Белстат апублікаваў падрабязныя дадзеныя даследавання наконт таго, як жыхары краіны размяркоўваюць свой час. У апытанні прымалі ўдзел беларусы, старэйшыя за 10 гадоў. Яны фіксавалі ў спецыяльны журнал свой графік дня: у колькі прачнуліся, у колькі паехалі на працу і гэтак далей.

Атрыманыя лічбы шмат у чым нагадваюць «сярэднюю тэмпературу па бальніцы». Напрыклад, калі з дзвюх жанчын працуе толькі адна, атрымліваецца, што кожная з іх працуе па чатыры гадзіны.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Тым не менш, некаторыя цікавыя лічбы для аналізу ў даследаванні ёсць.

Размеркаванне часу ў мужчын

На сон ідзе 36,2% часу (8 гадзін 41 хвіліна). Тут і далей гэта сярэдняя лічба за ўсе дні тыдня — у выходныя ўдаецца паспаць на гадзіну больш, чым у будні.

Свабодны час складае каля 5 гадзін (21,3%), праца — каля 4 гадзін (16,7%). Нарэшце, на вядзенне хатняй гаспадаркі траціцца дзве з паловай гадзіны (9,5%).

Размеркаванне часу ў жанчын

У беларускіх жанчын прапорцыі істотна адрозніваюцца. Спяць яны прыблізна столькі ж — 36,5% часу.

Затое другім па папулярнасці заняткам з’яўляецца не праца, а хатняя гаспадарка. Гэтым жанчыны займаюцца 19,2% часу — больш за чатыры з паловай гадзіны. Толькі пасля ідуць свабодны час (17,8% часу) і праца (11,6%).

Як дзеліцца хатняя праца?

Надзвычай паказальна выглядае падзел хатняй працы па канкрэтных занятках.

Занятак Жанчыны Мужчыны
Прыгатаванне ежы 1 гадзіна 13 хвілін 14 хвілін
Мыццё посуду 23 хвіліны 4 хвіліны
Уборка 28 хвілін 8 хвілін
Бялізна, адзенне, абутак 19 хвілін 1 хвіліна
Час з дзецьмі 32 хвіліны 11 хвілін

Мужчыны «аддуваюцца» за дваіх толькі падчас рамонту і дагляду аўтамабіля — агулам 19 хвілін за дзень супраць 1 хвіліны ў жанчын.

Топ-7 канкрэтных фактаў і тэндэнцый

  1. Беларускія мужчыны працуюць на паўтары гадзіны больш, чым жанчыны.
  2. Свабоднага часу ў мужчын на 50 хвілін больш. Гэтыя «дадатковыя» хвіліны трацяцца перадусім на прагляд фільмаў ці тэлебачання.
  3. У камп’ютарныя гульні мужчыны гуляюць утрая часцей за жанчын.
  4. У сямейных парах хатняя праца дзеліцца паміж жонкай і мужам у прапорцыі 71/29.
  5. Самыя забяспечаныя працуюць удвая больш за малазабяспечаных і спяць на гадзіну меней.
  6. Падзел хатняй працы паміж мужчынамі і жанчынамі пачынаецца з дзяцінства. Ужо ва ўзросце 10-15 гадоў хлопчыкі ўдвая радзей мыюць посуд і прыбіраюцца ў доме.
  7. У дзяцей адпачынак за камп’ютарам і тэлевізарам займае аднолькавую колькасць часу. У старэйшых пакаленняў фіксуецца адназначная перавага тэлевізара.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?