Жыхар адной з вёсак Калінкавіцкага раёна 30 верасня паведаміў у міліцыю, што напярэдадні вечарам чуў глухі ўдар у дзверы, але не надаў гэтаму асаблівага значэння. Аднак раніцай пабачыў пашкоджанні на дзвюх уваходных дзвярах. У адной з іх быў жалезны прадмет, падобны на кулю, паведамляе абласная міліцыя.

Праваахоўнікі аператыўна знайшлі магчымага стралка. Ім аказаўся аднавясковец заяўніка. Спачатку мужчына адмаўляў сваё дачыненне, але потым прызнаўся, што прыстасаванне для стральбы і боепрыпасы ўтапіў у копанцы.

На дне вадаёма знойдзена 10 патронаў, 17 куль, 9 гільзаў, металічны прадмет, падобны са ствалом зброі, і сам ствол.

Выяўлены арсенал адпраўлены на экспертызу. Заведзена крымінальная справа па ч.3 арт.339 КК Беларусі (асабліва злоснае хуліганства). Санкцыі артыкула прадугледжваюць пакаранне ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Мужчына затрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0