«Гэты трафей памежнікі выявілі ў мікрааўтобусе з расейскімі нумарамі, які ў панядзелак з'явіўся на памежным пераходзе ў 13:30», — расказаў Рычард Худы, прэс-сакратар Мытнай Службы ў Ольштыне. «У мікрааўтобусе знаходзілася 8 пасажыраў з багажом. Шкура ляжала ў адной з валізак», — паведамляе polska-kaliningrad.ru.

Паводле папярэдніх ацэнак спецыяліста ў справах аховы выміраючых відаў жывёл і раслін, гэта шкура бурага мядзведзя (Ursus arctos), унесенага ў дадатак А да загаду Рады 338/97 у справах аховы прадстаўнікоў дзікай флоры і фауны. Вага шкуры складае больш за 12 кг.

«У факце незаконнай перавозкі прызнаўся адзін з турыстаў, грамадзянін Расеі, які патлумачыў гэты тым, што шкуру атрымаў у Сібіры ў якасці падарунка, і яна з'яўляецца яго ўласнасцю, — дадаў Рычард Худы. — Мужчыну прад'яўленае абвінавачванне паводле артыкула №128 аб ахове прыроды, згодна з якім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад 3 месяцаў да 5 гадоў».

Прэс-сакратар дадаў, што гандаль і правоз праз мяжу раслін і жывёл, а таксама прадукцыі з іх, якія ахоўваюцца Вашынгтонскай Канвенцыяй, строга забаронены.

Спадар Худы таксама адзначыў, што шкура хутчэй за ўсё застанецца ў Мытным ведамстве як навучальны інвентар. Але канчатковы вердыкт абвесціць суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?