Грамадства7676

Расследаванне: як «бацюшка са свастыкай» распараджаўся бюджэтнымі мільярдамі 

У аўторак стала вядома, што 18 лістапада ў Мінску быў затрыманы святар праваслаўнага прыхода ў Гатаве Канстанцін Бурыкін (на фота ў цэнтры). 

Яго падазраюць у захоўванні боепрыпасаў. 

Так супала, што цягам некалькіх тыдняў перад затрыманнем «Наша Ніва» расследавала іншыя аспекты дзейнасці гэтага святара, у мінулым цесна звязанага з неанацысцкімі коламі.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу большасць нашых суразмоўцаў прасілі не згадваць іх імён праз боязь помсты з боку Бурыкіна і яго атачэння. Але ўсе працытаваныя словы нашыя крыніцы гатовыя пры патрэбе пацвердзіць у судзе.

Шлях у Беларусь

Пачнем з таго, хто такі гэты Бурыкін. 

Канстанцін нарадзіўся ў кастрычніку 1977 года ў Омску. Ён расказваў знаёмым, што яго дзяцінства было цяжкім. Хлопец насіў акуляры, за што яго дражнілі аднагодкі. Праз гэта Бурыкін пачаў займацца адзінаборствамі, навучыўся біцца, адпомсціў сваім ворагам. Але школьныя крыўды запомніў на ўсё жыццё і пасля неаднойчы расказваў пра гэта сваім сябрам і сямейным, матывуючы іх такім чынам займацца сілавымі відамі спорту ці баямі. Нават сваіх дачок Бурыкін прымушаў біць па «лапах», часам даводзячы да слёз.

У Беларусь Бурыкін прыехаў, калі яму было недзе 17 гадоў. Тут на той момант ужо асела ягоная сястра з мужам, у якой хлопец і жыў першы час. Неўзабаве перабраліся і бацькі — сёння яны жывуць у Мінску.

Цікава, што Бурыкін дагэтуль так і не атрымаў беларускага грамадзянства — ён грамадзянін Расіі.

Канстанцін марыў стаць святаром, але з паступленнем у семінарыю не склалася, і ён пайшоў на завочку ў фізкультурны на настаўніка боксу, паралельна працуючы ахоўнікам у праваслаўным храме. 

У гэты момант ён знайшоў у Мінску сваё каханне — першую жонку Алену, спявачку царкоўнага хора. Гэтае знаёмства і нечаканая смерць жанчыны моцна адаб'ецца на наступных паводзінах Бурыкіна. Дачка Аляксандра, адзін у адзін падобная да памерлай маці, стане аддушынай у жыцці святара.

Фота з сямейнага архіва для kp.by. Канстанцін з жонкай.

Святаром, дарэчы, Бурыкін стаў незвычайна. Ён не скончыў семінарыі, але яму далі сан за абяцанне ўзвесці храм у Гатаве — рабочым прыгарадзе Мінска.

Яму дапамагло прыроджанае ўменне «круціцца» — храм урэшце быў збудаваны. 

Вышэйшае праваслаўнае духавенства скрозь пальцы глядзела на неанацысцкія захапленні Канстанціна, хаця той не вельмі і шыфраваўся. 

Вось фота з 90-х — аддзел экстрэмісцкай арганізацыі РНЕ («Русское національное едінство»), і Бурыкін як духаўнік. 

У РНЕ яго прывёў ягоны стрыечны брат — так, прынамсі, Бурыкін яго прэзентаваў знаёмым — Андрэй Саковіч, кіраўнік беларускага РНЕ пасля забойства Глеба Самойлава. 

У РНЕ Бурыкін набіў сабе вялікую свастыку на грудзях і арла Трэцяга Рэйха на плячы. 

З цягам часу РНЕ было разгромлена беларускім КДБ, дый паўстала пытанне пра ўласнае жыллё і грошы, таму Бурыкін заняўся іншымі справамі. 

Рашэнне кватэрнага пытання і ўцягванне ў беларускі спорт

Для разумення асобы Бурыкіна варта прывесці гісторыю куплі ім чатырохпакаёвай кватэры на вуліцы Матусевіча ў Мінску.

