Грамадства

Эміграцыя медыкаў з РНПЦ анкалогіі набывае трывожны маштаб: «Зона камфорту знішчана людзьмі ў чорным»

4 лютага — сусветны дзень барацьбы з ракам. У Беларусі штогод выяўляюць пад 50 тысяч новых выпадкаў анкалогіі, некаторым пацыентам хваробу перамагчы не ўдаецца. 

Але разам з гэтым нарастаюць трывожныя тэндэнцыі з іншага боку. З РНПЦ імя Аляксандрава ў Лясным, каля Бараўлян, бягуць работнікі.

Аперацыя ў РНПЦ анкалогіі, фота 1prof.by

Толькі ў аддзяленні анкагінекалогіі, напрыклад, са жніўня паменшала на 4 медыкі. Звальняюцца хірургі, эндаскапісты, хіміятэрапеўты. Агулам «Нашай Ніве» вядома ўжо прынамсі пра 12 чалавек, іх імёны і пасады ёсць у рэдакцыі.

Замежныя цэнтры вельмі ўдала карыстаюцца крызісам у Беларусі і перацягваюць медыкаў да сябе. Зорак можна «прадаваць» для платных аперацый, менш вядомымі запаўняць уласныя кадравыя прабелы. 

Мы пагаварылі з анколагамі. Калі раней людзі не эмігравалі праз адданасць краіне і прывязанасць да месца і людзей, то цяпер гэтыя аргументы знікаюць. 

«Чаму я з'ехаў? Назапашваліся розныя фактары: людзі шукаюць годнага заробку, паважлівага стаўлення да сябе і сваёй спецыяльнасці», — расказаў «Нашай Ніве» медык, які мае білеты ў адзін бок у адну з еўрапейскіх краін.

Па просьбах суразмоўцаў мы не ўказваем іх імёны. 

«Раней пераезд здаваўся выхадам з зоны камфорту, але гэтая «зона камфорту» за лета знішчана людзьмі ў чорным. Я тут [у Беларусі] не бачу ўцямнага вобразу будучыні, не разумею, а што далей?

Я адзіны кармілец у сям'і, я не магу існаваць у сітуацыі нявызначанасці і сталай рызыкі не вярнуцца дадому, як гэта адбывалася з маімі сябрамі. 

Таму я вырашыў пашукаць шчасця за мяжой. Хай і спачатку гэта будзе з паніжэннем у спецыяльнасці — нашы дыпломы не прызнаюцца і, нават маючы вузкую кампетэнцыю, спачатку трэба будзе год-два папрацаваць хірургам агульнай практыкі. Але рашэнне далося лёгка.

Ці будзе мой сыход праблемай для цэнтра? Я не магу ацаніць ступень сваёй значнасці — у цэнтры каля 300 дактароў. Але я працаваў там 8 год, у кожны з якіх было па 200—250 аперацый. Не думаю, што маю работу не зробіць ніхто іншы — цяпер амаль няма паняцця ўнікальных аперацый, абсалютная большасць з іх тыповыя. Але калі сыходзіць хірург — гэта заўсёды праблема. І гэты аб'ём давядзецца дзяліць паміж іншымі, матэматычна ўзрастае імавернасць памылкі», — кажа анкагінеколаг. 

Яшчэ адзін медык таксама падкрэслівае сукупнасць фактараў, якія можна было цярпець, пакуль да іх не дадаўся новы, вырашальны.

«У мяне вельмі складаная спецыяльнасць, для яе ўласціва пэўнае эмацыйнае выгаранне. І тое, што адбываецца ў краіне, гэтыя дэгенератыўныя працэсы ў псіхіцы паскорыла.

Я вельмі цяжка перажываў затрыманні і суткі маіх калег, якія, ў маім разуменні, павінны быць недатыкальнымі і мець магчымасць свабодна выказваць свае меркаванні. 

Кавід паказаў, наколькі мы ўсе задураныя, а як можна планаваць нешта на будучыню — нават у самых дробных справах, — калі няма праўдзівай інфармацыі? Немагчыма планаваць жыццё, жывучы ў хлусні. 

Цяжка адчуваць віну перад калегамі за сыход, бо дадатковая нагрузка ляжа цяпер на чужыя плечы, але што рабіць? Развітваліся мы па-братэрску, абняўшыся. Мяне падтрымлівалі, ніхто ў твар не сказаў, што я здраднік, апроч начальства», — кажа мужчына.

На момант размовы ён дапрацоўваў апошнія дні. 

Ці адчуюць гэтыя сыходы пацыенты? Імаверна, што пакуль не. Беларуская сістэма адладжаная не так, што за кожным чалавекам замацаваны асабісты доктар. Пацыент можа нават не ведаць, хто яго аперуе, пацыенты больш прывязаныя да сваіх тэрапеўтаў. 

