Пра беларускія казкі, кнігі і адкрыццё новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі карэспандэнт Euramost.org гутарыць з Адамам Глобусам – літаратарам, кнігавыдаўцом, мастаком.

– Чаму Вы пачалі пісаць казкі?

– Можна абмаляваць нацыю як суму нейкіх тэхналогій, нейкіх вытворчасцяў. У адных краінах растуць апельсіны, а ў іншых баравікі і лісічкі. І, адпаведна, усе ведаюць, што ёсьць у літаратуры брэнд “французскі раман”. І заўсёды французская нацыі і французская мова будуць пастаўляць раман. Таму што гэта форма бізнеса і форма самавыяўленьня нацыі. Калі паглядзець на беларусаў, што ў іх добра атрымліваецца? Песні, казкі і праклёны. Вось яшчэ мала я праклёнаў напісаў...

І самае лепшае, што было напісана, яно ўсё роўна грунтуецца на казках. І я паспрабаваў іх трансфармаваць. Гэта адзін пасыл. Ёсць вясковыя казкі, а з іншага боку ўрбаністычныя. Калі мы працавалі ў часопісе “Бярозка”, Максім Клімковіч захапляўся урбаністычным фальклорам. У яго нават кніжачка была “Англійскія гарадскія казкі”. Тады Максім з маім братам Міраславам напісалі п’есы пра белую прасьціну, чорную руку, пацука-людажэра. Мы з Уладзімірам Сцяпанам напісалі п’есу пра мёртвага доктара. Гэта быў пачатак 1991 году... І п’есы спадабаліся часопісу “Пионер”. Часопіс спачатку папрасіў дазвол на публікацыю п’есаў, але раптам яны кажуць, што п’есы – “нефармат” для часопіса, вось калі б гэта была аповесьць, яны бы з задавальненьнем надрукавалі. Ніхто з нас не пагадзіўся перарабляць п’есы ў аповесьць. І думалі, што на гэтым ўся гісторыя скончылася. Але ўвесь наш матэрыял быў аддадзены такому пісьменніку Успенскаму...

– Бацьку Чабурашкі і Кракадзіла Гены?

– Так. І ён напісаў па матывах гэтых п’есаў аповесць, і яна выйшла. Мне было шкада ідэі. Нашая добрая ідэя трапіла ў чужыя рукі. Я вырашыў яе вярнуць.

– Мяне вельмі ўразіла казка “Шэрая кніга” пра “чалавека, які верыў у кнігі, калі яму рабілася цяжка: адкрывалася кніга, і знаходзілася палёгка”. Можна сказаць, што Вы – чалавек, які верыць у кнігі?

– Ёсць чалавек, які верыць у казкі. Таму я іх і пішу. Кнігі выклікаюць у мяне пачуццё роднаснай блізкасці. Калі маці – біліятэкар, калі тата пісьменьнік, і я ўвесь час пры кніжках. Калі б мой бацька кіраваў аўтазаводам, можа быць я любіў бы нешта іншае, выпускаў бы “Мерседесы” беларускія.

– Некалі Вы сказалі, што “людзі нараджаюць людзей, а кнігі нараджаюць кнігі”...

– А бульба нараджае бульбу... Гэта яшчэ адна традыцыя, якая склалася. Чаму я і займаюся кніжкамі. Таму што так склалася гістарычна, што на ўсю прастору Расіі заўсёды ішлі кніжкі з Беларусі. Беларусы заўсёды займаліся кнігамі і кнігадрукаваньнем. Ёсць нацыі, якія схільныя да заняткаў кнігамі. Напрыклад, армяне займаюцца бібліятэчнай справай і кнігазборамі. Немцы і беларусы любяць займацца кнігамі. І цяпер ў Маскве рускамоўнай кніжкай займаюцца ў асноўным не рускія. Рускіх цікавіць войска ці гандаль гарэлкай. А кніжны бізнес ён вельмі спецыфічны, там шмат беларусаў і армян.

– А цяпер, калі раскідаюць бібліятэку Саюзу пісьменьнкаў, што Вы пра гэта думаеце?

– Бібліятэка – гэта ў першую чаргу чалавек, а не набор кніжак. Чалавек падбірае кніжкі, працуе з фондамі, займаецца спісаннем старога, працуе з чытачом. Чытач прыходзіць у бібліятэку, яму не просто трэба прачытаць кнігу, яму трэба абмеркаваць яе. Трэба выбраць, падказаць. Гэта вельмі складана. Для мяне бібліятэка Саюзу пісьменьнікаў існавала пакуль там працавала мая мама. Калі гаварыць пра збор кніг, якіх 10 гадоў ніхто не абнаўляў... Тры кіраўнікі Саюзу былі людзі вельмі далёкія ад кніг і ад бібліятэкі. І зараз ідзе вялікія трасфармацыя бібліятэк, яны пераходзяць у лічбавую сістэму. І я не бачу нічога страшнага ў тым, што фонд бібліятэкі Саюзу пісьменьнікаў аддадуць у нейкую іншую бібліятэку. Трагедыі няма. Тыя кніжкі, якія павінны жыць, яны будуць жыць. Калі гаварыць пра гісторыю беларускіх бібліятэк, то ў нас жа ўсё было зьнішчана, і шмат кніг перадалі пасьля вайны піцерскія і маскоўскія бібліятэкі з абменных фондаў.

– А як Вы ставіцеся да адкрыцця новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі? Яе будаўніцтва шмат у каго выклікала абурэнне...

– Абурэнне – гэта знешнія праявы. Увесь Парыж ненавідзеў Эйфелеву вежу. Я лічу, што калі краіна жыве размовамі пра бібліятэку, гэта лепш, чым калі краіна жыве размовамі пра вайну, пра чуму ці птушыны грып.

Euramost.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0