Грамадства100100

«Расказала толькі маме, на яе магіле»: жудасная споведзь дачкі «бацюшкі са свастыкай» пра тое, што ён рабіў з ёй

Аляксандры Бурыкінай цяпер 20 гадоў. Доўгі час яна вымушана грала ролю ўдзячнай дачкі «бацюшкі са свастыкай» Канстанціна Бурыкіна, настаяцеля храма ў Гатаве. Сваёй споведдзю на старонках «Нашай Нівы» яна падсумоўвае ранейшае жыццё, перапоўненае здзекамі і гвалтам.

Аляксандра папрасіла, каб мы не публікавалі яе сённяшніх фота.

Чым вядомы Канстанцін Бурыкін? Гэты чалавек прыехаў у Беларусь з расійскага Омска, але так і застаўся з расійскім грамадзянствам. Бурыкін стаў праваслаўным святаром і узвёў храм у пасёлку Гатава пад Мінскам. Разам з тым ён быў духаўніком экстрэмісцкай арганізацыі РНЕ («Русское національное едінство»), набіў сабе вялікую свастыку на грудзях і арла Трэцяга Рэйха на плячы. Дзякуючы гэтаму ён і займеў мянушку «бацюшка са свастыкай».

Чытайце таксама: Расследаванне: як «бацюшка са свастыкай» распараджаўся бюджэтнымі мільярдамі

Цяпер расследуецца справа аб тым, што ён разбэшчваў уласную дачку. Выявілася гэта абсалютна выпадкова, пасля таго як ён трапіў за краты па абвінавачанні ў захоўванні зброі.

Многія дэталі расповеду Аляксандры не публікуюцца: яны занадта натуралістычныя. Аднак сама Аляксандра сцвярджае, што гатовая прайсці паліграф па кожным сваім сцверджанні. Тыя ж сюжэты, у якіх фігуруюць трэція асобы, у прыватнасці — спартоўцы, мы спраўдзілі. Яны пацвердзілі праўдзівасць расказанага.

* * *

— Давай ад самага пачатку — якім ты памятаеш сваё дзяцінства?

— Ранняе дзяцінства ўспамінаецца мне праз вобраз мамы. Мне здавалася, што яна — частка мяне. Быў вобраз добрых мамы і бабулі ды строгага бацькі.

Я памятаю, што яны з бабуляй мяне вечна прыкрывалі. Недзе я адарву шпалерыну, нешта разаб’ю — мама гэта ўсё заклейвае ціхенечка, або кажа, што гэта зрабіла яна. Яна намагалася мяне не пакідаць адну і паўсюль брала з сабой.

За нейкія правіны бацька мяне біў, выганяючы перад гэтым з кватэры маму і бабулю, калі яна яшчэ жыла з намі. А так асабліва я не памятаю нічога — ну білі, моцна білі, да чарнаты. За любую правіну: мала паела, шмат паела, не так паглядзела, скрывіла твар і гэтак далей.

Бацька мог паўгадзіны, гадзіну слухаць, як я перад ім поўзаю на каленях і прашу не біць — а потым ён усё роўна біў. У храме людзі між сабой пыталіся «а чаго ў яго дзеці чорныя?». Але ніхто нічога нікуды не паведамляў.

Фота з сямейнага архіва для kp.by. Канстанцін з жонкай

Мне няма больш чаго расказаць, маё дзяцінства — гэта збіццё і прыніжэнні. Бабуля казала, што, калі я плакала ў калысцы, бацька не пускаў да мяне маці: «Хай сама супакойваецца». А я раўла, бо нікога не было побач, і ад гэтай напругі ў мяне з’явілася пупковая грыжа — ну так кажа бабуля. Грыжу потым выразалі.

Адкуль гэтая жорсткасць была ў бацькі? Я не ведаю, мне толькі расказвала ягоная сястра, што ён яе таксама малаціў. А што іх біў іх бацька, таксама да чарнаты, як яны ўцяклі ад яго. Гэта ў іх нешта па мужчынскай лініі, напэўна.

Я ведаю, што бацька прыехаў у Беларусь да сястры, якая тут выйшла замуж, калі па яго прыйшлі з ваенкамата — акурат была чачэнская вайна. Ён паехаў сюды, каб не забралі ў войска. І вось тут ён уладкаваўся ахоўнікам у духоўную вучэльню, потым яго туды ўзялі вучыцца, там ён сустрэў маю маці — пеўчую хора.

Што пра яе сказаць? Ну ўявіце пеўчую хора. Такая некранутая дзяўчына, замоленая, ціхая, у якой не тое што хлопца, а сябра ніколі не было. Пры мне ён біў яе рэдка, але я бачыла і такое. Пра гэта будзе больш ведаць мая бабуля — мама мне нічога, вядома, не паспела расказаць. Яна рана памерла.

Саша з мамай.

— Раскажы пра гісторыю са сваёй маці — паводле легенды, агучанай Бурыкіным, у яе была ад нараджэння нейкая анамалія сасудаў галавы. У Чэхіі адбыўся інсульт, пасля чаго яна паралізаванай дажывала век тут, яе даглядала сядзелка. А вы, дзеці, маўляў, так захапіліся гэтай жанчынай, што яму давялося ажаніцца, каб не губляць яе.

— Гэта няпраўда. Тады яны меліся ехаць у Італію. Са словаў сястры бацькі я ведаю, што перад тым яны былі ў сварцы.

Гэтаму папярэднічала непрыгожая гісторыя — ён схіляў яе да сэксу парамі. Для мамы гэта было дзіка, перад ад’ездам апошняе, што яна казала цётцы, што бацька — «свалата» і «як яго зямля носіць?».

Цяпер я абсалютна перакананая, што маці ён збіваў гэтак жа, як і нас. І што калі б не рэгулярныя ўдары па галаве, то ніякага інсульту б не было, ніякіх анамалій не было — мая бабуля пра «анамаліі» нічога не ведае.

А што здарылася там, я не ведаю. Я памятаю, як маму прывезлі сюды, яна ляжала ў 9-й бальніцы.

Ёй у рамках нейкай тэрапіі трэба было рабіць пераліванне крыві. Не тое, каб гэта яе выратавала, але нейкі сэнс у гэтым, напэўна, быў. Бацька ж забараніў рабіць пераліванне, бо «ёй могуць пераліць жыдоўскую кроў — усе донары намяшаныя».

Нас, дзяцей, ён браў з сабой у рэанімацыю. Мы сядзелі каля мамы. Я памятаю выдатна, толькі я тады не разумела, што адбываецца: быў стары Новы год, мы прыехалі ў рэанімацыю і засталіся з мамай, а за сценкай бацька святкаваў з Воляй — медсястрой, якая даглядала маці, гэта была платная палата. І я чула іх нейкія гукі адтуль, як яны святкуюць, а мама ў гэты час сціскала мне палец і плакала. Яна не магла гаварыць, толькі мінімальна сціскаць руку, міргаць, падымаць брыво, усміхацца куткамі вуснаў. 

Потым прыехала бабуля і накрычала на бацьку: «Што ты робіш? Ты яе біў і недабіў? Яна ж усё разумее». Ён тады абрынуўся на яе таксама і забараніў ёй бачыцца з намі. Яна перадавала нам нейкія гасцінцы праз прыхаджан царквы — проста прасіла на вуліцы, давала ім нешта салодкае. Ну як бабуля кожная, там не было нечага звыш, проста шакаладкі нейкія, драбяза. І людзі ўжо перадавалі іх нам падчас службы.

Дык вось, потым бацька перавёў маму дадому. Вольга [якая стане другой жонкай Бурыкіна] пераехала таксама да нас. Мама пад апаратам ляжала ў асобным пакоі, а яны разам спалі ў зале і ўсё гэта здымалі на відэа ўжо тады. Лёша [старэйшы брат — НН] паказаў мне відэа. Ён быў такі — любіў залезці ў комп, нешта там шукаць, корпацца. І ён знайшоў відэа, дзе яны былі голыя.

Вядома, пытанняў мы не задавалі. Я не магла падставіць брата і сказаць, што ён без ведама ўключае камп’ютар і корпаецца ў ім, а ён сам, натуральна, таксама ў гэтым не прызнаваўся. Гэта была такая нашая дзіўная таямніца. Для мяне дзіўная, бо я не ўсвядоміла, што ўбачыла, гэта цяпер мяне трасе.

У мамы кожны раз цяклі слёзы, калі Воля да яе набліжалася, «даглядала». Бабуля неяк прыехала да нас, бацька яе пусціў. І яна закаціла скандал Волі, таму што маме трэба было рабіць ежу, перамалоўшы яе ў блэндары, а блэндар ніхто не мыў — там было ўсё закарэлае. Гэта была такая подласць у дачыненні да мамы…

Як яна памерла, я не ведаю, проста я прачнулася ў адзін дзень — і ўсё, яе больш няма у тым пакоі, ён пусты. Ніхто нічога не казаў, а потым прыехала бабуля. Не ведала, як сказаць, пачала са словаў «Ты толькі не плач, мама памерла».

Я не ведала нават, наколькі ўсё гэта сур’ёзна, а тут — смерць! Хто ўяўляе, як гэта — у 9 гадоў страціць маму? Я хадзіла па пакоях і крычала ў іх, бо слёз ужо не было. Мне здавалася, што яна мяне кліча з таго пакоя, я туды бегла, сніла па начах, як дастаю яе з труны, і яна ажывае.

А бацька сказаў нам у выніку, што Вольга нікуды не паедзе, цяпер яна будзе жыць з намі.

— І як склаліся вашыя адносіны з мачахай пасля смерці мамы?

— Мы былі малыя, нас лёгка падкуплялі. Яна вадзіла нас у заапарк, купляла нешта смачнае, дарыла цацкі. Нехта з прыёмных дзяцей пачаў называць яе мамай, а я не магла. Я яе тады не ўспрымала ўвогуле, бо думала толькі пра смерць сваёй маці і перажывала гэта.

Калі мы пераехалі ў новую кватэру, яна ўжо мяне за валасы цягала, магла ўдарыць па твары. Прыборку ў доме рабілі толькі мы, калі нешта не так — магла даць аплявуху. Па твары ўдарыць мяне магла, парваць вуха. Адкуль у яе гэта? Напэўна, яна бачыла, як бацька з намі абыходзіцца і што гэта працуе. Таму паводзіла сябе гэтак жа. Яна, дарэчы, адзіны чалавек у сям’і, якога ён ніколі не ўдарыў. Магчыма, таму што знайшоў чалавека па сабе, такога ж.

Нас ужо ніхто не абараняў ад бацькі. Яна глядзела, як ён лупіў мяне дротам, і маўчала. Ён прымушаў мяне абстрыгаць валасы, хацеў, каб усе былі падобныя да хлопчыкаў — яна маўчала.

Бацька важыў 110 кілаграм, у яго быў вельмі цяжкі ўдар. Кожны раз, калі пачыналася збіццё, я пыталася ў яго: «за што?» — «Ты іначай не разумееш».

Я ж не рабіла нічога такога, чаго б не рабілі іншыя дзеці і падлеткі.

Ён мог пабіць мяне проста перад людзьмі, перад спартоўцамі — я займалася спортам. Спачатку ён аддаў нас у тайскі бокс, разам з братам Лёшам. А потым Лёша пайшоў у залу з жалезам, я пацягнулася за ім, і мяне ўбачыў трэнер, перахапіў.

Я стала чэмпіёнкай Еўропы ў суб'юніёрах. Але як гэта, калі чэмпіёнцы Еўропы перад іншым спартоўцамі адвешваюць аплявухі ці душаць? Я хацела быць нармальнай, мяне не ўспрымалі.

Вы кажаце, што на некаторых відэа я не выглядаю як ахвяра, калі здымаюся з ім?

У мяне не было выбару. Цяпер следчыя аднаўляюць відэа на камп’ютары, я магу паказаць, як яны здымаліся — было па 30 дубляў. «Непераканаўчая ўсмешка», «Трэба больш злобы», «Сказала не так». Ён пісаў мне тэксты, і я вылівала бруд на людзей. Я выбачаюся перад усімі. Я нават пісала заяву ў міліцыю на чалавека, якога ніколі не бачыла — за «абразу ў інтэрнэце», але гэта бацька вёў маю старонку ў Укантакце і лаяўся ад майго імя. Мне сорамна.

Мне было вельмі сорамна, калі бацька выгнаў з хаты Аляксея, і быў суд аб скасаванні ўсынаўлення. Я за дзень да таго выйшла з ім на сувязь, таемна, і сказала: «Ну ты ж разумееш, што я заўтра вымушана сказаць. Але я так не думаю, прабач мне, калі ласка». Ён сказаў, што ўсё разумее. І я казала ў судзе, што ён мяне біў, а ён мяне не біў!

Калі бацьку пасадзілі, я адчула такую палёгку… Я прыходзіла дадому і ведала, што сёння мяне не ўдараць, што я магу паесці тое, чаго мне хочацца, што я магу апрануць тое, што хочацца.

— Як бацька пачаў да цябе прыставаць?

— Гэта пачалося з трынаццаці гадоў. Я тады ўжо пайшла ў спорт, займалася троху з жалезам. Ён пачаў кранаць мяне паўсюль: «гэта спартовы масаж, так трэба». Я тады разумела, што нешта не тое, бо ад іншых спартоўцаў пра такое не чула, але сама маўчала, спрабавала перахітрыць — казала, напрыклад, што магу сама сабе рабіць такі масаж.

Потым пачаліся дзіўныя падарункі на дзень нараджэння і Новы год. Яны з Воляй разам дарылі мне вібратары ну і проста гумовыя пенісы, мне тады было 14!

Ён казаў, што гэта для «масажу». Канечне, я не верыла. Ён мяне неяк пабіў за тое, што я не карысталася гэтым — я іх як паклала на адно месца, так яны і ляжалі, я не чапала. Ён звярнуў увагу і пачаў біць, крычаць: «Навошта мы іх табе дорым, калі ты не робіш масаж? Ты дураватая ці што?». Тады я пачала іх перастаўляць кожны дзень на палічцы, нібыта карыстаюся.

Цноты мяне пазбавіў ён сам, вібратарам. Ён тлумачыў гэта так: «Калі ў цябе першым будзе нейкі хлопец, то ў цябе да яго будзе вялікая прывязанасць. Вунь, паглядзі, як цяпер малалеткі ад няшчаснага кахання кідаюцца з дахаў, гэта ўсё па гэтай прычыне, а ў цябе не будзе такога». Ён лінуў туды навакаіну, каб не балела і…. Я трывала. 

Потым ён сказаў, што нам трэба спаць у адным ложку. І сярод ночы я разумею, што нешта там адбываецца. Ён спрабуе… ну… Я пачынаю яго адштурхоўваць: «Тата, не трэба!». Ён заціснуў мне рукой галаву і ўсё: яна павернутая на бок, я не магу паварушыцца, у мяне цякуць слёзы.

На наступны дзень я паехала ў Стайкі, а ён паехаў за мной, хадзіў па пятах, у горад не адпускаў. Пачаў адсочваць мае званкі — паставіў праграму, якая запісвае званкі, і пераслухоўваў іх усе. Маю старонку Укантакце пачаў весці сам, ад майго імя. Цяпер я разумею, чаму ён так сябе паводзіў, каб у мяне не было сяброў і хлопцаў — каб я раптам каму не даверылася, не расказала.

Пасля першага разу мне хацелася памерці. Калі я здолела вырвацца, я паехала да мамы на могілкі і расказала ўсё толькі ёй. Я не ведаю, чаму я маўчала. Цяпер мне здаецца, што я ў такой сітуацыі адразу ж пайшла б у міліцыю. Тады я не ведала, не разумела, што можна іначай. Я думала, што хутчэй бы альбо ён падох, альбо я. Я адцягвала час у школе, на трэніроўцы, каб пазней прыйсці дадому.

Але ўсё горшала. Ён загадаў мне спаць толькі з ім, я не магла спаць у сваім ложку. Але гэта было толькі летам, летам — гэта было кожны дзень. Тады ён адпраўляў Волю і дзяцей у вёску. У астатнім — калі іх не было дома.

Яна раўнавала да мяне і неяк закаціла скандал: «Ты ўвесь час з Сашай, Сашай, Сашай».

Мне сорамна было расказваць нават супрацоўнікам… але ён прымусіў заняцца гэтым і з Вольгай. Я так і зрабіла, як ён казаў. Але гэта быў адзінкавы эпізод з ёй, больш такога не паўтаралася. Я тады думала, што яна таксама не мае выбару. Ён не ўдзельнічаў, толькі ляжаў голы побач і глядзеў.

А незадоўга да арышту ён загадаў мне рабіць малодшай сястры, Каці, такія ж масажы. Мне было 16, ёй — 11. Трэба было нешта рабіць з гэтым. Я разумела, што калі я зраблю гэта хоць адзін раз, яна ўзненавідзіць мяне гэтак жа, як я ненавіджу яго. Таму я хітрыла, што не хачу, каб нехта бачыў, і закрывалася ў пакоі. Я рабіла ёй масаж, але звычайны — на спіне. Я клянуся, што не зрабіла з ёй нічога недазволенага. Яму я казала тое, што ён хацеў чуць, што я раблю масаж.

Ён перапытваў, ці рабіла я масаж ТАМ, я казала «так».

Аднойчы, гэта было лета, я магла зацяжарыць, бо ён туды… і ён сам спалохаўся. Набраў воцату ў грушу, дадаў туды кіслаты лімоннай з кухні, і заліваў гэта мне асабіста. Потым вадой.

— Ты расказвала пра сэкс у міліцыі? Як увогуле стала вядома пра гвалт?

— Мачаха маліла мяне гэтага не рабіць. І я не расказвала. А яна казала, што «не памятае, усё ў тумане». Ну як ты не памятаеш?!

Але першымі пра гэта органам расказалі спартоўцы, якія бачылі, як я начую з бацькам на спаборніцтвах. Яны нешта падазравалі і расказалі ў міліцыі.

Мяне разам з Вольгай выклікалі ў аддзел па барацьбе з гандлем людзьмі. Я казала, што ўсё гэта хлусня. А афіцэр кажа: «Можа быць, твая мама выйдзе, і ты раскажаш, як было насамрэч?». Я адмовілася сядаць на паліграф. Тады я спачувала ёй, я не хацела, каб Сцёпа [сын Бурыкіна і Вольгі] застаўся без мамы ў такім жа ўзросце, як я.

Як вам сказаць, каб вы зразумелі… Гэта ўсё ж мой бацька. Бацька. Я бачыла яго ў турме на спатканнях, ён пісаў мне лісты, выбачаўся за ўсё. Разумееце, мне падалося, што ён змяніўся. Я лічыла, што павінна ж быць у яго нешта чалавечае і некалі праявіцца? Можа быць? Ну можа быць?.

Калі я ўбачыла яго слёзы ў турме… Яны выраслі ў вялікую надзею, што ён стаў іншым, што ён выйдзе з турмы і мы станем жыць нармальна, што такога больш ніколі не будзе. Я яму даравала і стала нават збіраць подпісы за яго, даводзіць, што ён ні ў чым не вінаваты.

Але не. Я пераканалася, што ён не змяніўся пасля адной гісторыі. Справа ў тым, што я пазнаёмілася з хлопцам, — ён служыў у войску і прачытаў пра мяне ў газеце. Напісаў у інтэрнэце. Мы перапісваліся паўгода, потым сталі таемна сустракацца. Бацька забараняў мне любыя адносіны з хлопцамі, біў нават за тое, што да мяне проста падышлі. Спытаць час, няважна — падышлі. А тут ён у турме, я неяк пачувалася вальнейшай.

Але пра адносіны стала вядома бацьку — яму расказала Воля. Ён пачаў ціснуць у лістах, што мне трэба разысціся, што гэта «мянты падаслалі».

Мне забаранялі з ім бачыцца, пісаць яму. Апошняй кропляй стала тое, што я вырашыла адпусціць валасы. Недазваляльная вольнасць! Вольга расказала бацьку, ён прыслаў мне пагрозы, што я яму больш не дачка, калі паводжу сябе так. І зноў прыбег да прымітыўнай маніпуляцыі, якой прымушаў мяне рабіць усё, што ён хоча, у дзяцінстве: што нібыта яму прыснілася мая мама, якая вельмі мной незадаволена, і хоча, каб я зрабіла так і так. Але я ў гэта ўжо не паверыла. Ён сам ад мяне адмовіўся, выходзіць.

Мы тады пасварыліся праз гэта з Вольгай, яна пыталася, калі я ўжо пачну пісаць бацьку. А я не хацела ні пісаць, ні чытаць! Яна сказала мне: «У цябе д'ябальскія вочы, ты жорсткая, у табе дэманы. Твая маці пераварочваецца ў труне ад такіх паводзін!». Не чапай маю маці! Мы тады трохі нават пацёгалі адна адну за валасы.

Яна выгнала мяне з хаты, як некалі выгнаў Лёшу бацька: проста «30 хвілін на зборы».

Я пазваніла хлопцу, ён прыляцеў на грузавіку і забраў мае пакеты — сумак яна не дала мне.

Потым яна званіла, прасіла сустрэчы, маўляў, калі мяне будуць выклікаць на допыты па любой справе, каб я нічога не казала, бо «нават калі мне пакажуць відэа, пакуль я нічога не скажу, нічога не будзе». Я пагаджалася.

А потым мне Укантакце прыйшло паведамленне — фота з напісаным ягонай рукой тэкстам, дзе ён піша, што за тое, што я падняла руку на Вольгу, ён з мяне «спытае фізічна».

І я зразумела — усё. Ён не выправіўся. Надзея згасла. Ён выйдзе з турмы і будзе працягваць займацца тым жа самым, вывезе ў Расію дзяцей і там будзе прывучваць сястру да «цацак» і «масажу», а сыноў — збіваць. І яны стануць такія ж самыя, як ён.

Вось чаму я вырашыла расказаць пра гэта ўсё.

— А твой хлопец пра гэта ўсё ведаў?

— Не. Давялося расказаць выпадкова. Ён ніколі не крычаў на мяне, мы рэдка сварыліся. Але неяк быў канфлікт, і ён павысіў голас, крыкнуў. І ў мяне спрацаваў рэфлекс: я раптоўна закрыла твар рукамі, задрыжэла, прасіла не біць.

Ён ад такой рэакцыі афігеў. І тады давялося расказваць, чаму рэакцыя такая. Ён быў у шоку, казаў, што заб’е яго. Мне страшна, што цяпер усе пра гэта даведаюцца, даведаюцца ягоныя бацькі, сябры. Добра ён — ён спрабуе гэта прыняць, а вось яны…

— Ці не хацелася табе адпомсціць?

— Спачатку я не думала пра гэта. Я прымала сітуацыю так, як ёсць: што мне наканавана паўтарыць лёс маці і памерці маладой, нічога не змяніць. Што трэба толькі чакаць, пакуль здохне ён ці я.

Але ўзнік момант, калі я захацела адпомсціць.

Тады была субота, на наступны дзень ён меўся ехаць прычашчаць людзей у Гатаве. Увечары піў на кухні і загадаў мне, каб я ўзважылася «перад спаборніцтвамі», хоць да іх было далёка. «Каб усё было дакладна», трэба было ўзважвацца голай. Я станаўлюся на вагі, ён хапае мяне за ягадзіцы. Я рэзка агрызнулася: «Ты нармальны?». І бягу ў свой пакой. Ён злавіў мяне за валасы і зацягнуў у пакой да Волі, дзе кінуў на ложак, сеў зверху і пачаў біць кулакамі. Воля ўсё гэта бачыла, але не праявіла эмоцый, суседзі адназначна чулі мае крыкі.

Раніцай я прачнулася ад таго, што над мной плакала сястра Каця. Глядзела на мяне і плакала. Я паднялася і пайшла ў ванну, ён там умываўся перад службай, раніцай. Я глянула люстэрка і абамлела: мяне нібыта з даху скінулі, левая палова твару была надутая і няясна дзе што: дзе вочы, дзе вусны. Ён паглядзеў на мяне, узяўся за галаву і кажа: «Што гэта?» — «А ты не памятаеш?». — «Гэта што, я зрабіў?», — і круглыя вочы.