Але карысці ад сыходу дактароў няма ніякай, гэта факт. З якой пазіцыі ні глянь: ні з пазіцыі дзяржавы, ні з пазіцыі цэнтра, ні з пазіцыі пацыентаў.

Сваю ацэнку працэсам у РНПЦ даў адзін з загадчыкаў аддзяленняў. 

«Раней я ганарыўся тым, што адгаворваў людзей з’язджаць і яны не з’язджалі. Цяпер я нікога не адгаворваю, моцных аргументаў у мяне не засталося. Гэта кепска. І натуральна, тыя, хто выязджае, будуць прыкладам для астатніх і будуць дапамагаць знайсці работу ў сваіх новых цэнтрах, так заўсёды адбываецца. Прыклад:

эмігранты стварылі чат для медыкаў, якія пераехалі ў Польшчу — праблемы там, пытанні, усё такое. За першыя суткі ў яго ўступіла 120 чалавек адсюль!

Мяне здзіўляе, што многія гатовы ехаць, нават не ведаючы ніводнага слова па-польску», — кажа загадчык аддзялення. 

Ён адназначна падкрэслівае палітычныя прычыны ў сыходах. 

«Магчыма, гэтага не зразумеюць людзі не з нашай прафесіі, але асноўная каштоўнасць для анколага, які са смерцю сутыкаецца даволі часта, магчыма, часцей за астатніх, — гэта чалавечае жыццё, мы пакліканыя яго ратаваць ці хаця б працягваць.

А тут нам было прадэманстравана, што чалавечае жыццё для дзяржавы нічога не каштуе. Ты як бы жывеш у перагорнутым свеце з дэвальваванымі каштоўнасцямі, з аднаго боку: «Эй, урачышка, давай, ратуй жыцці за тры капейкі, у нас тут сацыяльная дзяржава», — з іншага боку дзяржава забівае і калечыць людзей. Гэта выклікае дылему і кароткае замыканне ў галовах супрацоўнікаў», — кажа ён. І прадказвае падзенне якасці аказання дапамогі.

«Трэба разумець, што глабальна якасць медыцынскай адукацыі ў нас не вельмі высокая. Кепскі доктар не патрэбны ўвогуле нідзе — цэнтры змагаюцца за лепшых выпускнікоў. Кепскі доктар нікуды не эмігруе. Я лічу, у РНПЦ Аляксандрава высокая селекцыя. І вось з гэтых найлепшых з’язджаюць яшчэ самыя лепшыя, з веданнем моваў, з уменнем працаваць на робатах, з досведам вучобы і стажыровак у найлепшых клініках за мяжой. Праз гэта агульны ўзровень моцна зніжаецца, новых медыкаў вучаць, атрымліваецца, не самыя лепшыя, а функцыянеры не лічаць гэта праблемай — думаюць, што заткнуць усе дзіркі выпускнікамі. Не заткнуць. Я б не сказаў, што кіраўніцтва цэнтра моцна занепакоенае. Тут як на заводзе: калі няма работнікаў у цэху, гэта праблема не дырэктара завода, а начальніка цэха, які павінен стаць ноччу за станок і працаваць і за сябе, і за таго хлопца».

Агулам медыкі сыходзяцца на думцы, што колькасць ад'ездаў павялічыцца, а калі зменаў не будзе, беларусы адчуюць гэта троху пазней — калі доля спецыялістаў пенсійнага веку і дэфіцыт кадраў у сістэме аховы здароўя дасягне крытычных значэнняў нават у сталіцы.

***

Па інфармацыі Фонду медыцынскай салідарнасці, больш за 200 медыкаў і медсёстраў былі затрыманы падчас пратэстаў супраць беззаконня і фальсіфікацый. Некаторыя сталі ахвярамі пабояў, былі аштрафаваныя ці прысуджаны да арыштаў.

Паводле Рэспубліканскага банка вакансій існуе патрэба ў 4173 дактарах, 2893 медсёстрах. 

Каментары

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію2

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Прызналі «экстрэмісцкім» сайт Grodno.in, які раней змусіў прабачацца Бондараву2

На Гомельшчыне нехта выкінуў ката-сфінкса на двор з ляжанкай і кормам. Жывёліна загінула2

Дзед Мароз прыехаў да дзяцей на «Лінію Сталіна» на танку5

Халезін: Машэнскі — таленавіты бізнэсмен, за кошт гэтага жыве цэлы рэгіён16

Топ-вядучая АНТ Рудакоўская: Я выдатна памятаю 90-я. Таму буду рабіць усё магчымае, каб пераварот не атрымаўся17

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін21

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» ўсе іконы ў стылі анімэ3

У Гомелі трое пенсіянераў пабіліся з-за купюры ў 5 рублёў1

Радзіна рэзка адказала Халезіну: Неўзлін — мой сябар, які шмат зрабіў для развіцця дэмакратыі ў многіх краінах45

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію2

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →