сёстры Марыя Калеснікава і Таццяна Хоміч

У гутарцы для «НН» Таццяна распавяла, як яны з усім гэтым спраўляюцца, пра іх дзяцінста, Марыю ў «Маладым Фронце», а таксама расказала пра іх разуменне сапраўднага сястрынства.

«НН»: Як у вас настрой, як вы ўсе падзеі перажываеце?

Таццяна Хоміч: Я, натуральна, перажываю, хвалююся: усё ж тое, што адбываецца, — гэта пераслед Марыі за яе погляды і дзеянні. Ніякіх злачынстваў яна не здзяйсняла. Проста яна не згодная з тым, што адбываецца ў Беларусі. І цяпер я разумею, што са свайго боку я павінна рабіць для агульнай справы штаба і для Марыі персанальна ўсё, што ад мяне залежыць, таму стараюся не здавацца, быць малайчынай, так бы мовіць. Улічваючы, што Маша і члены прэзідыума, сябры Каардынацыйнай рады затрыманыя, усё гэта матывуе працягваць працаваць далей, пакуль усіх іх не вызваляць.

Я далучылася да валанцёраў штаба Віктара Бабарыкі яшчэ ў маі і нейкі час нават спалучала абавязкі там з асноўнай працай (Таццяна працуе бізнэс-аналітыкам у IT-кампаніі — НН). Цяпер не спалучаю: я валанцёр Каардынацыйнай рады і рабіць нешта яшчэ не хапае часу. Не атрымліваецца фізічна. Усё гэта забірае шмат сілаў, але разам з гэтым і дае энергію, бо ты разумееш, што робіш нешта і для сябе, і для Беларусі.

Што тычыцца таты, то ён працягвае хадзіць на працу, ён інжынер. Адчуваецца, што ён таксама моцна перажывае, мы яго стараемся не турбаваць інтэрв’ю. Але трымаецца ён годна: трэба было арганізаваць для Машы перадачу, іншыя побытавыя пытанні вырашыць — усё гэта ён рабіў.

«НН»: Тое, што Марыя зрабіла з пашпартам, каб яе не выправадзілі з Беларусі, яе ранейшыя дзеянні і тое, што зараз робіце вы, дэманструюць добрае выхаванне. Чаму вас найперш вучылі бацькі?

ТХ: Галоўнае, што нам заўсёды даводзілі: вы павінны атрымаць добрую адукацыю, прафесію, каб пасля ні ад каго не залежаць. І ў цэлым так і атрымалася. Яны самі сапраўды шмат сіл уклалі ў нашу адукацыю: ад падрыхтоўкі да паступленняў, да дапамогі з той жа арганізацыяй стажыроўкі Машы ў Германіі. Пытанне адукацыі заўсёды было ў нашай сям’і ў прыярытэце.

Я ведаю, што некаторым жанчынам могуць казаць ужо ў 18: «Калі ты выйдзеш замуж?» У нас такое ніколі не пыталі, нават калі мы ўжо скончылі ўніверсітэты. І ў адносінах паміж маці і бацькам была выключная роўнасць.

«НН»: Ведаю, што вашы бацькі — мінчукі. А карані дзядуль-бабуль ідуць адкуль?

ТХ: Усе бабулі і дзядулі прыехалі ў Мінск ужо пасля вайны. Яны абсалютна з розных куткоў Беларусі: і з поўдня, там недалёка ад Лельчыц вёска, з-пад Лагойска, Чэрвеня і Бягомля. Бабуля і дзядуля па лініі таты працавалі ўсё жыццё на авіярамонтным заводзе. Бацькі маці — у праектна-канструктарскім бюро, звязаным з будаўніцтвам.

«НН»: У вас былі любімыя сямейныя месцы?

ТХ: У топе любімых месцаў дзяцінства, відаць, «Пінгвін» на Акадэміі навук. Там было вельмі смачнае марозіва. Такое ж яшчэ было на вуліцы Леніна, дзе цяпер гатэль «Еўропа». У «Пінгвіне» ў пэўны час з’явілася піца і кока-кола. Мы прыходзілі туды пастаянна, і гэта вельмі цёплы ўспамін, такія простыя радасці.

Яшчэ ў нас заўсёды была традыцыя недзе разам вандраваць. Яна і захоўваецца сёння. У маладосці, у савецкі час, у бацькоў, на жаль, не было магчымасці асабліва некуды выязджаць. І новыя краіны — Літву, Італію, Германію — мы адкрывалі разам. Бацькі ў нас вельмі класныя, з імі ніколі не засумуеш. Маці, на жаль, не стала ў мінулым годзе.

«НН»: У вас такое ідэальнае сястрынства, а ці былі канфлікты?

ТХ: Так, думаю, як і ва ўсіх дзяцей. Калі былі падлеткамі, напрыклад, маглі пасварыцца, калі адна ўзяла рэчы іншай. Ці наконт выбару музыкі, фільмаў. Не скажу, што ў нас моцна адрозніваліся густы, але Маша класічнай музыкі любіла слухаць зашмат з дзяцінства. Ну, і пасля ёй трэба было працягваць слухаць класіку, калі яна вучылася ў музычнай вучэльні, а пасля ў Акадэміі музыкі.

Марыя Калеснікава ў школе

Аднак і мне, і Машы бацькі пастаянна казалі: «Як жа вы можаце сварыцца, вы ж родныя сёстры, у вас бліжэй нікога не будзе». З узростам разумееш: так яно і ёсць. Мы — гэта той самы выпадак, калі сёстры — найлепшыя сяброўкі. Мы вельмі блізкія і можам разам бавіць час днямі. У мяне сапраўды няма нікога бліжэйшага за Машу.

«НН»: Я так разумею, хуліганства і дрэнныя паводзіны, галаўны боль бацькам — гэта не пра вас?

ТХ: Ведаеце, мы ж абедзве вучыліся ў музычных школах, таму нават часу кудысьці схадзіць пагуляць не было. Так што не, такое не пра нас. 

«НН»: Як тады Марыя трапіла ў «Малады Фронт»?

Марыя Калеснікава (злева) у маладафронтаўскія часы. Фота Іллі Кубліцкага

ТХ: На жаль, дакладна не згадаю. Здаецца, на той момант мне было гадоў 10. У нас розніца — чатыры гады, і гэта цяпер яна не адчуваецца, а ў дзяцінстве была істотнай. Відаць, мяне тады тое, што сястра ў «Маладым Фронце», не цікавіла. Здаецца, яна была там гады 2-3. І пасля згадвала той перыяд, як вельмі добры час. У яе там былі сябры.

Дарэчы, я памятаю, як Маша некалі тады перапісвала сабе ад рукі кніжку з правіламі тарашкевіцы, аўтарства Браніслава Тарашкевіча. Магчымасці зрабіць ксеракопію не было, а кніжка была рэдкай. Таму яна сабе яе канспектавала ў вялікі сшытак.

«НН»: Да гэтага года ваша сям’я з міліцыяй і судовай сістэмай ніяк не стасавалася, я так разумею?

ТХ: Не. Хаця мы хадзілі на палітычныя акцыі, нават усёй сям’ёй. Але праходзіла ўсё спакойна. Дакладна памятаю, як бацька браў нас з Машай на апазіцыйны мітынг у 1996 годзе. Гэта была «Мінская вясна». І пасля памятаю, як мы хадзілі на мітынг у 2006-м — ці то на Дзень Волі, ці пасля выбараў.

Цікава, што маці хадзіла на такія мерапрыемствы не вельмі актыўна, але аднаго разу, каб туды ўсё ж вярнуцца, ёй хапіла. Мы сустрэлі там шмат знакамітых людзей, пісьменнікаў, музыкаў. Маці вельмі натхнілася той атмасферай і тымі крутымі людзьмі. І зразумела, чаму ўсе на акцыі зноў вяртаюцца, у тым ліку і мы з татам. 

На жаль, зараз амаль няма часу, каб наведваць маршы.

«НН»: Маша-палітык з досведам у «Маладым фронце» і пасля «летняй інтэнсіўнай» школы ў штабе — гэта розныя ўзроўні?

ТХ: Насамрэч, недзе ўжо некалькі год сястра жыла ў вельмі інтэнсіўным працоўным графіку, у напружаным тэмпе. Яна прывозіла сюды нямецкіх кампазітараў, музыкаў, тэатралаў. Рабіла праекты на мяжы бізнэсу і мастацтва. У яе былі праекты і ў Беларусі, і ў Германіі паралельна. Па прафесіі яна — музыка, і навыкаў прадакт-менеджара, акрамя дадзеных пры нараджэнні, у яе не было, таму яна пастаянна пракачвалася. Шмат чытала прафесійнай літаратуры — асвойвала, напрыклад, праектны менеджмент і маркетынг. Гэта ўсё разам забірала шмат часу, і яна пастаянна расла.

Але ў штабе, праўда, да проста працы дадаўся пастаянны стрэс, звязаны з пераследам і затрыманнямі — гэта накладае дадатковыя складанасці. 

«НН»: У адной з гутарак вы казалі, што не здзівіліся, калі Маша парвала свой пашпарт. І ўсё ж, што вы яшчэ адчувалі ў той момант, калі даведаліся пра гэтую падзею? Агулам тое, што яна не з’ехала, — горшы варыянт у плане бяспекі для яе.

ТХ: Я адчула радасць за яе ўчынак. Бо я ведаю, як бы яна дрэнна сябе адчувала, калі б з’ехала, калі б у іх атрымалася яе вывезці гвалтоўна.

Я размаўляла з адвакатам — яна ведала гісторыю пра пашпарт, якую расказалі Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў, і Маша пасля пацвердзіла, што так і было. Што сапраўды іх прывезлі паасобку, яна села ў машыну апошняя і не магла выйсці. Але супрацоўнікі КДБ, якія гэта рыхтавалі, нават не падумалі, што можна так зрабіць, таму пакінулі ў салоне машыны пашпарты.

Я разумею, што Маша прымала рашэнне вельмі хутка, імправізацыйна. Ніхто нават не зразумеў, што адбылося. Калі б яна гэта не зрабіла, то была б на волі. Але ў іншай краіне. Яна паказала ўсім ім і беларусам, наколькі яна гатовая ісці да канца, наколькі яна ваярка, падаўшы прыклад.

«НН»: Вы неяк адсочваеце тыя фэйкі пра Машу і іншых членаў рады, якія з’яўляюцца на беларускім тэлебачанні ці ў прапагандысцкіх каналах?

ТХ: Я ведаю ўсё пра людзей, пра якіх робяць фэйкавыя сюжэты, я з імі знаёмая асабіста, таму мне нават не крыўдна. Кажуць і кажуць. Мне галоўнае самой ведаць, што ўсё гэта не так. Я з першага дня бачыла, як працуе штаб, размовы пра замежных паліттэхнолагаў і каардынатараў — гэта хлусня. У штабе адразу сабраліся беларусы, якім не ўсё роўна. Тыя, хто не ведаў адно аднаго раней. Гэта прафесіяналы, кожны ў сваёй справе, якія сустрэліся ў адным месцы. 

«НН»: У вас не было жадання вярнуць усё назад і адгаварыць Марыю займацца так шчыльна палітыкай тут, з такімі умовамі зараз? 

ТХ: Я думала пра гэта часам, бо, сапраўды, тое, што з намі адбываецца цяпер, гэта вельмі моцны стрэс, і ён працяглы. Я памятаю, як Маша казала: «Трэба наважыцца і зрабіць гэты крок». І першы час табе страшна, але потым ты да ўсяго прызвычайваешся. 

Нягледзячы на эмацыйныя арэлі, я разумею, што асабіста я зрабіла б усё тое самае, ведаючы, што будзе далей. Я паверыла ў Віктара Бабарыку, таму падтрымала штаб. Я нават памятаю, як наша маці яшчэ некалькі год таму, чытаючы пра яго, казала, што ён той чалавек, які мог бы стаць прэзідэнтам.

Калі нешта рабіць, калі не цяпер? Трываць яшчэ пяць год? Я не змагу, настолькі надакучыла ўся гэтая няправасць, што трэба спрабаваць гэта змяніць, нават калі ёсць мінімальны шанец.

Я не магу казаць за Машу, але, думаю, што яна таксама ні пра што не шкадуе.

«НН»: Вы думалі пра будучыню ў яе самым найгоршым сцэнарыі, што тады?

ТХ: У дадзены момант я нават пра гэта не думаю. Ëсць толькі адна мэта: у мяне затрыманая сястра і шмат добрых знаёмых, вельмі класных людзей, і, канечне, я вельмі хачу іх хутчэй пабачыць. Гэта для мяне важна тут і цяпер.

Комментарии5

Что за чемодан носит рядом с Лукашенко его охранник? Нет, там не ядерная кнопка20

Что за чемодан носит рядом с Лукашенко его охранник? Нет, там не ядерная кнопка

Все новости →
Все новости

«Таня, мы с тобой!». Власти запустили флешмоб в поддержку женщины в красно-зеленом ВИДЕО37

«Ты совершила настоящий поступок». «Динамо» записало ВИДЕО с благодарностью женщине в красно-зеленом23

Продажи новых автомобилей в Беларуси снова установили рекорд2

Почему избиратели голосовали за Трампа?4

«Снова съезжу в Минск, все решим». Украинский депутат, приезжавший в Беларусь, призвал Зеленского к переговорам с Россией10

Гендиректор «Беларусьфильма»: «Лістапад» — это БРИКС в сфере кино3

«Что возьмешь с этого деда?» На белорусской трибуне во время матча в Варшаве произошла потасовка4

Ликвидирована Пинская католическая семинария4

Двух российских контрактников приговорили в России к пожизненному за расстрел девяти человек в оккупированной Волновахе2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Что за чемодан носит рядом с Лукашенко его охранник? Нет, там не ядерная кнопка20

Что за чемодан носит рядом с Лукашенко его охранник? Нет, там не ядерная кнопка

Главное
Все новости →