Набыў яе праваслаўны святар на льготных умовах у 2009 годзе як шматдзетны бацька. Двух дзяцей, якіх не «хапала» для гэтага статусу, ён узяў у доме-інтэрнаце, крэдыт на $60 тысяч у эквіваленце выдаў Беларусбанк.

У гісторыі не было б нічога дзіўнага, каб жылі і цяпер тыя дзеці з ім. Але старэйшага — Аляксея — святар выгнаў з дому праз некалькі гадоў, апраўдваючы такі ўчынак у вачах знаёмых чуткамі пра сэксуальную арыентацыю сына. 

«Ды ён гомік, ён у жаночую вопратку пераадзяваецца, з мужчынамі гуляе, стрынгі носіць», — так Бурыкін патлумачыў адрачэнне сына адной нашай крыніцы.

Мы адшукалі хлопца. Аказалася, гэта ўсё паклёпы. Аляксей жыве з дзяўчынай, мае тату з яе імем на грудзях і сёлета збіраецца ажаніцца.

Аляксей, былы прыёмны сын Бурыкіна сёння. Фота са старонкі Укантакце.

«Так, ён выгнаў мяне. Мне тады было 17 гадоў. Пра ўсіх маіх сяброў Косця казаў, што яны альбо шлюхі, альбо п*дарасы», — сказаў нам Аляксей. 

Па ягоных словах, адбылося гэта пасля таго, як ён вярнуўся з чэмпіянату свету па паўэрліфтынгу (дзе заняў другое месца) і адсвяткаваў вынік ў начным клубе.

Фармальна прычынай стала тое, што Аляксей кепска ўплывае на іншых дзяцей. 

«У мяне жыццё было школа-трэніроўкі-дом. Я хацеў трохі расслабіцца, хацеў мець права на ўласныя думкі, а не жыць ягонай галавой. Трохі пагуляў… Слова за слова, і ён сказаў мне «валі», толькі матам. Аддаў пашпарт і грошай мінімальна. Ну, а што мне рабіць?

Я паехаў, праз чатыры месяцы даведаўся, што ён падаў у суд на адмову ад усынаўлення, мне было ўжо 18», — распавёў таксама Аляксей. 

Пасля быў суд, пазоў Бурыкіна задаволілі, бо і Аляксей быў не супраць. 

Адзінае, у чым прайграў хлопец, гэта ў квадратах. 

Бо калі яго ўсынавілі, ён страціў права на жыллё ад дзяржавы, а свае метры ў кватэры на Матусевіча прадаць не можа, пакуль у той кватэры прапісаны хаця б адзін непаўналетні — а там з чатырох дзяцей Бурыкіна такія ўсе. 

Нават зайсці ў кватэру Аляксей цяпер не можа — Бурыкін проста не пускаў яго, забараніў сваім гаварыць з хлопцам. 

Што да тэмы гейства, Аляксей тлумачыць гэта проста. 

«А ён увесь час ужывае такія знявагі — «гомік» і «дзіравы». Я не здзіўлены, што ён такое сябрам казаў. Але справа тут не толькі ў гэтым. Так, у мяне было шмат фотак з маім сябрам-цыганом. Ён майго сябра не любіў і гэта рэтранслявалася на мяне», — расказаў Аляксей і дадаў падрабязнасці выхавання ў сям'і Бурыкіна. 

«Пачнем з таго, што ў Косці свастыка набітая на грудзях. Калі ён у нейкіх інтэрв'ю расказваў, што адрокся старых поглядаў, — гэта хлусня. Мяне хрысціў Андрэй Саковіч, калі мне было 9 гадоў. Ён часта прыязджаў да нас, таксама са свастыкай. Сядзелі яны на кухні, і ўсё адзін адному «брат-брат». Годзе ў 2010 ці пазней, магу блытаць, калі мы пераехалі на Матусевіча і зрабілі там рамонт, Косця аформіў люстру ў вялікім пакоі ў выглядзе свастыкі — там такое чырвонае кола, і калі лямпачкі запальваеш, то яны гараць ў форме свастыкі», — расказаў Аляксей.

«Таксама ён карціну намаляваў, дзе ўся нашая сям'я, яшчэ маці жывая… Мы разам стаім усе ў такім стылі, як у Германіі быў», — дадаў хлопец.

«У форме часоў Трэцяга Рэйха?» — перапыталі мы.

«Напэўна. У яго яшчэ на руцэ чырвоная павязка са свастыкай была…»

Хлопец не бярэцца тлумачыць ідэалагічныя захапленні былога бацькі — кажа, што не разбіраецца і яму абыякава. 

Саша і Белая Русь

Пасля выгнання Аляксея Бурыкін узяўся рабіць новую зорку паўэрліфтынга са сваёй дачкі Сашы. 

Дачка Бурыкіна Аляксандра выглядае як копія сваёй заўчасна памерлай маці. З гэтай прычыны бацькоўская любоў да яе не мела межаў. 

Саша, як і некалі Аляксей, стала паўэрліфтарам. Гэта від спорту, у якім трэба падымаць як мага большую вагу ў трох дысцыплінах: прысед, станавая цяга і ціск ад грудзей. 

Каб спрыяць дачцэ ў яе новым хобі, Бурыкін стварыў на базе свайго прыхода спартовы клуб «Белая Русь», за які клікаў выступаць найлепшых спартоўцаў краіны — ціснуў на веру. 

«Мне як праваслаўнаму чалавеку было за гонар выступаць за праваслаўны клуб. Ідэя была такая — спалучыць веру і спорт, мы былі толькі за. Жылі ў розных гарадах, але на спаборніцтвах запісваліся як прадстаўнікі «Белай Русі», — расказаў пра вытокі клуба Бурыкіна чалавек, вельмі вядомы ў сілавым асяродку Беларусі. 

Энергічны Бурыкін сабраў пад дахам свайго прыхода амаль увесь склад беларускай зборнай па паўэрліфтынгу — тых, хто рэальна прывозіў медалі. 

«Пасля паўстала пытанне нейкай легалізацыі і дапамогі, — расказалі нам крыніцы. — У Косці быў план — ажывіць федэрацыю паўэрліфтынга. Тут такая справа, што гэты спорт у нас не вельмі развіваецца. Спартоўцы ёсць, функцыянераў няма. Расіяне і ўкраінцы рванулі гадоў 10 таму, а мы ўсё спалі — у кіраўніцтве федэрацыі былі людзі, якіх ніхто не бачыў гадамі. Нікому не заміналі, але нічога й не рабілі. Таму Косця сабраў неяк нас усіх і выступіў з такой палымянай прамовай… Папрасіў падтрымаць яго, мы паверылі. Спачатку ўсё ішло добра.

Канстанцін Бурыкін фактычна кіраваў Федэрацыяй паўэрліфтынга.

Паходамі па кабінетах ён знайшоў каля $10 тысяч на выезд зборнай на чэмпіянат свету ў Афрыцы. Пасля спаборніцтваў у міністэрстве сказалі — так, давайце з чыстай паперчыны, вечна фінансаваць вас мы не можам. Ну і патрэбная была дакументацыя, справаводства. Вырашылі перазапусціць, так бы мовіць, федэрацыю. Спачатку Косця заручыўся падтрымкай лукашэнкаўскай «Белай Русі». Прыйшоў да іх са словамі «вось, у нас назвы аднолькавыя, жыццёвыя ідэалы аднолькавыя, давайце неяк супрацоўнічаць». Далей была ідэя перавесці федэрацыю пад фармальнае кіраўніцтва высокага сілавіка, як гэта ў барацьбе робіцца».

І такім стаў Генадзь Калеснік — палкоўнік міліцыі, старшыня БФСТ «Дынама». 

Уганараванне Калесніка на пасадзе новага старшыні. Фота dynamo.by.

Такім чынам, з 2015 года ўсімі справамі федэрацыі дэ-факта кіраваў Бурыкін, дэ-юрэ быўшы намеснікам Калесніка.

«Так, спачатку ён нам падабаўся. Вельмі добры псіхолаг, умее хадзіць па кабінетах. Але чым глыбей мы знаёміліся — пачыналіся пытанні. Так, мы даведаліся пра ягоныя татуіроўкі і погляды. Спачатку ён казаў, што свастыкі — гэта ягоны крыж, які ён нясе, а погляды памяняліся. Але мы ж шчыльна сябравалі, бывалі ў гасцях адзін у аднаго.

Мяне ўразіла ягоная люстра. Я з першага разу не зразумеў нават, мо з трэцяга дайшло — там, калі лямпачкі ўключаеш, то яны ў форме свастыкі гараць. «Ну як так, Косця? Тут жа ўсё крывёю паліта ў Беларусі», — а ён паказваў фота на кампе, дзе святары ў строях са свастыкамі, казаў, што ў Маскве ў храме Хрыста Збаўцы падлога са свастыкамі. Абразы ў яго дома таксама ў аздабленні такім — кіёт са свастыкай», — дадала крыніца. 

Але справа была не ў адных толькі нацысцкіх поглядах. 

Бурыкін як мог піярыў сваю дачку, чым выклікаў рэўнасць іншых спартоўцаў.

Саша са сваім дзядзькам па маці — камандзірам 3-асобнай брыгады спецпрызначэння часці 3214 Андрэем Дудкіным, заслужаным афіцэрам і таксама шматдзетным бацькам.

Так, нават на сайце федэрацыі з сямі заставачных фота на пяці — Саша Бурыкіна.

Усё гэта пачало выклікаць нараканні калег. 

«У нашай краіне ёсць сусветная зорка спорту — Аляксандр Грынкевіч-Суднік, шматразовы чэмпіён свету. Ягоныя вучаніцы Таня Дамашына і Сняжана Зубко таксама чэмпіёнкі, гонар спорту. Дык Бурыкін увесь час ганяў іх фоткацца са сваёй дачкой, выстаўляючы яе ў кампаніі лепшых. З нас ужо людзі смяяліся. Саша была паўсюль — здымала відэа пра сябе, фоткалася. Пасля нам рассылаліся рэкамендацыі ці патрабаванні пісаць да гэтага ўсяго ўхвальныя каментары. Калі Таня Дамашына выйграла чэмпіянат свету ў саб-юніорах — упершыню ў гісторыі краіны, Бурыкіна напісала ў нашай суполцы ў інтэрнэце, што «Таня — малайцом, але я ўсё адно лепшая».

Бурыкіна не здавала экзаменаў за 9 і 11 класы, без экзаменаў паступіла і ва ўніверсітэт. Пра гэта яна сама расказвала ў адным са сваіх відэа, называючы прычынай такой удачы членства ў бацькавай федэрацыі.

Бурыкін прыдумаў геніяльны піяр-ход для дачкі, вырабіўшы ёй майку з Лукашэнкам. Дзякуючы гэтаму Аляксандра не раз засвяцілася на тэлебачанні побач з такімі людзьмі, як Гігін і Казіятка

Адзіная са спартоўцаў—саб-юніёраў яна атрымлівала і прэзідэнцкую стыпендыю. 

Але рэўнасць калег прывяла да таго, што ад Бурыкіна пачалі сыходзіць спартоўцы, утварыўшы альтэрнатыўную федэрацыю.

Спорт фактычна паміраў: на кубак рэспублікі з'явіліся толькі 40 чалавек ва ўсіх узроставых, вагавых і палавых катэгорыях, а на спаборніцтвы альтэрнатывы рэгістраваліся сотнямі. 

І гэта пры тым, што зборная краіны складаецца па выніках афіцыйнага кубку. 

Дэбаты на мяжы фолу

Сваіх канкурэнтаў Бурыкін называў «дзіравымі вычварэнцамі». Тую самую лексіку пераймала дачка. Напрыклад, вось на гэтым відэа (глядзець з 9-й хвіліны). 

«Вось я каля Лобнага месца, тут раней каралі смерцю зняволеных, прысуджаных да смерці. І сюды я б з вялікім задавальненнем адправіла ўсіх нашых дзіравых з абэвэгэдэек [так Бурыкіны называлі праціўнікаў у федэрацыі паўэрліфтынгу], не ўсіх, канечне, бо ёсць і нармальныя хлопцы, але ў нас у Беларусі такіх няма, там усе дзіравыя, таму вось запомніце, дзе вашае месца, з любоўю, Аляксандра Бурыкіна», — словы суправаджаюцца рогатам бацькі за кадрам. 

А вось дыскусіі з канкурэнтамі Укантакце: 

Гэтыя спрэчкі стамілі тых людзей, што заставаліся ў федэрацыі Бурыкіна.

Апошняй кропляй стала тое, што ад недахопу людзей на спаборніцтвах ён прывёў у праваслаўную каманду «Белая Русь» даўняга сябра Андрэя Саковіча, колішняга кіраўніка беларускага РНЕ. 

«Ён паказаў нам гэтага мужыка з забітымі вазелінам кулакамі, назваў сваім стрыечным братам і сказаў, каб мы не палохаліся. Маўляў, Андрэй сядзеў, у яго свастыкі на целе, але ён нармальны хлопец. Мы прагуглілі, хто такі наш новы паплечнік, і жахнуліся — тут вылезла ўсё і пра РНЕ, і пра Саковіча, і пра самога Бурыкіна», — расказала нам крыніца.

Калегі вырашылі адхіліць святара ад кіраўніцтва федэрацыяй. 

Саковіч на кубку Беларусі па паўэрліфтынгу ў майцы «Белай Русі».

Спартоўцы напісалі калектыўны зварот у «Дынама» і НАК з патрабаваннем адхіліць Бурыкіна ад пасады. 

Адначасова былі сабраныя некалькі соцень подпісаў праваслаўных вернікаў да мітрапаліта Паўла з просьбай пазбавіць сана айца Канстанціна. 

Тут накіпела ўсё — і непрыманне людзьмі ідэалогіі неанацызму, і эксцэнтрычнасць — Бурыкін змясціў на лагатыпе клуба Ісуса са штангай на плячах, і парушэнне канонаў — Бурыкін ажаніўся другі раз, афіцыйна распісаўшыся. Паводле правіл, святарам другі шлюб забараняецца.

Святар Бурыкін і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.

Кіраўнік федэрацыі, палкоўнік міліцыі Генадзь Калеснік, не спяшаўся ўмешвацца.

Тым часам федэрацыю чарговы раз зачысцілі ад праціўнікаў Бурыкіна. Нават чатырохразовага чэмпіёна свету Аляксандра Грынкевіча-Судніка выкінулі з федэрацыі, аддаўшы пасаду трэнера жаночай зборнай чалавеку, які лаяльны да Бурыкіна.

У прэзідыум, між тым, уваходзілі асобы, далёкія ад спорту, але блізкія да Бурыкіна. Напрыклад, вартаўнік царквы ў Гатаве, былы супрацоўнік МУС. 

А расходаваннем фінансаў, якія пераводзіліся на рахункі федэрацыі ад дзяржаўных спартовых структур, займаўся менавіта прэзідыум. 

Лукашэнка ўзнагароджвае самага тытулаванага паўэрліфтара Беларусі — выратавальніка, якога адхіліў ад работы ў федэрацыі Бурыкін. Фота з president.gov.by.

Многія бачылі ў нежаданні Калесніка ўмешвацца боязь сарваць рэалізацыю вялікіх праектаў.

Рэч у тым, што Беларусь вызвалася прыняць у 2017 годзе чэмпіянат свету па паўэрліфтынгу. Чакаюцца сотні ўдзельнікаў, мерапрыемства і адказныя за яго ўхваленыя «наверсе», накіраваныя грошы, прычым немалыя. Па нашай інфармацыі, толькі Нацыянальны алімпійскі камітэт выдзеліў федэрацыі Бурыкіна каля 2 мільярдаў старых рублёў. Бурыкін казаў сваім былым калегам, што сродкі паступаюць яшчэ і ад «Дынама», і ад Мінспорту, іншых спонсараў. 

