Тэст-драйв мы даверылі чалавеку са свету ІТ.
Яўгенія Шумейка працуе тэсціроўшчыцай у кампаніі ScienceSoft, адной з рэзідэнтаў ПВТ. А ў вольны час захапляецца матацыкламі і дапамагае праводзіць рэспубліканскі чэмпіянат па эндура (гэта язда па бездарожжы і спартыўных трасах з перашкодамі на матацыкле альбо ровары).
«Я брала ўрокі па эндура ў трэнера, які якраз з’яўляўся арганізатарам гэтага чэмпіянату. Мы пасябравалі, і я вырашыла, што хачу дапамагаць яму. Адказваю цяпер за каардынацыю валанцёраў, рэгістрацыю ўдзельнікаў», — дзеліцца дзяўчына.

У кватэры Яўгенія жыве разам з двума гадаванцамі: трусам Лілі і шыншылай Сцяпанам. Яны пасяліліся ў Яўгеніі два з паловай гады таму. Між сабой не сябруюць: Лілі раўнуе, калі Сцяпану дастаецца зашмат увагі.
«Трусы вельмі разумныя. Лілі ведае некаторыя каманды і добра рэагуе на маю інтанацыю. Але шкодзіць», — з усмешкай расказвае мінчанка пра гадаванцаў.

Сцяпан тым часам прымае ванну — вошкаецца ў акварыуме з вулканічным пяском (ён замяняе шыншылам ваду для ўмывання).
У сваю кватэру Яўгенія заехала гэтай зімой. З дызайн-праектам аднапакаёўкі-студыі дапамог сябар. Задача была кампактна арганізаваць прастору, каб знайшлося месца і для спальнай зоны, і для гасцёўні.
Некаторыя камплектуючыя для мэблі мінчанка шукала сама, каб зэканоміць. Напрыклад, ручкі для шафак замаўляла на «Аліэкспрэс», дзе яны ў тры разы таннейшыя, чым у мінскіх крамах.
Вялікія клеткі для жывёл дзяўчына ўбудавала ў шафу — так яны і выглядаюць стылёва, і менш месца займаюць.

Як працуе «А1 Разумны дом»
У нашым тэст-драйве мы правяралі, як працуюць прылады, якія ўваходзяць у сістэму «А1 Разумны дом», прадстаўленую ў Беларусі тэлекам-аператарам А1 сумесна са стратэгічным тэхналагічным партнёрам Perenio IoT: (злева направа на фота ніжэй) датчык адкрыцця дзвярэй, партатыўная калонка, стацыянарная і паваротная камеры відэаназірання, разумная разетка Power Link, датчык дыму і датчык руху.

У камплекце акрамя пералічаных гаджэтаў ёсць датчык працёкаў, інфрачырвоны пульт Red Atom і шматфункцыянальны партатыўны IoT-роўтар A1 Elegance 3G/4G Wi-Fi. Поўны набор!

Роўтар можна выкарыстоўваць не толькі для кіравання «разумным домам», але і як двухдыяпазонны маршрутызатар Wi-Fi, што раздае інтэрнэт у самыя аддаленыя куткі памяшканняў. Гаджэт абсталяваны 3G/4G-модулем, які забяспечвае рэзервовы мабільны канал пры аўтаматычным пераключэнні паміж рэжымамі Wi-Fi і 3G/4G. Гэта значыць, што прыладу можна выкарыстоўваць як самастойны мабільны роўтар там, дзе не праведзены фіксаваны інтэрнэт. А ў дамах, падлучаных да сеткі любога правайдэра, — у якасці ўніверсальнага роўтара для хатняга інтэрнэту з падтрымкай мабільнага ў выпадку перабояў з электрычнасцю або фіксаванай сувяззю.
Усе прылады вырабіла чэская кампанія Perenio IoT spol s r.o.
Першым падключаецца роўтар — астатнія гаджэты ўжо самі прывязваюцца да яго. Усе прылады адлюстроўваюцца ў мабільным дадатку: праз яго імі можна кіраваць і сачыць, што адбываецца дома ў тваю адсутнасць.

