Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры11

Кафэ «Гародня» з Жалезным Фэліксам

Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра кавярню з шыльдай Дзяржынскаму.

Колькі хаджу міма кафэ «Гародня», а хаджу кожны дзень, то пасьміхаюся, рэштак абурэньня даўно няма. Хто ня ведае, 2‑хпавярховая камяніца з калёнамі — адна з самых паглядных, з турыстычных, скажам, прынадаў. Як кажа мой прыяцель‑гісторык архітэктуры, гэта стандартны палац адміністрацыйны царскай імпэрыі ў стылі клясыцызму, але прыстасаваны да канкрэтнай вуліцы. Пабудаваны капітальна і звонку не перароблены. Проста фантастыка на бедны на трывалыя пабудовы горад над Нёмнам!

Дарэмна шукаць здымак палацу ў энцыкляпэдыях, быццам неістотны гэта будынак. Прычына ў іншым! У ім разьмяшалася заўжды сталоўка аблвыканкаму з ідэалягічнай управай! Згодна савецкім правілам, нельга «рассакрэчваць» такія ўстановы, ды яшчэ, ясна, КДБ, ды іншыя, хай яны хоць у якіх помніках архітэктуры заняты сваёй адвечнай працай. Між іншым, на сьцяне КДБ нядаўна зусім прымацавалі ахоўную дошку: «1905 год». Дык вось: файны палац пачатку ХІХ стагодзьдзя аздабляла ўсе гады кандовая савецкая шыльда «Сталоўка», вісела пад бальконам з гарэльефамі‑жаночымі тварамі. Па-савецку ляпідарна.

І што вы думаеце? Дапялі, дапялі яны нарэшце! Пачалі рамонт: уцяплілі сьцены пенаплястам і ўставілі белыя плястыкавыя вокны. Гэта называецца падбалі пра помнік архітэктуры, якому дзьвесьце гадоў… Нічога ня зробіш, згарэлі іхнія вокны, бо здарыўся пажар, які даволі доўга не маглі пагасіць. Што праўда, ідэалягічная ўправа ня выгарэла, так што мы засталіся ўзброеныя па‑ранейшаму. Яна, тлумачу, у левай частцы, а вось сталоўка (на першым паверсе справа) з заляй для сустрэчаў над ёй была зьнішчана. Шыльда таксама згарэла, што ня дзіўна. І камусьці з начальства прыйшла плённая думка: раз няма больш «Сталоўкі», павесіць цікавейшую шыльду, а менавіта — «Кафэ «Гародня», на валагодзкай мове, зразумела. Уяўляеце, зьверху дэлегацыі ўсякія «імпартовыя» сустракаюць, а потым іх у сталоўку — на першы паверх? Нямодна атрымліваецца, ня cool, словам.

Новая назва, можна сказаць, зрабіла рэвалюцыю, у кавярню запусьцілі вясельлі, балазе загс побач. З вокнаў палацу цяпер гучала напоўніцу праз расчыненыя высокія вокны «Увязу цябе я ў тундру!», ці нейкія асучасьненыя варыянты. На ганку пад гарэльефамі пастаянна дыміла як паравоз любімая нашым народам эмансыпатка Сярдзючка. Ажно начальства ўрэшце зараўнавала, вельмі яму не спадабаўся такі «разгул дэмакратыі» і вясельлі забаранілі. А што тут дзіўнага: зьверху ідзе праца ідэалягічнай важнасьці, амбасадараў прымаюць, а зьнізу падвойнікі Сярдзючкі выкаблучваюцца! Га, забыўся: фэерверкі стралялі на ганку вясельныя!

