Усяго патроху2

Як у Валодзькаве пад Глыбокім «жанілі Цярэшку»

Даўней у нашай беларускай вёсцы не толькі бульбу садзілі, жыта сеялі ды каноплю вольна вырошчвалі! Гэтак, як добра працавалі, так і цэлай вёскай весела адпачывалі!

Чакаем пад’езду палачанаў. П’ём гарбату. Галляш Сялява з Браслава, сябра Глыбоцкай філіі БАЖа наладжвае дуду

Мы ледзьве не згубілі цэлы пласт нацыянальнай культуры! Можа і згубілі б канчаткова, але сёння і Беларусь ужо стала іншай. Прыходзіць разуменне, асабліва ў пакалення, якое нарадзілася ў незалежнай краіне, што і мова нашая прыгожая, і гісторыя ў нас вялікая, і культура наша адметная!

Вельмі цудоўна, што і ў нас на Глыбоччыне ёсць нямала людзей, якія адраджаюць нашыя даўнія традыцыі! Віталь Воранаў паставіў на мэце адрадзіць дударства на Глыбоччыне, каб у нашым горадзе праводзіўся Усебеларускі дударскі фэст! А вось Таццяна Смоткіна, старшыня глыбоцкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) узялася за адраджэнне, а можна сказаць — за вяртанне старадаўняга беларускага абраду «Жаніцьба Цярэшкі» на Глыбоччыне.

Некалі аўтар гэтых радкоў — дваццаць-трыццаць гадоў таму — цікавіўся ў 80-90-гадовых старажылаў, як людзі даўней жылі ў вёсках, чым займаліся, як адпачывалі…

Кракавяк

— У Прыперна «Цярэшку жанілі»! — сцвярджаў Пятро Вярцінскі.

Пытаю Яўгенію Гапанёнак, нашую сталую чытачку з Варганоў (Докшыцкі раён), якая завітала да нас працягнуць рэдакцыйную падпіску: «Ці «жанілі» ў вашых Варганах калісьці «Цярэшку»?»

— А як жа! «Жанілі Цярэшку»! Праўда, даўнавата гэта было — у 1950-я. Я малая была, але памятаю. Недзе аж да 1960-х жанілі. Цяпер ужо не жэняць…

Наогул, што гэта за абрад такі — «Жаніцьба Цярэшкі»? Цяпер дзяўчыне ці мальцу, каб пазнаёміцца і знайсці сваю палавінку, ладзяць у сельскім клубе ці гарадскім Доме культуры вечары, танцы, дыскатэкі… Так, шаноўнае спадарства, Вы зразумелі — гэта адзін са спосабаў пазнаёміцца маладым людзям. А даўней не было дыскатэк. Была «Жаніцьба Цярэшкі».

Адна з забаваў «Цярэшкі». Седзечы на лаве, спіна да спіны, «жаніх і нявеста» мусяць адначавова павярнуцца тварам да твару. Атрымалася! Буська! Не? Спрабуй ізноў!

Цэлы забаўляльны абрад, з гульнямі, танцамі, загадкамі, жартамі. Дзе тут, у ролі вядоўцаў — уяўныя або і рэальныя «бацька» і «маці» дапамагаюць «сыночку Яначку (ці Валодзечку) абраць сабе парачку». Тады, у даўнія часы, гэта не выглядала пастановачна, як цяпер, тады ўсё было натуральна, і, як меркавалася, насамрэч, сыночак Яначка абярэ сабе парачку, напрыклад, Зосечку! Яны пажэняцца!

А што адраджаем сёння, хоць і пастановачна? Свята! Яго можна паказаць усім, хто цэніць беларускую культуру, запрасіць гасцей здалёку і зблізку, сустрэцца са старымі знаёмымі і сябрамі, якія таксама, імаверна, паўдзельнічаюць у гэтай імпрэзе. Свята для саміх сябе, якое зладзілі дарослыя — замужнія і жанатыя — цёткі і дзядзькі, якія маюць ужо і сваіх дзяцей. Ці пярэймуць сёння «Жаніцьбу Цярэшкі» сельскія, ці гарадскія Дамы культуры, мо, ужо, і не так важна. Цяпер, адназначна, што на Лепельшчыне і Глыбоччыне, традыцыйна, штораз — на Стары Новы год — будзе ладзіцца абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Будуць з’язджацца глыбачане, шаркоўцы, браславяне, палачане, лепельчане…

Першы раз абрад «Жаніцьба Цярэшкі» Таццяна Смоткіна арганізавала роўна год таму у малой зале Глыбоцкага Гарадскога цэнтра культуры. Прыйшло паўдзельнічаць і паглядзець нямала людзей, і зала падалася замалай!

Браслаўскія і лепельскія музыкі

На гэты раз рашылі правесці «Жаніцьбу Цярэшкі» ў большай зале, на аграсядзібе Юлі Букі «Родны кут» у Валодзькаве. Але і вялікая вясковая хата сталася цяпер замалай, бо сабралася яшчэ больш людзей!

Прыехаў з Браслава Галляш Сялява, журналіст, краязнаўца, дудар і сябра Глыбоцкай філіі БАЖа, прыехалі журналісты з Шаркоўшчыны, завітала полацкая грамада — сябры тамтэйшай філіі БАЖа, юрысты, праваабаронцы, краязнаўцы, і проста, за кампанію з імі, іх сваякі: жонкі і дзеці. Натуральна, найбольшая «масоўка» была глыбоцкая. Самая прадстаўнічая каманда — з Лепеля. Менавіта за сцэнар правядзення абраду «Жаніцьба Цярэшкі» ўзяты лепельскі варыянт (бо іншага проста няма ў нашым рэгіёне).

Лепельчане першымі ў нашым Прыдзвінскім краі адрадзілі гэты абрад: яны ездзілі па вёсках, шукалі бабулек, апытвалі, запісвалі абрадавыя песні і саму хаду правядзення абраду. Так нарадзіўся сцэнар, па якім на Лепельшчыне ўжо колькі гадоў запар праводзяць абрад «Жаніцьба Цярэшкі».

Забава «Вішанька». «Нявеста» стаіць на зэдліку, а «жаніху» трэба з разбегу апёрціся на рукі, якія ляжаць на плячах двух інших «жаніхоў», падскокнуць і даць буську ў вусны «нявесты». Некаторыя смаглі толькі з трэцяй спробы.

Сама лепельская каманда з’яўляецца самадастатковай для правядзення падобнай імпрэзы, бо мае не толькі сцэнар, але і музыкаў з адпаведнымі інструментамі: дудой, скрыпкай і рознымі відамі ўдарных інструментаў, апроч таго, выканаўцы маюць і беларускія народныя строї. Таму «бацькамі» ў глыбоцкай «Цярэшцы» былі лепельчане — Васіль Шкіндзер і Наталля Мірановіч.

Усё атрымалася вельмі файна! Прысутныя былі задаволеныя! Некаторыя дзяліліся ўражаннямі — неверагодна, што з першага разу супольная глыбоцка-браслаўска-шаркоўска-полацка-лепельская грамада змагла зладзіць для сябе такі цудоўны адпачынак!

Пасля «Жаніцьбы Цярэшкі» адбылася сяброўская вячэра. Кожны меў магчымасць прэзентаваць самога сябе. Адзін з палачанаў прадставіўся праваабаронцам і ўніятам. Хлопец з Лепеля (ураджэнец Докшыцаў) прадставіўся літвінам, які любіць беларускую мову, шануе беларускую культуру і гісторыю.

Лявоніха

Наталля Мірановіч з Лепельшчыны, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў сельскай школе, якая грала ролю вядоўцы, г.зн «маці», сказала: «Спачатку я шкадавала, што па размеркаванні патрапіла не ў гарадскую школу, а сельскую. Цяпер, наадварот, радая! Менавіта сельскія вучні натуральна ўспрымаюць беларускую мову і літаратуру. Мае вучні не саромяцца апранаць строі з вышыванкамі, удзельнічаць у тэатралізаваных беларускіх пастаноўках! Яны ходзяць па бабульках — запісваюць успаміны».

Ойра

Дарэчы, хто не ведае, дзявочае прозвішча першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай, насамрэч, — Цярэшка. Яе бацькі — з Беларусі. Сама яна пра гэта публічна аднойчы паведаміла, як і тое, што не адразу змагла перайсці з беларускай на рускую мову.

Каментары2

Сталі вядомыя падрабязнасці трагічнай смерці міністра Аўраменкі. Тут таксама след КДБ2

Сталі вядомыя падрабязнасці трагічнай смерці міністра Аўраменкі. Тут таксама след КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Хто гэты галкіпер-унікум, які ўчора адбіў усе тры пенальці?

Як Украіна вызваляе з Беларусі сваіх. Тлумачэнне ўкраінскага эксперта3

Падсанкцыйныя аўто і грузавікі ўсё адно трапляюць у Беларусь і Расію, але ёсць нятанны нюанс2

Краіну накрыла непагадзь ФОТА1

Казахскі журналіст, у якога стралялі ў Кіеве, памёр у бальніцы

«Кадэбіст у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, пачынаў мяне душыць»10

Дыёгу Кошта адбіў усе тры пенальці і выцягнуў Партугалію ў чвэрцьфінал

Белінгем пасля матча Англія — Славакія паказаў непрыстойны жэст

Валерый Кавалеўскі патлумачыў, чаму пакінуў Кабінет Ціханоўскай9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці трагічнай смерці міністра Аўраменкі. Тут таксама след КДБ2

Сталі вядомыя падрабязнасці трагічнай смерці міністра Аўраменкі. Тут таксама след КДБ

Галоўнае
Усе навіны →