Грамадства11

З улады — у апазіцыю, а потым назад. Якія палітыкі і актывісты кардынальна змянялі свае погляды

Прыўладныя тэлеграм-каналы перыядычна публікуюць спісы людзей, якія пасля выбараў прадэманстравалі сваю грамадзянскую пазіцыю. А хто сапраўды змяняў свае погляды ледзь не на 180 градусаў? Сабралі самыя цікавыя гісторыі. Спойлер — некаторыя з герояў пераходзілі з улады ў апазіцыю нават некалькі разоў.

Пётр Краўчанка

У савецкія часы быў папулярны афарызм «От Ильича до Ильича без инфаркта и паралича». Гаворка ішла пра Анастаса Мікаяна, які займаў пасады ў кіраўніцтве СССР ад Леніна да Брэжнева (абодва з’яўляліся Ільічамі). У беларускай палітыцы з Мікаянам можна параўнаць Пятра Краўчанку, які быў сваім пры самых розных палітычных рэжымах.

Падчас перабудовы ён з’яўляўся сакратаром мінскага гаркама па ідэалогіі і ўспрымаўся як камуніст з нацыянальнай пазіцыяй. Потым стаў першым міністрам замежных спраў незалежнай Беларусі і ахвотна кантактаваў з эміграцыяй.

Пасля паразы свайго патрона Вячаслава Кебіча на першых прэзідэнцкіх выбарах Краўчанка сышоў у нікуды, але неўзабаве стаў дэпутатам новага парламента,

Вярхоўнага Савета 13 склікання. Заняў там пасаду старшыні камісіі па міжнародных справах. І ў гэтым статусе выступіў супраць рэферэндуму 1996-га, падтрымаў спробу імпічменту супраць Лукашэнкі.

Натуральна, у Палату прадстаўнікоў ён не трапіў, туды ўзялі лаяльных дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Краўчанка сышоў у апазіцыю, прадстаўляў законна абраны парламент на перамовах з Лукашэнкам, але ў 1998-м нечакана пайшоў на дзяржаўную службу і паехаў паслом у Японію.

Пазней дыпламат тлумачыў, што расчараваўся у апазіцыйным асяродку, дзе панавалі інтрыгі. Ды і свой подпіс за імпічмент ён так не адклікаў.

У Японіі Краўчанка папрацаваў некалькі гадоў. А потым выбухнуў скандал. Лукашэнка звольніў экс-міністра і абвінаваціў яго ў тым, што той не здаў пячатку пасольства і схаваўся. Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што Краўчанка збег да амерыканцаў.

Палітык зноў сышоў у апазіцыю і нават заяўляў пра прэзідэнцкія амбіцыі. Хадзілі чуткі, што ён прымерваўся да адной з сацыял-дэмакратычных партый.

Але ўрэшце Краўчанка так і не наважыўся рызыкаваць. Апошнім часам 70-гадовы экс-міністр адышоў ад палітыкі. Хоць у 2017-м публічна прапанаваў адзначыць на дзяржаўным узроўні 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Людміла Маслюкова

Людміла Маслюкова нарадзілася ў гарадку на Кубані, скончыла факультэт журналістыкі МДУ і толькі пасля трапіла ў Беларусь. Развал Савецкага Саюза стаў для яе асабістай трагедыяй.

1994 год яна сустрэла журналісткай «Советской Белоруссии».

Менавіта Маслюкова працавала разам з Аляксандрам Лукашэнкам над тэкстам даклада пра карупцыю. Гэты дакумент стаў трамплінам, які прывёў яго ва ўладу.

Неўзабаве Маслюкова сышла з журналістыкі ў дарадцы віцэ-спікера парламента Васіля Новікава. Той быў камуністам, але падтрымаў імпічмент супраць Лукашэнкі. Таму пасля рэферэндуму 1996 года Маслюкова засталася без працы. Яна хацела зноў уладкавацца ў «СБ». Але газету тады ўзначальваў Павел Якубовіч. «Мяне ён бы і на ганак не пусціў, бо мы з Новікавым пісалі артыкулы супраць прэзідэнта», — тлумачыла ў інтэрв’ю НН Маслюкова.

Тады яна ўладкавалася ў газету «Народная воля».

«Я сабе сказала так: галоўнае заробак, праца, а пасля разбяромся. Я пайшла да лібералаў і пачала іх абслугоўваць. Мая задача была праслаўляць лібералізм і абстрэльваць уладу».

На адной сустрэч Лукашэнкі з прэсай той публічна прапанаваў Маслюковай перайсці ў «Савецкую Беларусію», што яна і зрабіла.

«Як сказаў мне адзін з намеснікаў у «СБ», «цябе сюды кілерам узялі, працуй, адстрэльвай апазіцыю!»,

— прызнавалася журналістка.

У выніку Маслюкова спачатку пляжыла ў «СБ» апазіцыю. Пасля разам з камуністамі пляжыла ўладу. Потым прасоўвала «лібералаў» і «нацыяналізм», пры гэтым пляжыўшы ўладу і камуністаў. А пасля вярнулася ў «СБ» і крытыкавала ўсіх канкурэнтаў улады.

У 2003-м яна сышла на пенсію і жыве прыватным жыццём.

Яўген Новікаў

Кардыёхірург чацвёртай мінскай бальніцы Яўген Новікаў прыйшоў у палітыку як «незалежны кандыдат».

На выбарах у парламент ён перамог вядомага гісторыка Міхася Ткачова — намесніка старшыні Сойму БНФ, але потым нечакана далучыўся да апазіцыі.

Новікаў падпісваў усе іх заявы, у 1991-м падчас ГКЧП выступаў на мітынгу, калі большасць палітыкаў вырашылі адсядзецца і пачакаць, хто пераможа. Але ў наступным годзе ён стварыў Лігу правоў чалавека і адышоў ад БНФ.

Яшчэ ў пачатку 1995-га Новікаў публічна абвінавачваў Лукашэнку ў наступе на свабоду слова, але потым канчаткова адышоў ад апазіцыі.

У пачатку нулявыя ён стаў супрацоўнічаць з БТ як пазаштатны аўтар. На тэлебачанні вёў праграму «Правы чалавека. Погляд у свет», па радыё — «Беларусь і свет. Погляд з Мінска».

Новікаў пляжыў заходні свет і заходнія каштоўнасці, неаднаразова ствараў фэйкі. Асабліва запомнілася яго выказванне, што «амерыканскія дзеці з голаду ядуць пацукоў». Таксама ён называў Польшчу дзяржавай-«марыянеткай».

У 2014-м яго перадачу знялі з эфіру. Новікаў пэўны час папрацаваў на адным з расійскіх нацыяналістычных сайтаў, а пасля канчаткова знік з публічнай прасторы.

Аляксей Дзерман

Сын вайскоўцаў, Аляксей Дзерман нарадзіўся ў Казахстане. У нулявыя гады ён з’яўляўся прыхільнікам ідэй балцтва і неапаганства, выдаваў часопіс «Крывія». Таксама непрацяглы час выкладаў у ЕГУ і прытрымліваўся вельмі правых поглядаў.

«Сённяшні Еўразійскі саюз не мае ідэалагічнага, палітычнага зместу. Гэта хутчэй эканамічная перадвыбарная дэкларацыя, а рэальнага напаўнення для яе не прадбачыцца — гэта шырма для інтарэсаў пэўных груповак у Расійскай Федэрацыі»,

заяўляў Дзерман. У час захаплення паганствам ён карыстаўся псеўданімам Дзермант, пад якім і стаў вядомы.

Але вялікага прызнання Аляксей не знайшоў, а праз нейкі час перафарматаваўся ў інтэгратара і вялікага прыхільніка Расіі. У 2016-м ён напісаў артыкул, у якім патлумачыў, чаму змяніў сваю пазіцыю. Сярод аргументаў называліся падзеі ва Украіне і стварэнне сям’і.

«Калі ў цябе з'яўляецца свая сям'я, ты пачынаеш думаць ужо пра іх, пра дзяцей, думаць на перспектыву. У якой краіне ты хацеў бы іх вырасціць, у якой краіне яны будуць жыць»,

казаў ён. З таго часу Дзерман падтрымлівае дзеянні ўлады, сцвярджае, што саюз з Расіяй забяспечвае суверэнітэт Беларусі. Нават напрыканцы адносна ліберальных дзясятых гадоў ён заклікаў правесці чыстку ў Акадэміі навук.

Падобную на Дзермана эвалюцыю прайшоў і Аляксандр Шпакоўскі. У маладосці — актывіст «Правага альянса» і адзін з ахоўнікаў апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Цяпер — паплечнік Дзермана па ўдзеле ў ток-шоу і сябра канстытуцыйнай камісіі.

Юрый Васкрасенскі

Бізнэсовец і палітолаг Юрый Васкрасенскі стаў шырока вядомы восенню мінулага года, калі аказаўся на сустрэчы Лукашэнкі з апазіцыяй, што прайшла ў СІЗА. Аднак ён ужо даўно ў палітыцы.

У 90-я, ужо пасля развалу Савецкага Саюза, Васкрасенскі пайшоў да камуністаў і нават узначаліў камсамол па ўсёй Беларусі. Але ў 1996-м адбыўся канстытуцыйны рэферэндум.

Кіраўніцтва партыі на чале з Сяргеем Калякіным сышлі ў апазіцыю. А вось Васкрасенскі перайшоў на бок Лукашэнкі і агітаваў паступіць гэтак жа іншых аднапартыйцаў.

У нулявыя ён будаваў кар’еру ў праўладнай кампартыі, паралельна займаючыся бізнэсам. У 2010-м стаў дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Пазней нават з’яўляўся дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

Пасля Васкрасенскі сышоў з палітыкі і нечакана вярнуўся летась: прапанаваў свае паслугі Віктару Бабарыку, кіраваў зборам подпісаў у Першамайскім раёне Мінска.

Пасля выбараў Юрыя арыштавалі, ён абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках. Знаходзячыся ў СІЗА КДБ, Васкрасенскі рэзка змяніў свае погляды, стаў выступаць на тэлебачанні з пакаяннем і хвалебнымі заявамі ў адрас Лукашэнкі.

Неўзабаве ў ізалятары адбылася сустрэча Лукашэнкі з палітвязнямі, дзе прысутнічалі Ціханоўскі і Бабарыка. Хутка Васкрасенскі выйшаў на свабоду. 

Ён спрабуе прадставіць сябе як медыятара паміж канструктыўнай апазіцыяй і ўладай, стварыў Круглы стол дэмакратычных. Але пакуль яго намаганні выглядаюць, хутчэй, як правал.

Апазіцыя адмовілася ад супрацоўніцтва з ім, шматлікія заявы аб палітычнай амністыі не спраўджваюцца — пакуль ніхто па ягоным «спісе» на свабоду так і не выйшаў.

Каментары1

  • Woodoo Cult
    10.11.2024
    Таких гораздо больше. Козулин, Латушко...
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?1

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?

Усе навіны →
Усе навіны

Шумчанка запісаў відэазварот да Лукашэнкі6

У Чачні на ўсеагульны агляд выставілі цела 17-гадовага хлопца, які напаў на пост ДПС10

Сіноптыкі расказалі, які раён Мінска самы цёплы ўзімку

Любіце шматкі на сняданак? Ну, чытайце3

Колькасць ахвяр у Санта-Дамінга дасягнула 184

Стала вядома, як будзе выглядаць Валадарка пасля рэканструкцыі17

Сканчваецца легендарная антыўтопія пра ЗША. Што чакаць ад фіналу «Аповеду служанкі»6

Амерыканскія біржы ўзляцелі пасля таго, як Трамп даў задні ход з пошлінамі. Услед за імі растуць і азіяцкія6

У Віцебску вынеслі прысуд праваслаўнаму святару, які насмерць збіў машынай дзіця4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?1

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць