Артыкул Віталя Сіліцкага «Дзе выгадуеце новых Быкавых?» («НН», №31, 19 жніўня) нагадаў адзін выпадак.

Чатыры гады таму я стажыраваўся ў ЗША, і ў Мінэапалісе быў зладжаны сэмінар-прэзэнтацыя нашай краіны. Адзін з амэрыканскіх журналістаў заявіў: «Я вычытаў у Інтэрнэце, што беларуская і расейская мовы вельмі падобныя. Навошта вам змагацца за адраджэньне беларускай? Ва ўмовах глябалізацыі пераход на расейскую адкрывае перад вамі новыя магчымасьці. Дый незалежнасьць Беларусі — толькі перашкода глябалізацыі». Завісла паўза. Рашэньне знайшлося нечакана хутка. «Перакладзі, калі ласка», — папрасіў я перакладчыка па-беларуску. Ён, эмігрант з Санкт-Пецярбургу, паглядзеў на мяне зьдзіўлена: «Не понимаю».

Гэта нам — беларусам і расейцам ў Беларусі — здаецца, што мовы нашых народаў такія блізкія. А расеец зь Піцера ня змог зразумець простую фразу: «Перакладзі, калі ласка». Бо ён ня жыў у нашай культурнай прасторы.

Больш нечаканай для мяне стала гутарка з амэрыканцам Томам, у якога я тады жыў. Том сказаў, што я няправільна адказваў на пытаньне: «Патрэбна было проста сказаць, што бяз мовы нацыя слабее і гіне, а таму і нармальнае разьвіцьцё дзяржавы немагчымае. А калі гэты дурань не зразумее, дык ён ва ўмовах глябалізацыі хутка вымушаны будзе вучыць кітайскую. Дурням трэба казаць, што яны дурні!»

Я не адразу прызнаў правату Тома, але сёньня падаецца, што ён меў рацыю. Нашыя талерантнасьць, рахманасьць, боязь пакрыўдзіць расейскую меншасьць у Беларусі ўжо прывялі да таго, што яна стала моўнай большасьцю.

Рашэньне «Нямецкай хвалі» ўскрыла нарыў. За праблемамі дэмакратызацыі палітычнага жыцьця неяк на другі плян адышлі праблемы культурныя і моўныя, але яны якраз і вызначальныя. Тэзісы ж аб прапагандысцкіх перавагах расейскай мовы вельмі спрэчныя. На ўласным досьведзе пераканаўся, што падчас выбарчай кампаніі беларускамоўнаму кандыдату лягчэй запомніцца выбаршчыку, а гэта палова посьпеху, было лягчэй менавіта дзякуючы нешматлікасьці ў гарадах Магілёўшчыны беларускамоўных. А асацыяцыя з апазыцыйнасьцю, нават на ўсходзе, апошнім часам стала, хутчэй, плюсам, чым мінусам.

Без нацыянальнага адраджэньня нам цывілізаванай заможнай краіны не пабудаваць. Тым, хто сумняецца, варта паглядзець на досьвед эўрапейскіх краін. Іх посьпех грунтуецца на разьвіцьці рынкавай эканомікі, самакіраваньня грамадства і нацыянальнай культуры. І рэцэпт не працуе бяз трэцяга складніку. Менавіта з гэтай прычыны праблема адраджэньня мовы павінна вярнуцца ў цэнтар і нашых дыскусій, і нашай дзейнасьці. Ну, а тым «дурням», хто гэтага не разумее ці ня хоча разумець, каго сусьветныя прыклады не пераконваюць, ня грэх і нагадаць, хто яны ёсьць.

АЛЯКСАНДАР АГЕЕЎ – дэпутат Магілёўскага гарсавету

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0