І вось тады мне захацелася самой яго забіць, не каб машына збіла ці маланка ўдарыла, а самой узяць на кухні нож і засадзіць яго яму ў пуза, каб ён памёр у мяне на вачах.

Я два тыдні не выходзіла з дому, пакуль не пройдзе ацёк. Потым я з’явілася ва ўніверы, гэта могуць пацвердзіць мае аднагрупнікі, і ўжо без ацёку, але ўвесь твар быў сіні. У мяне пыталіся і яны, і выкладчыкі, што са мной. А я хлусіла, што вярнулася ў тайскі бокс, што гэта вынікі спарынгаў, няўдалых клінчаў.

— Раскажы пра ягоны нацызм.

— Я не ведаю, адкуль гэта. Але памятаю дзіцячы садок — усе дзяўчаты з касічкамі, а я — паголеная налыса. У маім дзіцячым альбоме былі фота, як я ляжу ў калысцы, а над ёй — чырвоны сцяг са свастыкай, замест падвясных цацак — свастыкі. Дзякуй богу, гэтыя фота не аказаліся ў інтэрнэце. І іншыя, дзе на мне таксама свастыка і я паказваю «Зіг хайль!».

Ён падарыў мне залатыя завушніцы са свастыкамі, у цэнтры ягонага крыжа праваслаўнага, які ён надзяваў дома — свастыка. Тая векапомная карціна, дзе ён у форме СС…

Яе не знайшлі пры вобшуку, толькі «Наша Ніва» яе апублікавала. Гэтая карціна была за канапай, яе не заўважылі. Потым я асабіста з Вольгай рэзала яе на кавалкі і выносіла на сметніцу, калі сышла міліцыя. І вядомая люстра ў форме свастыкі — гэта дэталька, яны былі паўсюль, нават на іканастасах.

У мяне тады да гэтага пытанняў не было, я не разумела, ён мяне так выхоўваў. Гэта цяпер для мяне жахліва, а тады, дзіцём…

— За якія грошы вы жылі, калі пасадзілі Бурыкіна? Вольга зарабляла?

— Апошні раз яна працавала тады, калі даглядала маці! І больш ніколі. Яна аформіла дзяцей на сябе, атрымлівала дапамогу. Але гэта дробязі. Асноўны прыбытак — ад ахвяраванняў па лініі царквы.

Ахвяруюць прыхаджане ў Гатаве, цэрквы Мінска і вобласці скідваюцца і падтрымліваюць сям’ю. Грошы аддаюць гатоўкай. Ёсць бабуля, якая ахвяруе нам усю пенсію, нейкі мужчына кожныя два тыдні перадае па 500 долараў праз храм.

Вольга давала грошы і мне, але набыццё кожнай рэчы трэба было ўзгадніць з бацькам. «А ты ў яго спытала?». А як я спытаю, апішу яму рэч, або дашлю ў турму фота і буду чакаць адказу?

Усе грошы, якія зарабляла я: стыпендыя і падпрацоўка — я аддавала ёй. Яна гэта дасылала ў турму на рахунак бацькі, таму што ён як бы плаціць нам аліменты, але ён плаціць не можа, таму плаціць дзяржава, а яму гэта ідзе ў доўг. Пакуль ён не выплаціць доўг, яго не выпусцяць, таму мы пераводзім грошы. Усе мае грошы ішлі туды.

Калі яна выгнала мяне з дому, я ўжо аддала ёй грошы, заробку чакаць доўга. Мне не было на што жыць. А яна патрабавала пераводзіць ёй і новы заробак! Калі я адмовілася гэта рабіць, яна пачала пісаць мне, што я юда, і цяпер адзін з маіх братоў, у якога інваліднасць (у мяне таксама была, але знялі ў 18 гадоў, гэта па страўніку), будзе аддаваць свае выплаты па інваліднасці бацьку, калі я такая сквапная!

Цяпер брат піша мне (аўтар чуў гэта на ўласныя вушы, гаворка аб галасавым паведамленні Укантакце — НН), як яна забірае ягоныя грошы, як гэтак жа маніпулюе: «Твая маці пераварочваецца ў труне!». Ён расказвае мне, што адчувае, як яго таксама выжываюць: каб ён пасталеў і таксама з’ехаў. У мяне ўражанне, што яна хоча застацца ў гэтай кватэры адна, са сваім сынам і Бурыкіным.

Я разумею, як мой расповед успрымаецца з пазіцыі чалавека, які рос у нармальных умовах. І некаторыя цяпер, калі гэта стала вядома, пішуць мне, што я агаворваю бацьку. Але дзеля чаго? Дзеля кватэры? Мне гэта кватэра не патрэбная. Маёй нагі не будзе ў гэтым праклятым доме, я не змагу жыць там.

— Як жыць з усведамленнем таго, што ты ў нейкай ступені — ягоны працяг? Як пераадолець яго ў сабе?

— Я больш падобна да маці. Я даверлівая, ранімая. Я дакладна ведаю, што не дам у крыўду сваіх дзяцей, іх ніхто не ўдарыць, не дай божа!

Я веру, што ва мне больш ад маці. І знешне мы такія ж. Мне хочацца дапамагаць людзям і рабіць дабро.

Вядома, нейкія хібіны выхаванне пакінула. Я магу ў сварцы нагаварыць чалавеку крыўднага, абразіць, а потым думаю — навошта я так? Я ж насамрэч не думаю пра гэтага чалавека так, а нагаварыла брыдкасцяў, каб зрабіць яму балюча. Вось гэта бацькава, ён рабіў гэтак жа. Я спрабую гэта ў сабе забіць, мне прасцей думаць, што паміж намі ўсё памерла, і таму ягонае ўва мне памерла таксама. Калі той, хто мяне не ведае зусім, пытае пра сям’ю, я кажу, што я сірата — у мяне памерлі і мама, і тата. 

На тату надпіс «Дачка за бацьку» і два пісталеты, за якія пасадзілі Бурыкіна. Саша кажа, што пераб'е гэтую татуіроўку, што набіла яе пасля спаткання з бацькам у турме, калі ён пакаяўся.

— Ці звярталася ты калі-небудзь да псіхолага?

— Мне не патрэбна рэабілітацыя псіхолага. Я як спартовец прайшла праз гэта на маральна-валявых. Я хачу далей у спорт, проста не было магчымасці — трэба было працаваць. Але я вярнулася і выйграла рэспубліку. Неяк спрабую вярнуць форму, хачу паехаць на спаборніцтвы ў Літву, але трэба сабраць грошай на жыллё і ежу. Баюся, праўда, што ў спорце я так і буду недатыкальнай — у мяне кепская рэпутацыя, на работу ў гэтай сферы мяне не возьмуць.

Цяпер у мяне планы на жыццё ў тым, каб аднавіцца ва ўніверсітэце, стварыць сям’ю і зрабіць дзяцей шчаслівымі. А таксама я хачу вырваць братоў і сястру з гэтага пекла.

* * *

Ананімна звязацца з аўтарам праз Тэлеграм можна тут.

Каментары100

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?4

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Усе навіны →
Усе навіны

ШІ-агенты заменяць праграмы: гендырэктар Microsoft прадказвае рэвалюцыю ў карыстанні камп’ютарамі5

Кіраўніка школы Streamline абвінавачваюць у незаконным карыстанні падатковымі льготамі3

У Іране адбыўся першы рэйс самалёта, на борце якога былі толькі жанчыны. Уключна з экіпажам1

Кадыраў узнагародзіў свайго пляменніка, адказнага за збіццё дронаў над Грозным1

Пуцін назваў Славакію магчымай пляцоўкай для мірных перамоў2

«Рознакаляровае пер'е ў дупах». «Купалаўцы» хочуць паставіць спектакль на аснове злітых даносаў у КДБ1

Расійскія дыпламаты ў Аргенціне былі заспеты п'янымі і хаваліся ў машынах ад паліцыі і прэсы. Гэта трапіла ў жывы эфір3

Стала вядомая прычына смерці мужчыны на катку ў Мінску7

Прафесара Кіеўскага ўніверсітэта звальняюць за абразлівыя словы пра «галодных украінак» і еўрапейскіх «мужыкоў з грашыма»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?4

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Галоўнае
Усе навіны →