Увечары 26 лістапада міліцыя затрымала Віктара Кавалькова. 58-гадовы мужчына хадзіў па кватэрах дома па вуліцы Пятра Мсціслаўца (квартал «Маяк Мінска») і прасіў грошы «на царкву».

Віктар Кавалькоў адносіць сябе да незалежнай ад Масквы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Віктар Кавалькоў адносіць сябе да незалежнай ад Масквы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Кавалькоў называе сябе ераманахам Вікенціем і прадстаўляецца святаром Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Гэта царква афіцыйна не прызнаецца ў нашай дзяржаве. Каб легальна ажыццяўляць сваю дзейнасць у Беларусі, царква мусіць мець рэгістрацыю. Але тую рэгістрацыю ім не даюць. У БПЦ іх таксама не прызнаюць, кажучы коратка: «Раскольнікі».

Па словах святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча, іх царква мае 5 святароў на ўсю Беларусь і трохі больш за 20 прыхаджанаў толькі ў адной мінскай парафіі. «Мы нацыянальная царква, а БПЦ — русіфікатарская», — тлумачыць ён.

Вось так, прадстаўляючыся святаром, Кавалькоў і пайшоў па кватэрах. Кажа, што прасіў грошы «на царкву».

«Я хадзіў па кватэрах, збіраў міласціну на царкву. Хтосьці з жыхароў выклікаў міліцыю. Абвінавачваюць, што парушаў парадак, — кажа Кавалькоў. — Мяне забралі ў міліцыю, пратрымалі суткі, пасля павезлі ў суд. Але я паведаміў, што хачу адваката, таму суд перанеслі.

Я інвалід 2-й групы. Маю невялікую пенсію, каля 100 даляраў. Атрымліваецца, што з пункту гледжання дзяржавы, я прасіў грошы на жыццё, бо не хапае пенсіі, а цяпер мне дадуць штраф, які будуць вылічваць з пенсіі!».

Кавалькоў расказваў у інтэрв'ю Радыё Рацыя, што ён былы лейтэнант ГРУ. Служыў у палітаддзеле падчас Афганскай вайны, а пасля на пяць гадоў трапіў у спецтурму КДБ СССР. Ён сцвярджае, што там памёр, але Бог уваскрасіў яго.

Суд над Кавальковым адбудзецца 30 лістапада. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве. Ераманаху Вікенцію пагражае штраф да 30 базавых велічыняў альбо арышт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?