Алег Цягнібок — новы лідэр украінскай правіцы. Фото Focus
Аб’яднанне «Свабода» нечакана набрала большасць галасоў на мясцовых выбарах.
Неспадзяваным вынікам закончыліся выбары ў аблраду Тарнопальскай вобласці на Заходняй Украіне. З 34% галасоў на іх перамаглі радыкальныя нацыяналісты з аб’яднання «Свабода». Другое месца занялі прыхільнікі прэзідэнта Юшчанкі з партыі «Адзіны цэнтр» з 14%, трэцяе — Партыя рэгіёнаў Януковіча з 10%. Правалам скончыліся выбары для цяперашняй прэм’еркі Юліі Цімашэнкі, партыя якой сабрала толькі 8% галасоў.
«Свабоду» ўзначальвае былы дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Цягнібок, які ў 2004 годзе заслужыў сабе спрэчную рэпутацыю заявай на адрас «маскалёў» і «жыдоў». Тады многія расцанілі ягоныя паводзіны як правакацыю, аплачаную з Масквы.
На мінулых выбарах у парламент ён сабраў толькі 0,7%, а ў Кіеўраду — менш за 3%. Цяпер ён абчасаўся, але ўсё адно займае пазіцыі на крайне правым флангу. Выглядае, што ў час крызісу ўкраінцы, расчараваныя паводзінамі традыцыйных партый, звязаных з буйным капіталам, звярнулі свае погляды да тых, у кім бачаць абаронцаў перадусім нацыянальных інтарэсаў.