«У дадатку ёсць некалькі рэжымаў. Калі сыходзіш з дому, уключаеш «ахову». Вяртаешся — здымаеш яе, каб прылады не рэагавалі на цябе, пакуль ты ў кватэры знаходзішся», — паказвае Яўгенія.
На ўваходзе ў кватэру яна ўсталявала на дзверы датчык адкрыцця. Калі дзверы адчыняюцца, у тэлефоне адразу з'яўляецца трывожнае чырвонае паведамленне. У дадатку адлюстроўваецца, колькі хвілін ці гадзін таму дзверы адчыняліся апошні раз.



Датчык руху рэагуе на перамяшчэнні ў пэўным дыяпазоне.


«Калі нехта да цябе залезе, ты адразу ўбачыш. Ці можна сабаку кантраляваць», — заўважае дзяўчына.
Яшчэ адзін датчык — дыму — яна змясціла на кухні і ўжо праверыла ў дзеянні.
«Учора курыла кальян побач — ён адразу запішчаў, вельмі гучна», — задаволена Яўгенія рэакцыяй гаджэта.
Што ў кватэры асабліва неабходна, дык гэта датчык працечак. Яўгенія тлумачыць: уся справа ў модным рамонце. Замест душавой кабіны ў яе — адмысловая платформа, без бардзюраў. Вада сцякае дзякуючы невялікаму ўхілу.

«Тыдзень тут усё раўнялі. Мне круты плітачнік трапіўся, — дзеліцца дзяўчына. — Але калі нехта будзе мыцца гадзіну, а зліў заб’ецца, то ўсё пальецца на падлогу. Калі цябе няма дома, таксама добра мець датчык — рознае можа адбыцца».
У суседзяў Яўгеніі падчас рамонту здарылася аварыя. Вырвала ўнітаз, усю кватэру затапіла — настолькі, што вада хлынула праз вокны, лілася з 14-га паверха.
«Я на ўсякі выпадак застрахавала жыллё, каб, калі што, і мае выдаткі пакрылі, і рамонт тых, каго затаплю».
У пакоі стаяць дзве камеры. Праз дадатак можна глядзець трансляцыю з дома. Зручна, напрыклад, сачыць за гадаванцамі. Калі камера заўважае рух, то ўключаецца запіс.



«У мяне ў жывёл усю ноч вечарынка, і кожную хвіліну прыходзіць апавяшчэнне: «Мы заўважылі рух». Я прачынаюся — у мяне больш за 100 паведамленняў», — усміхаецца Яўгенія.

Дзяўчына звяртае ўвагу на важныя нюансы, датычныя камер.
«Першае: задумацца пра набыццё «разумнага дома» лепш да рамонту. Камеры ўсталёўваюцца побач з разеткамі, таму важна гэта пралічыць. Другое: было б вельмі зручна, калі б можна было захоўваць відэа не на SD-карту ці воблака, а наўпрост на тэлефон», — адзначае мінчанка.
Партатыўная калонка з галасавым памочнікам, якая таксама ўваходзіць у набор «А1 Разумны дом», мае шэраг карысных опцый.
«Аліса класная. У яе шмат функцый. Я звычайна карысталася будзільнікам, уключала праз яе разумную разетку, ставіла музыку. Аліса, уключы Red Hot Chili Peppers, — памочнік ставіць нам Hello Hello! — Ёсць таксама опцыя, калі карыстальнікі могуць прыдумляць новыя навыкі».



Партатыўную калонку можна браць з сабой у горад ці на прыроду. Адзінае — па вяртанні яе трэба будзе наноў падключаць да wi-fi.
«У мяне сусед цяпер усталёўвае «разумны дом». У яго там рэгуляванне святла, тэхнікі. Кажа: «Па дарозе дадому ўключаю чайнік, прыходжу — ўжо закіпела». За гэтым 100% будучыня, — мяркуе Яўгенія. — Асабліва, што тычыцца такіх фундаментальных рэчаў, як кантроль працечак, разеткі. Ты можаш зэканоміць кучу грошай на рамонце».

Каментары