Адразу падупала кафэ «Гародня», бо на комплексным абедах не пражывеш. Нядаўна зноўку пад шыльдай зьявілася дробным шрыфтам абвестка: прымаюцца заяўкі для правядзеньня юбілейных, вясельных ды іншых мерапрыемстваў… Але штосьці няма ранейшай весялосьці і Сярдзючка, напэўна, выйшла з моды, на жаль. Сярдзючка‑Сярдзючка, а дзе ж Фэлікс Эдмундавіч? Вось і я пра гэта таксама! Апошнім часам у Горадні навала шыльдаў ахоўных — на хрушчоўках вешаюць, амаль на сараях, а вось на палацы з кавярняй, які — адзін з самых старых, з асноўных помнікаў, карацей, упарта шыльду не прыбіваюць. На яе, як вядома, павінен гаспадар раскашэліцца, а палацам валодае, як было сказана, аблвыканкам наш родны. Грошай шкадуе, ці што?

Бадай захоўвае ідэалягічную адданасьць, чысьціню. Палац бо «адвеку» аздабляе шыльда з партрэтам, з да болю знаёмай тахтамышаўскай бародкай, з тэксту вынікае, што Фэлікс Эдмундавіч (па дарозе паглядзець на цуд над Віслай) правёў тут з мясцовым рэўкамам ды міліцыяй нараду пра чырвоны тэрор: глядзіце, хлопцы, не падкачайце! Начальству не стае мастацкай уявы сёньня, артыстызму, фантазіі, яно ж зацуглянае: усё дбае пра тое, што крызісу няма ў прыродзе, што трэба пільна вярнуцца ў 1984‑ы па паказчыках, у дачарнобыльскі час, каб усё засеяць татальна. Падказваю: на ганку вясельнікаў павінен быў бы, як на добры лад, сустракаць, само сабой, наш Жалезны Фэлікс — у шынэлцы, ясна, ды са сваёй гістарычнай прамовай, тут, глядзіш, і турысты падцягнуцца, чаго ўвесь час патрабуе Цэнтар раздражнёна.

Мне падказваюць: а як жа славуты Жэром Банапарт? Згодны, у кафэ «Гародня» у яго калісьці была рэзыдэнцыя, штаб. Але ж мы — тыя ж самыя валагодзкія, як нас яшчык вучыць, то нам гэты факт ня вельмі прыемны, для нашай тамбоўскай душы, словам. Так, ён быў прынцам, здаецца, каралём Вэстфаліі нават, маршалам увогуле, а пры канцы жыцьця — названы нейкім галавакружным тытулам у Францыі. Але што для нас каралі і прынцы, у нас клясавая непрыязь да іх трывалая, рабоча‑сялянская. Нам даражэй і бліжэй да сэрца родны Фэлікс, зямляк, які хай ня быў нават генэралам, але ж наган у яго быў, наган славуты! Гэта я не за сябе, за начальства фантазірую. Што да мяне, я б паставіў сустракаць вясельнікаў і Дзяржынскага, і Жэрома, можа тады, глядзіш, францускія турысты падцягнуцца? Бо Цэнтар жа патрабуе, патрабуе! Якая салодкая парачка атрымалася б, га?! Бо хіба можа быць больш сапраўдны маршалак ад маршала? А Эдмундавіч у яго быў бы за начальніка аховы, бо наган, думаю, ён не здаваў свой, проста не пасьпеў, зьеў чагось і зьнянацку загадаў доўга жыць… Але ніякіх намёкаў на нашае кафэ‑сталоўку!

Каментары1

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У Паўднёвай Карэі адбываецца спроба перавароту. Прэзідэнт абвясціў ваеннае становішча, матывуючы патрэбай абароны ад «камуністычных сілаў» 8

Лукашэнка стаў прадзедам29

На выхадныя Дональд Трамп упершыню пасля выбараў прыляціць у Еўропу

«Камунарка» паказала свой адвэнт-каляндар і атрымала хвалю крытыкі9

Улады абвясцілі вайну чэргам на замену суставаў, але, падобна, пакуль прайграюць1

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі5

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання55

Мінздароўя: Тарыфы на платныя прыёмы дактароў-спецыялістаў абмяжуюць для ўсіх юрасобаў1

Гадзіннік смерці: новая мабільная праграма прадказвае час вашай смерці5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →