Ва ўкраінскі Луцк можна ездзіць і безадносна да вялікіх нагодаў. Гэта атмасферны горад са старой архітэктурай і замкам, які помніць Вітаўта, недарагімі па мінскіх мерках кавярнямі-кнігарнямі і пешаходнай вуліцай імя Лесі Украінкі.

Дарога туды аўтобусам займае каля дзевяці гадзін з улікам памежных надглядаў. Але не выспацца гэтую ноч было варта, каб трапіць на паэтычны фестываль «Meridian Lutsk».

У Луцку жыве 215 тысяч чалавек — як, скажам, у Бабруйску. Імпрэзы паэтычнага фестываля наведалі каля тысячы з іх. Хто ўсе гэтыя людзі, што вымушае іх хадзіць з імпрэзы на імпрэзу, слухаць паэзію і задаваць пытанні паэтам?

Па-першае, ва Украіне літаратура — папулярны ў шырокіх масах від мастацтва. Пісьменнікі ездзяць з прэзентацыямі сваіх кніг і збіраюць залы, у кнігарнях вочы разбягаюцца ад багацця ўсяго, што ёсць па-ўкраінску.

Не апошнюю ролю сыграла і тое, што большасць творцаў былі прыезджымі. У тым ліку і з нашай краіны.

На досыць камерную сустрэчу з беларускай паэткай Настай Кудасавай у кавярню ўціснулася чалавек сорак — месца за столікамі хапіла не ўсім. 

Фота Ірыны Палятухі, MeridianLutsk.

Фота Ірыны Палятухі, MeridianLutsk.

«Яна цудоўна чытае свае вершы, так па-жаноцку, — захапляецца адна са слухачак, мастачка Кацярына. — І здорава, што прасіла задаваць пытанні, было вельмі цікава слухаць». Каця — светлавалосая прыгажуня з маленькага сяла Валынскай вобласці, вучыцца ў каледжы культуры. Яна хадзіла на імпрэзы фэсту ўсе тры дні — за натхненнем, новымі вобразамі. Асноўная аўдыторыя фестывалю — такія, як Каця, моладзь 20—30 гадоў. Працэнтаў 30 — людзі сярэдняга веку, якія прыйшлі найперш паслухаць мэтраў.

Пісьменніца, інтэлектуалка і ікона ўкраінскага фемінізму Аксана Забужка прэзентавала кнігу малой прозы «Пасля трэцяга званка ўваход у залу забаронены», а таксама чытала тэксты з леташняй кнігі публіцыстыкі «І зноў я ўлажу ў танк».

«Гэтай кнігай я сплаціла свой грамадзянскі абавязак. Далей можна займацца чыстай літаратурай», — сказала яна.

Адзін з тэкстаў Забужкі быў прысвечаны дэпартацыі. Тэме трагічнай, але неасэнсаванай у культуры. Дэпартацыі закранулі, бадай, і кожную беларускую сям’ю. Беларуская культура да гэтай тэмы яшчэ не дабралася. Фота volynnews.com.

Адзін з тэкстаў Забужкі быў прысвечаны дэпартацыі. Тэме трагічнай, але неасэнсаванай у культуры. Дэпартацыі закранулі, бадай, і кожную беларускую сям’ю. Беларуская культура да гэтай тэмы яшчэ не дабралася. Фота volynnews.com.

Ленін і ўнітаз

Адной з атракцый фэсту сталі самі месцы, у якіх адбываліся чытанні.

Арганізатары стараліся выбраць для кожнай імпрэзы нешта трапнае: муры езуіцкага калегіума, яўрэйскі цэнтр і нават зала пасяджэнняў гарсавета.

Выступоўцы сядзелі ў прэзідыуме, слухачы — на месцах дэпутатаў.

Так арганізатары хацелі падкрэсліць, што гэтыя тры дні ў горадзе ўладарыць паэзія, што палітыка — частка культуры.

У гарсавеце чытала міжнародная суполка: лучане Пятро Карабчук, Алена Кыцан-Пашук і самая маладая ўдзельніца Юлія Нікіцюк, паляк Багдан Задура, літовец Геркус Кунчус (Herkus Kunčius) — ён чытаў урывак з рамана «Літовец у Вільні» (настолькі знаёмая і ў той жа час новая Вільня паўстае праз гэты тэкст! Вось бы нехта пераклаў яго на беларускую) — і іранічны эстонец Юрген Рустэ (Jürgen Rooste).

Апошні выклікаў замілаванне аўдыторыі вершам пра Леніна і ўнітаз. Аўтар дапусціў, што ў Цюрыху Ленін трапіў на выставу мастацкай плыні дадаістаў, дзе сярод іншага пабачыў твор Марсэля Дзюшана:

Ён выставіў пісуар і назваў яго «Фантан».
І Ленін пабачыў ды зразумеў, што гэта было добра!
Ён захацеў стварыць нешта падобнае, такое ж прыгожае, адметнае і моцнае…
І зрабіў. Ён стварыў унітаз велічынёй з цэлую дзяржаву,
за якой мы, эстонцы, назіралі 20 гадоў звонку,
а потым паўстагоддзя зсярэдзіны,
З самага сэрца мастацтва.
Я знаю: камунізму не існавала. Прынамсі ў Савецкім Саюзе быў толькі дадаізм.
Той унітаз велічынёй з адну шостую планеты
меў фатальны ўплыў на маё пачуцце мастацтва.
Дагэтуль я не магу пазбыцца ўражання,
нібы жыву ў кніжцы, нібы ў фільме, нібы ў гіганцкім унітазе,
І неўзабаве рука злога творцы націсне на зліў — пшшш!

Паэзія гучала ў арыгінале, а пераклад трансляваўся на экране ці зачытваўся услед за арыгіналам.

Досвед Луцка паказвае: паэтычныя чытанні ў Мінгарвыканкаме — задача выканальная, варта толькі спрабаваць. 

Паэтка, пра якую беларусы яшчэ пачуюць

А пра адну з луцкіх паэтак, што дэбютавала на вялікай сцэне, вы абавязкова яшчэ пачуеце. Яе завуць Юля Фінкоўская, ёй 22 гады. Юля нарадзілася ў горадзе Чорткіў Цярнопальскай вобласці, але паступіла на філфак луцкага Усходнееўрапейскага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі (таго самага, дзе сёлета пачнуць вывучаць беларускую мову) ды засталася на Валыні. Працуе журналісткай.

Юля самастойна вучыць беларускую мову — «марскую мову з хвалямі нескладовых «ў». Мову краіны, у якой пакуль ні разу не была.

Дзяўчына захапілася беларускай, трапіўшы на канцэрт Паліны Рэспублікі. «Птушка», «каханне», «чароўны» — першыя словы, вывучаныя з Палініных песень. Да слова, цяпер Юліна захапленне — Лявонава «Белая яблыня грому».

Юля падрыхтавала ўжо тры паэтычныя зборнікі на роднай мове. А паўгода таму, у чэрвені, напісала першы беларускі верш. Кажа, пісалася з трымценнем, нібы ў 15 гадоў:

Падае восень з костачак першай айвы,
цені на сценах, як рэкі, цалуюць рукі.
Ў горле маім
вырастаеце
астрамі
Вы,
і праз маўчанне пялёсткі глытаюць гукі.

Як нараджаюцца беларускія Юліны вершы? Яна чытае беларускія тэксты, і ў галаве асядаюць новыя словы, якія потым доўга абдумваюцца, смакуюцца і аднойчы складаюцца ў адно. «Я прачынаюся на гадзіну раней, каб перад работай трохі павучыць граматыку, а ўвечары кладуся пазней, бо чытаю якую-небудзь добрую кнігу па-беларуску» — кажа Юля. І вось які вынік:

Глядзі на мяне!
Пакуль цвет носіць пад сэрцам
будучыя абрыкосы,
пакуль віны ў лісце вінаградным
тужліва галосяць,
пакуль смак чараўніцтва цячэ
з паветра ў косы,
пакуль месяц яшчэ босы,
глядзі на мяне!..

Паэзію Юлі Фінкоўскай можна чытаць на старонцы ў фэйсбуку, а для беларускамоўных допісаў ёсць асобны хэштэг — #мова_птушак.

Ларыса Геніюш ажыла

Што кінулася ў вочы: украінцы не баяцца працаваць са сваімі даўнімі гістарычнымі траўмамі. Пра рэпрэсіі, пра Другую сусветную, пра нейкую нязручную праўду (а ў якога народа такой няма) гавораць гучна, слухаюць ахвотна, хоць і выціраючы слёзы. 

У Луцку паставілі «Монадзеі ў чырвоным» — спектакль па матывах біяграфій сямі творцаў ХХ стагоддзя. На працягу 12—14 хвілін кожны з сямі акцёраў луцкага аматарскага тэатра «Гармідар» расказваў біяграфію свайго героя, суправаджаючы аповед жэстамі і рухамі. Здаецца, ніводзін глядач за гэтыя паўтары гадзіны не сышоў.

Фота Daniel Hetman.

Фота Daniel Hetman.

Супрацоўніца фірмы па продажах магазіннага абсталявання Наталля Шэпель сыграла беларускую паэтку Ларысу Геніюш.

Дзяўчына ў простай кашулі надзявае чырвоную сукенку і становіцца юнай Ларысай — дарослай дачкой у вялікай і шумнай сям'і. Потым — нявестай і жонкай (нарэшце адшукала сабе мужа — не паляка, не рускага, а беларуса!). А потым — арышт, лагеры і да самага канца немагчымасць пабачыцца з сынам, які апынуўся па той бок мяжы.

Спектакль у холе абласной бібліятэкі наведалі паўтары сотні чалавек. Сядзелі ў крэслах, на прыступках, стаялі на балконе.

Хоць «Гармідар» — тэатр аматарскі, але кожны лучанін зробіць агаворку — гэта вельмі прафесійны тэатр, сапраўдны гонар Луцка, кожная прэм'ера гучыць на ўвесь горад.

І мастацкая літаратура, і самы напружаны трылер прайграюць біяграфіі чалавека ХХ стагоддзя. Гэта сюжэты, драматычнейшыя за якія не прыдумаеш, і пачуцці, якія не сыграеш. Я глядзела спектакль і ўяўляла, якая п'еса атрымалася б з жыцця маіх дзядоў…

Артысты пластыкай паказвалі тое, праз што прайшлі людзі ХХ стагоддзя: спадзяванне, арышт, высылка, расстрэл, эміграцыя…

Артысты пластыкай паказвалі тое, праз што прайшлі людзі ХХ стагоддзя: спадзяванне, арышт, высылка, расстрэл, эміграцыя…

Акрамя Геніюш, героямі спектакля сталі польскі нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш і шматразовая намінантка на Нобеля з Эстоніі Марыя Ундэр, паляк Юзаф Лабадоўскі і яго каханая Зузана Гінчанка, расстраляная ў Кракаве ў 27 гадоў, яўрэй з Чарнаўцоў Паўль Цэлян, які адзін з усёй сям'і змог выжыць у вайну, але не перажыў эміграцыі, і Алена Тэліга, украінская пісьменніца з беларускімі каранямі, расстраляная ў Бабіным Яры пад Кіевам у верасні 1941-га.

Прыслухацца да чужога голасу

Пра Бабін Яр на фэсце гаварылі і з іншай нагоды — на прэзентацыі кніжкі «Галасамі» ўкраінскай паэткі Марыяны Кіяноўскай. Кожны верш у зборніку — расповед ад першай асобы, гісторыя пэўнага чалавека, якога расстралялі ў Кіеве ў 1941—1943 гадах. Гэта жанчына, якая стомлена глядзіць у вочы гэтай апошняй смерці — бо ўсе папярэднія смерці яна ўжо перажыла. Гэта чыесьці нявесты і жаніхі, якія шкадуюць свой Кіеў, сваіх бацькоў і так хочуць кахаць! Хлопчыкі, якія толькі што біліся і сварыліся, спазнавалі радасці і беды жыцця. Адзін з іх у чарзе на расстрэл заклінае сябе: «Я выжыву і стану проста татам», бо таты не паміраюць». Другі туліцца да старэйшага знаёмца, бо без мамы так страшна.

Фота MeridianLutsk.

Фота MeridianLutsk.

64 вершы, розныя па структуры і мелодыцы, нібы сапраўды прамоўленыя рознымі людзьмі. Большасць забітых былі яўрэямі, але няма сумневаў, што Бабін Яр — гісторыя Украіны, трагедыя ўкраінцаў. Кіяноўская нарадзілася пад Львовам у рэнесансным мястэчку Жоўква. «Я не яўрэйка, але я чалавек, і магу адчуць тое, што адчувае іншы. Я магу ўявіць, што адчувалі яўрэі, калі іх вялі на расстрэл», — кажа яна.

Высокая тая культура, якая адчувае сваю адказнасць, сваю датычнасць да іншых культур, што жывуць побач. Датычнасць да чужога гора. Гэта адчуванне яднае і робіць мацнейшымі.

Сама Кіяноўская не магла чытаць «Галасамі» без слёз.

Бок у бок

На фэсце гаварылі і пра балючую сучаснасць, хоць казаць было яшчэ цяжэй. У Луцку прысутнічалі паэты з шасці суседніх краін. Акуратна пытаюся, ці не думалі арганізатары запрасіць каго з расійскіх творцаў. Але гэтая рана яшчэ моцна крывіць. «Расійскіх аўтараў мы не разглядалі, — кажа піяр-менеджарка «Мерыдыяну» Ірына Палятуха. — У сувязі з канфліктам на ўсходзе гэта сапраўды цяжка. Мы разумеем, што культура — у многіх сферах аўтаномная з’ява, але: людзям балюча, гэта занадта рызыкоўна, а да таго ж можа стаць падставай для несумленных маніпуляцый і спекуляцый».

Вайна тут існуе бок у бок з радасцю і камфортам.

На галоўную плошчу Луцка выходзяць драматычны тэатр, праваслаўны сабор, у ХІХ стагоддзі перароблены з бернардзінскага касцёла, і сучасны гандлёвы цэнтр, пераствораны з савецкага ЦУМа.

На самой плошчы, наракалі некалі лучане, пуставата: у 70-я знеслі амаль увесь гарадскі сад, і з таго часу пляцоўка заставалася неакрэсленай, незасвоенай. Паступова плошча стала запаўняцца. З’явіўся помнік Лесі Украінцы. У цэнтры стаяць, вялікія, у рост чалавека літары «Я люблю Луцк».

А на іншым баку, уздоўж сцежкі да святлафора — дошка памяці: здымкі лучан, якія загінулі на Данбасе.

І колькі дрэў — парэшткі старога парку.

Такі вось горад. Ці не ў кожным доме дызайнерскія кавярні са смачнючым аўтарскім меню — і вось гэтыя вось хлопцы на фота, якім ты хочаш-не хочаш глянеш у вочы, ідучы паўз плошчу па сваіх справах.

Вайна і салаўі

Канечне, вершы пра вайну чыталіся, але ці не мацнейшымі за самі вершы былі гісторыі іх стварэння. Муж кіеўскай пісьменніцы Ірыны Цілык 14 месяцаў ваяваў на Усходзе. «Аднойчы я паехала на ўсход: у мяне былі свае справы, але нам з мужам ўдавалася пабачыцца. Выйшла самае дзіўнае рамантычнае спатканне, якое толькі можа быць. На адну ноч нам далі пустую бальнічную палату — 6 вузкіх ложкаў, падушкі трохкутнічкамі, іконка «Любіце друг друга». Я прыехала першая, чакала. І вось адчыняюцца дзверы і заходзіць мой муж — у камуфляжы, з аўтаматам, з нейкім новым абліччам…» Так пісаўся верш «Жовчний жовтень».

Пісьменніцкая сям’я Ірына Цілык і Арцём Чэх. Фота gazeta.lviv.ua.

Пісьменніцкая сям’я Ірына Цілык і Арцём Чэх. Фота gazeta.lviv.ua.

Другая гісторыя Цілык таксама працінае: «Мы былі на Светладарскай дузе, я тады здымала фільм пра парамедыка. У тым месцы, дзе мы спыніліся, быў такі гукавы фон — я больш такога ніколі не чула — спяваюць салаўі, і іх спеў перамяжоўваецца кулямётнымі чэргамі… Мне пазванілі з аднаго глянцавага часопіса і папрасілі запісаць мой верш. Верш пра тое, як мы з мужам адпачывалі ў Неапалі. Са мной быў гукарэжысёр, запісаць было не праблема. І вось я сяджу і надыктоўваю верш пра наш шчаслівы Неапаль, а фонам ідуць кулямётныя чэргі і салаўіны спеў».

