Прадзеда Аляксандра Доўбіка выслалі ў Сібір пры цары, дзеда і бацьку расстралялі сталіністы, сам ён сядзеў у часы Хрушчова.

30 сакавіка на 95-м годзе жыцця памёр Аляксандр Доўбік, ветэран вайны, вязень ГУЛАГу. Чалавек, які рэшту жыцця прысвяціў адстойванню права на справядлівую кампенсацыю за савецкія рэпрэсіі. Аляксандр Сафронавіч змагаўся не толькі за ўласны гонар, ён хацеў стварыць прэцэдэнт для ўсіх тых беларусаў, што трапілі ў гулагаўскія жорны.

Гісторыя роду Аляксандра Доўбіка, як і многіх іншых беларусаў, надзвычай драматычная. Ягонага прадзеда выслалі ў Сібір за дапамогу паўстанцу-каліноўцу. Дзеда і бацьку расстралялі, звінаваціўшы ў шпіянажы на карысць Польшчы. Бабуля, маці і цётка прайшлі праз пекла лагераў і высылкі. У 1958 годзе Аляксандр Доўбік, удзельнік вайны, вясковы настаўнік, атрымаў 10 год мардоўскіх лагераў. Ён напісаў лісты тагачасным кіраўнікам ЗША, Англіі і Індыі, у якіх прасіў паўплываць на кіраўніцтва СССР. Адбыў палову тэрміну, быў рэабілітаваны ў 1991 годзе. Адрэзак жыцця паміж вызваленнем з лагера і рэабілітацыяй таксама быў непросты: нагляд спецслужбаў, ціск на працы, звальненні.

У 1990-я Аляксандр Сафронавіч далучыўся да дэмакратычнага руху. Рэгулярна, пакуль дазваляла здароўе, удзельнічаў у дзядоўскіх шэсцях у Курапаты. І працягваў пісаць. Гэтым разам міністру унутраных спраў Уладзіміру Навумаву і Мітрапаліту Філарэту — у першага пытаў пра расследаванне фактаў вандалізму з Курапатах, другога прасіў паспрыяць пабудове ва ўрочышчы капліцы.

У 2009 годзе адбыўся першы суд, якім вязень ГУЛАГу распачаў змаганне за годную кампенсацыю за гады лагераў. На той момант ён шосты год жыў у інэрнаце для састарэлых у Карэліцкім раёне. Марыў набыць кватэру ў Мінску, каб дажыць век побач з сем’ямі сыноў.

Улады не знайшлі сродкаў для несправядліва асуджанага вязня ГУЛАГу. Што, між іншым, не перашкодзіла ім паспрыяць стварэнню адыёзнага комлекса «Лінія Сталіна». Аляксандр Сафронавіч дайшоў да Вярхоўнага суда, збіраўся звяртацца ў міжнародныя арганізацыі. Але няўмольны час узяў сваё.

Жыхар Карэлічаў Аляксандр Самец, які апошнія амаль дзесяць гадоў адведваў былога вязня ў інтэрнаце, ладзіў яму сустрэчы з журналістамі, расказаў пра адно з апошніх жаданняў Аляксандра Доўбіка.

— Ён расказваў, што трэба напісаць па яго смерці на магіле. Прасіў побач з прозвішчам ды ініцыяламі пазначыць «А.К.». Я пажартаваў, што ён у Армію Краёву запісаўся, а Аляксандр Сафронавіч патлумчыў — «А.К. » значыць ахвяра камунізму, — расказаў Аляксандр Самец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?