Частка тых мільярдаў пайшла на закуп дарагога абсталявання фірмы Eleiko — грыфаў, бліноў, насцілаў. 

Eleiko лічыцца найлепшай фірмай, яе абсталяванне выкарыстоўваецца на алімпіядах. 

Толькі вось неспадзяванка — як сцвярджаюць былыя калегі па федэрацыі, абсталяванне закупленае ржавае або няспраўнае. Вось перададзеныя «Нашай Ніве» здымкі:

Вось відэа, якое паказвае стан «новых» вагаў, на якіх мусіць адбывацца мінскі чэмпіянат свету. 

На прапановы калег звярнуцца на завод Eleiko па гарантыі і замяніць неякаснае абсталяванне, што выглядала як патрыманае, Бурыкін рэагаваў нервова. 

Шведская кампанія, якую Бурыкін называў пастаўшчыком дадзенага абсталявання, пакуль не адказала на запыт «Нашай Нівы» адносна таго, ці сапраўды яно закуплялася наўпрост у вытворцаў.

Тым часам, па словах праціўнікаў Бурыкіна, 19 з 23 топавых беларускіх спартоўцаў адмовіліся супрацоўнічаць з Бурыкіным у любой форме, і чэмпіянат аказаўся пад пагрозай зрыву, а гэта — сур'ёзны скандал. 

У мінулы панядзелак «Наша Ніва» прасіла кіраўніка федэрацыі Генадзя Калесніка пра інтэрв'ю і выклала сутнасць узніклых пытанняў. Ён адмовіўся з прычыны адсутнасці ў краіне Бурыкіна. Прапанаваў сустрэцца ў прысутнасці Бурыкіна. 

Бурыкін вярнуўся ў пятніцу. І яго адразу па вяртанні затрымалі. 

Яшчэ і змагар з педафіламі. Спецыфічным спосабам

За што ж затрымалі Бурыкіна? 

Прычынай для затрымання стала падазрэнне ў захоўванні боепрыпасаў. Па гэтым артыкуле Канстанціну Бурыкіну пагражаюць папраўчыя работы тэрмінам да двух гадоў, або арышт тэрмінам да шасці месяцаў, або абмежаванне волі тэрмінам да пяці гадоў, або пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», праваахоўнікі таксама вывучаюць змесціва носьбітаў інфармацыі, выяўленых у святара. Былыя сябры Бурыкіна не выключаюць наяўнасці там экстрэмісцкіх, неанацысцкіх матэрыялаў.

Пытанні могуць выклікаць і іншыя моманты. Як расказалі нам былыя сябры Бурыкіна, «бацюшка са свастыкай» захапляўся таксама «лоўляй педафілаў на жыўца». З аднадумцамі ён стварыў адпаведную суполку ў ВК. Аматараў гарачага выхоўвалі ну вельмі спецыфічным спосабам, усё гэта здымалі на відэа.

Гэта толькі тая інфармацыя, якую «Наша Ніва» паспела сабраць. Мы мелі намер працягваць расследаванне, але пасля затрымання Бурыкіна вырашылі апублікаваць тую інфармацыю, якую маем на сёння. Мы будзем збіраць факты далей.

На пытанне, ці ўсё ў дзейнасці Бурыкіна было ў рамках закона, адкажа следства. Але той факт, што чалавек з такімі схільнасцямі стаў і заставаўся святаром, а пасля — яшчэ і спартовым функцыянерам, прымушае задумацца.

Каментары76

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

Белы дом афіцыйна прызнаў, што дазволіў Украіне наносіць удары ў глыбіню Расіі

Расійскі тыктокер, які раздражняў беларусаў, паляцеў з Мінска. Шчаслівы, бо змог паскандаліць у аэрапорце з «Белавія»39

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру7

У 1942 годзе ў Магілёве здарылася буйная тэхнагенная аварыя. Гісторык падрыхтаваў пра яе кнігу1

Дэпіляцыя інтымнай зоны больш не ў модзе, папулярная валасатасць. Гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →