Першае месца ў Францыі заняў Нацыянальны фронт. У Брытаніі перамагае Партыя незалежнасці. Абедзве гэтыя сілы галаслівыя, еўраскептычныя і, што характэрна, падтрымліваюць Пуціна.

І ў Францыі, і ў Брытаніі ультраправыя перамаглі ўпершыню ў гісторыі. Партыя незалежнасці Брытаніі сабрала 29% галасоў. На Альбіёне гэта першыя ад 1910 года выбары калі перамагаюць не кансерватары або лейбарысты, якія раней чаргаваліся ва ўладзе.

У Францыі поспех Марыны Лё Пэн (25%) звязаны з непапулярнасцю сацыялістычнага ўрада Алянда (14,5%) і непераканаўчасцю традыцыйнай правай апазіцыі (21%).

На фоне заходняга ўскрайку кантынента Германія выглядае выспай стабільнасці. Там першае месца занялі хрысціянскія дэмакраты Ангелы Меркель (36%). На другім — сацыял-дэмакраты (21,5%).

У Італіі ўпэўнена перамагла левацэнтрысцкая Дэмакратычная партыя прэм'ера Рэнцы. Яна набрала 41% галасоў. У папулісцкага руху «Пяць зорак» 19%, у партыі Берлусконі 15%.

У Даніі ультраправая Народная партыя набірае 23%. Затое антыісламская, еўраскептычная Партыя свабоды ў Нідэрландах займае толькі чацвёртае месца пасля лібералаў, хрысціянскіх дэмакратаў і правацэнтрыстаў.

У Вугоршчыне крайне нацыяналістычны Jobbik сабраў 15%. Паводле шматлікіх сведчанняў, Jobbik, як і балгарская ультраправая «Атака» атрымліваюць фінансаванне з Масквы праз фірмы, блізкія да «Газпрома».

У Аўстрыі 11% галасоў набрала і заняла трэцяе месца ультраправая Партыя свабоды, якая таксама засвяцілася падтрымкай дзеянняў Расіі. У Грэцыі крайне левая «Сырыза» хоць і саступіла па падтрымцы суме галасоў за кіруючыя Новую дэмакратыю і ПАСОК, але стала самай папулярнай партыяй.

У Польшчы апазіцыйная партыя «Закон і справядлівасць» зусім трохі апераджае ўрадавую Грамядзнскую платформу. Выбарчы парог упершыню перакрочылі правыя папулісты з Канфедэрацыі незалежнай Польшчы на чале з Янушам Корвінам-Міке. У парламент таксама праходзяць Сацыял-дэмакратычная лявіца і Польская сялянская партыя.

У Латвіі перамагло праеўрапейскае «Адзінства» і дзве правацэнтрысцкія парыті ўрадавай кааліціі. Ад іх адстала прарасійская «Згода».

У Літве з нязначнай перавагай перамаглі сацыл-дэмакраты. Ад іх трохі адсталі кансерватары з Саюза айчыны, а таксама левацэнтрысцкія і папулісцкія Партыя працы і «Парадак і справядлівасць».

У Швецыі сацыял-дэмакраты моцна абышлі кіруючую кансерватыўную партыю Памяркоўных.

Еўрапарламент не мае мае вялікіх рэальных правоў, таму на выбары ў яго прыходзіць менш выбарцаў, чым на нацыянальнае галасаванне. Напрыклад, у Польшчы галасавала толькі 23% выбарцаў. Прыходзяць пераважна людзі, якія «жывуць палітыкай», а гэта павялічвае працэнт галасоў за крайнія палітычныя сілы. У той жа час Еўрапейскі парламент, што засядае ў Брусэлі і Страсбургу, гэта форум, на якім кантактуюць палітычныя эліты розных краін і выпрацоўваецца супольная еўрапейская палітыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?