Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры11

Ленін і воўк

Буйны бусел падскочыў і пачаў цяжка ўзьнімацца, я сьцяўся. Собіла ж, калі мы якраз праяжджалі міма, ды яшчэ абганялі штось! Ён сапраўды запаволена пераваліў цераз аўтобус, ледзь не чапляючы дах, я вызірнуў — пераляцеў нас, каб прызямліцца адразу, на тым баку чакалі яшчэ двох. Зрэшты, пераляцець дарогу ў любым разе разумней, чымсьці спрабаваць перайсьці. Кажуць: гінуць апошнім часам буслы на дарогах, ня толькі каты і сабакі…

Пазьней, у горадзе, мне падумалася пра яго безразважнасьць, але спрактыкаванасьць адначасова — ці добры гэта знак для мяне быў? Напэўна ж! Перш зьвярнуў увагу на вечны агонь. Гарыць сабе, не зважаючы на нашыя загрудкі з русакамі. У райцэнтры! А вы кажаце — газ задарагі. Жарты жартуеце?! Не пасьпеў перажаваць думку, кідаецца напярэймы мужчынка з трыногай — мясцовае тэлебачаньне! Спачатку хацеў прыкінуцца, што не разумею па-расейску, але пачуцьцё карпарацыйнай салідарнасьці агорала: сам жа народ люблю вулічны на адказы выклікаць! Ён мне: чаго вы цяпер баіцеся? Без ніякіх падводак! Баюся, кажу, што не адбудзецца тое, куды я сам іду. А што? А дошкі адкрыцьцё на сьцяне. Якой, каму? Геніюш Ларысе, кажу, чулі пра такую? Пытаньне было лішнім, ён страціў да мяне адразу цікавасьць. Ну й гут, мне па яшчыку іхняму — якая патрэба выступаць? Я ж не гярой нашага часу які-небудзь.

Калега з трыногай — хуценька далей уздоўж вуліцы спыняць мінакоў, а перада мной тое, што трэба: газэтны шапік і ўсходы ў кавярню. Газэта даражэйшая за гарадзенскую, але ж такая прыгожая стала: каляровая вокладка, загаловак — “Нашая гарадзкая Вэнэцыя”, не стрымаўся, купіў. Па прыступках у разнасьцежаныя дзьверы кавярні, хай, думаю, вып’ю другую сваю каву ня дома. Стоп! У задусе ніякай кавы не закарціць. Хай. Знайшлася іншая, з ахаладжэньнем паветра, з рэтраўскімі здымкамі, стылёва вельмі зробленая, але назва-назва, сябры мае! Ну, не бярозка ці ягадка, ці кусьцік, але не адпаведная папросту выдатнаму інтэр’еру, каве з вядомай італійскай назвай і кубкаў, і цукру і гэдэ. Такую вось на Адрыятыцы піў звычайна. Хай. У газэце не знайшоў нічога пра падзею дня — урачыстае адкрыцьцё да 100-годзьдзя паэткі мэмарыяльнай шыльды. А што да галоўнай сэнсацыі нумару — мясцовай “Вэнэцыі”, то ніякіх каналаў, гандолаў і палацаў, папросту вынікі гвалтоўнай залевы. (Уся вада ім дасталася, пакуль мы ў Горадні месяц пацелі).

Што праўда, газэтную шыльду аздабляе воўк майго скульптара знаёмага, з якім мы па-прыяцельску вельмі. Не было нагоды зірнуць на яго ў сапраўдным выглядзе. А з яго пляц пачынаецца, між іншым, гарадзкі, у канцы якога, зразумела, Ленін у паліце. Бачу: зьмяніў зноўку колер скуры. І залаты быў, і бронзавы, а сёньня правадыр — срэбны. Карацей, на другім месцы апынуўся, ха-ха. А воўк што — на трэцім? Калі меркаваць па колеры. Але ж ён наперадзе, ён — першы! Да мяне зьвяртаецца дабраахвотны гід: ці бачылі нашага ваўчыдлу? Маладыя да ваўка кветкі цяпер. Я не ўнікаў, але здаецца, пераважна каталікі. Праваслаўныя і атэісты, яны па-ранейшаму да вечнага агню і да нашага Леніна з букетамі… Дзякуй, дзякуй. Вось які падзел фундамэнтальны адбыўся ў тысячагадовым горадзе! Зважаючы на працу майго прыяцеля. Што значыцца мастацтва! На народ яно таксама ўплывае часам, як ні кажыце.

Не пасьпеў я зрабіць кадар: вялізны бронзавы воўк, а побач — шахматная фігурка правадыра сталёва-срэбнага колеру, званок — шыльду арыштавалі! О, часы, о, парадкі! Шыльду арыштавалі! “Рэчдок”. Не пасьпеў я да яе дайсьці. Ніхто не пасьпеў. Так задумана было. Буйныя мясцовыя сілы правапарадку былі кінуты на віртуознае ажыцьцяўленьне апэрацыі пад кодавай назвай “Доска”! Хай там думаюць, хто недасьведчаны — дошка гонару ці дошка-масьнічына, ці яшчэ якая. Я прысьпешыў крок, у галаве яшчэ варушыліся рэшткавыя думкі: спробы размовы начной на пляцы. Воўк з годнасьцю маўчыць, слухае. Ленін: “Я воўкам бы выгрыз бюракратызм наш, баценька, кхе-кхе”. Памаўчалі. Не ўстрымаўся: “Калі дажынкі тут бушавалі на пляцы — якая ганьба — захілілі сцэнай мяне, абы героі жніва ня бачылі правадыра сапраўднага!..”

Вялізны дзякуй ім, канешне, што ня сталі ўсіх хапаць запар. Арыштавалі на тры гадзіны мясцовага чалавека, які дошку павесіў, праз тры гадзіны выпусьцілі, выканаўцы самі не зразумелі — што рукі рабілі, галовы думалі, раты гаварылі, пальцы пісалі, языкі мянцілі, фуражкі чаго казырыліся глёбусам? Уяўляю допыты: ці сапраўды ведаеш паэзію той Геніюш, ці толькі прыкідваешся, маскіруешся пад аматара?! Назаві даты, назвы зборнікаў, працытуй вершы! Калі ты нічога ня можаш — значыцца правакатар, хацеў нагоду выкарыстаць у апазыцыйных мэтах, дзеля крытыкі роднага рэжыму! А калі ведаеш усё і спрытна цытуеш — твая віна пагаршаецца, бо ты прыхільнік антысавецкай паэтэсы! Якая адкрыта не любіла родную ўладу, каторая ўсё дала народу! Нават на ваўка грошай не пашкадавала, каб прывабіць турыстаў з баксамі… Вось у якой сябрыне апынуўся наш правадыр, хлопцы, сымбалічна, га? Але воўка, мы ясна, больш любім, ён наш, беларускі, і людзей не чапае. Хома хоміні, словам, і гэтак далей.

Каментары1

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →