Жыткавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу па ч. 2 арт. 316 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі маламерных судоў асобай, якая кіравала суднам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) у дачыненні да 40-гадовага мужчыны.

14 ліпеня каля 14 гадзін падазраваны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, кіраваў маторнай лодкай «Прагрэс» на возеры Белае ў Жыткавіцкім раёне.

У лодцы знаходзіліся дзевяць пасажыраў. Яшчэ адзін чалавек перавозіўся ў надзіманым балоне для катання.

Пры ажыццяўленні павароту лодачнік не справіўся з кіраваннем. Судна перакулілася і затанула.

Загінулі трое хлопчыкаў чатырох, пяці і сямі гадоў, маці старэйшага з іх, 1981 года нараджэння (усе жыхары Салігорска), і жыхарка Жыткавічаў, 1983 года нараджэння.

Целы загінулых дасталі з вады.

У выніку праведзеных першапачатковых следчых дзеянняў выяўлены шэраг парушэнняў з боку лодачніка, у тым ліку: маторная лодка не была зарэгістравана, у яе канструкцыю былі ўнесены змены, у судне перавозілася звышдапушчальная колькасць людзей, усе пасажыры былі без выратавальных камізэлек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0