Жадан. «Інтэрнат»

На фестывалі гучала і ваенная проза. Культавы ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан напісаў новы раман «Інтэрнат» (на львоўскім Форуме выдаўцоў яго тут жа абвясцілі найлепшай украінскай кнігай прозы — 2017). Галоўны герой — Паша, выкладчык украінскай мовы на Данбасе. Падступае фронт, і інтэрнат, у якім жыве Пашаў пляменнік, аказваецца ў эпіцэнтры вайны. Пляменніка трэба забраць і вывезці на мірную зямлю…

З луцкай сцэны Жадан чытаў урывак пра тое як галоўны герой дапамагае данесці параненага з машыны да бальніцы. На паўгадзіны зала забыла пра ўсё, бліжэй к сярэдзіне стала шморгаць насамі.

Фота lutsk.rayon.in.ua.

Фота lutsk.rayon.in.ua.

Жадан усяляк падкрэслівае, што «Інтэрнат» — не эпапея, а ўсяго толькі кароткая прыватная гісторыя. Тым не менш, напэўна, што за мяжой расійска-ўкраінская вайна многімі будзе ўспрымацца менавіта праз прызму гэтага рамана.

Купіць электронную версію «Інтэрната» можна тут (кошт 6,8 рублёў), першыя 70 старонак можна прачытаць бясплатна.

«Мне было вельмі важна ўяўляць усё, што робяць мае героі, важна, каб усё ў рамане было натуральна, каб не было… літаратуршчыны», — Жадан падбірае патрэбнае слова.

Раман пісаўся тры гады, паралельна з паэзіяй і публіцыстыкай. Аўтар ездзіў па Данеччыне і роднай для яго Луганшчыне, бачыў вайну на ўласныя вочы.

Гэта моцная проза. Пісьменнік Жадан развіваецца, як і ўся Украіна.

Любоў і давер украінцаў да Жадана, падаецца, ужо безумоўныя. Ён ідзе да людзей без усякай насцярожанасці, аўдыторыя прымае гэтак сама.

У цяперашняй Украіне пісьменнікі сталі тымі людзьмі, што салідарызуюць краіну ў цяжкі час.

Да іх прыслухоўваюцца, хоць і не ставяцца як да гуру (у кнігарні «Є» ў апошні дзень фэсту пачула дыялог: «На Андруховіча, мусіць, не пайду, не хачу глядзець на яго самалюбаванне» — «Ну чаго, самалюбаванне, канечне, будзе, але мо ён і што разумнае скажа» — «І вось раздумваю, ці ісці на Забужку» — «Ну… Не выключана, што і яна можа нешта разумнае сказаць»).

Пісьменнікі нібы птушкі, якіх шахцёры запускалі ў шахты, каб даведацца пра ўзровень метану, казала ў сваім выступе Аксана Забужка. Калі канцэнтрацыя газу небяспечная, птушкі адчувалі гэта і паміралі. Канкурэнтны выдавецкі рынак ва Украіне за некалькі гадоў выкрышталізаваў самых запатрабаваных аўтараў, самых «чуйных на метан». Сучасныя ўкраінскія пісьменнікі маюць шматтысячную аўдыторыю. А пісьменніцкі занятак паступова займае тое месца, якое яму і належыць: прадукаваць сэнсы, памагаць чалавеку разумець свет і сябе.

А ці чакаем мы ад нашых пісьменнікаў новых сэнсаў? Ці верым, што яны здольныя на гэта? І што павінна здарыцца, каб паверылі?

* * *

А што да фэсту, то «Meridian Lutsk» стае штогадовым святам. І наступнае пачне рыхтавацца ўжо з лістапада.

— Мы зрабілі, пабачылі, пратэсціравалі, што падабаецца слухачам, чаго налета можна дадаць. У наступным годзе будзем, хутчэй за ўсё, змяняць фармат, — загадкава кажуць арганізатары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?