«Эксперыментальная група коняў, на якіх мы прымянялі новае рэчыва, выйграла ўсе кубкі»
Алег Мікалаевіч з сям’і ваеннага медыка. Дзяцінства правёў у ваенных гарнізонах — на Далёкім Усходзе, у Эстоніі, Калінінградскай вобласці. Кажа, яму пашанцавала з настаўнікамі — з іх падачы ён аказаўся ў навуцы.
«Быў цікавы выпадак. Ведаеце, калі новы чалавек прыходзіць у калектыў, яго правяраюць на вашывасць. І мой сусед па парце на ўроку хіміі пачаў мяне задзіраць. А я адразу паказаў свой нораў і ўрэзаў яму проста на ўроку. Настаўніца папрасіла дзённік, каб выклікаць бацькоў у школу. А пасля прапанавала: падрыхтуй даклад на наступны ўрок, вось табе часопіс.
Я добра выступіў з дакладам, а калі рыхтаваўся, прачытаў многія артыкулы. І мяне ўразіў адзін, дзе расказвалася пра тое, што наша мысленне і памяць хімічнай прыроды.
Ужо ў 10 класе я быў упэўнены, што стану навукоўцам, які будзе вывучаць працэсы памяці і мыслення», — згадвае мужчына.
Паступаць ён вырашыў у Кіеўскі ўніверсітэт на кафедру біяхіміі. Але праз высокі конкурс не прайшоў. Вярнуўся да бацькі, якога тады перавялі ў Гомельскую вобласць, вёску Мышанку.
«У мяне быў год да арміі. І бацька мудра зрабіў — даў адрасы саслужыўцаў, якія жывуць у Гомелі і Мінску, каб я паехаў шукаць працу, бо ў вёсцы няма перспектыў. У Мінску я хацеў уладкавацца ў біялагічнае аддзяленне Акадэміі навук, але пераблытаў будынкі — зайшоў у Інстытут неўралогіі», — расказвае Алег Мікалаевіч.
Там яго ўзялі лабарантам. Пасля была вучоба ў медынстытуце, стажыроўка ў топавым на той час Маскоўскім інстытуце біяарганічнай хіміі, аспірантура. Па вяртанні ў Мінск мужчына пайшоў працаваць у Інстытут кардыялогіі.
«Там група навукоўцаў займалася распрацоўкай новага антыарытмічнага рэчыва. Беларускія хімікі сінтэзавалі злучэнне, якое цудоўна спыняла арытмію ў жывёл, штучна выкліканую ў эксперыментальных умовах.
Калі я да іх прыйшоў, у іх узнік крызіс — рэчыва перастала працаваць. Яны былі ў разгубленасці. А я з улікам атрыманых ведаў у Маскве хутка разабраўся — у рэчыве назапашваліся прадукты акіслення, якія блакавалі эфект. Я іх аддзяліў.
Пасля абараніў дысертацыю па гэтым новым фармакалагічным сродку. Фактычна гэта быў эквівалент мельдонія — рэчыва валодала здольнасцю аднаўляць сілы арганізму пасля цяжкіх фізічных нагрузак. Гэтым эфектам зацікавіліся ў спорткамітэце. І мне як аднаму з вядучых распрацоўшчыкаў прапанавалі: даём табе добры заробак, пасаду старшага навуковага супрацоўніка і месца ў зборнай СССР па конным спорце.
Я вам крыху раскрываю сакрэт: мы пачалі прымяняць новае незарэгістраванае рэчыва на конях пасля інтэнсіўнай трэніроўкі, і яны цудоўна аднаўляліся. Эксперыментальная група — гэта была зборная Латвіі — выйграла тады ўсе магчымыя кубкі і спаборніцтвы. Вядома, што ў свеце спорту лідзіруюць тыя краіны, дзе добра развіта спартыўная медыцына».
«Абяцалі сур’ёзныя інвестыцыі з амерыканскага фонду, але здарыўся кавід»
У апошнія гады Алег Мікалаевіч кіраваў праектам па ранняй даклінічнай дыягностыцы хранічных захворванняў.
«Яны ўсе — сардэчна-сасудзістыя захворванні, псіхічныя, цукроўка, рак — маюць агульныя асновы. Калі гэтыя захворванні пачынаюцца, імунная сістэма атакуе структуры ўласнага арганізма. Калі атакуюцца антыанкагенныя фактары, узнікае рак. Ён аказаўся таксама аўтаімунным захворваннем, асабліва на ранніх этапах.
Бо дэфектныя клеткі ў арганізме пастаянна ўзнікаюць. Але там, дзе імунная сістэма не праяўляе агрэсію, не адбываецца развіцця гэтых анамальных клетак.
Мы гэта высветлілі яшчэ ў 2007 годзе. Вырашылі стварыць універсальны спосаб ранняй даклінічнай дыягностыкі, заснаваны на выяўленні першых прыкмет агрэсіі імуннай сістэмы. І гэта нам удалося. Я адначасова працаваў у Інстытуце біяарганічнай хіміі Акадэміі навук і кіраваў групай у Парку высокіх тэхналогій. І ў нас было ўжо абяцанне сур’ёзных інвестыцый з амерыканскага фонду, але тут здарыўся кавід».
«Усе 300 подпісаў, якія я сабраў, прызналі сфальсіфікаванымі»
«Я не цікавіўся палітыкай асабліва, — прызнаецца навуковец. — Бачыў даўно, што ўся харызма Лукашэнкі — папулізм. Але я не пратэставаў, моўчкі гэту незадаволенасць трымаў. А тут мяне вельмі натхніла аб’ява Цапкалы пра тое, што ён возьме ўдзел у выбарах.
І я запісаўся ў ініцыятыўную групу, пачаў збіраць подпісы. Але ўсе 300 подпісаў, якія я сабраў, прызналі сфальсіфікаванымі — нібыта даты пастаўлены адной рукой, а подпісы іншай.
І якім было маё абурэнне, калі я даведаўся пра расправы ў першыя дні пасля выбараў. Як людзі за сваё права свабодна выказаць палітычную волю атрымлівалі збіццё і здзекі. Я пачаў актыўна ўдзельнічаць у пратэстах. Выходзіў з адзіночным пікетам, удзельнічаў у нядзельных маршах. Заўважаў, што мяне заўсёды здымалі».
Калісьці мужчына паважаў Пуціна. Але 2020-ы змяніў яго стаўленне.
«Ведаеце, я ездзіў часта па працы ў Маскву. Мне падабалася, што Пуцін умее проста тлумачыць, дасціпна на пытанні адказваць, мне сімпатызавала яго падтрымка КВЗ. Мяне здзіўляла, калі многія маскоўскія знаёмыя казалі: такі ж ён, як ваш Лукашэнка, мы не верым таму, што ён кажа, ён усё больш душыць іншадумства.
Я ў палітычным жыцці Расіі не ўдзельнічаў, таму гэтага не адчуваў. Але калі ён пры такім яўным абурэнні народу падтрымаў Лукашэнку, ён, безумоўна, раскрыўся інакш».
У адзін з дзён мужчына вяртаўся з працы з Акадэміі навук і ўбачыў натоўп пажылых людзей — марш пенсіянераў. Вырашыў да іх далучыцца. Алег Мікалаевіч ішоў на пачатку калоны, па просьбе жанчын гучным голасам прасіў астатніх падцягнуцца. Відаць, таму міліцыя прыняла яго за арганізатара. Адсачыла на зваротным шляху, і проста перад домам шасцёра амапаўцаў скруцілі пенсіянера, пасадзілі ў бусік і адвезлі ў РУУС. 14 сутак — такі быў прысуд.
Пазней яшчэ адзін суд, які скончыўся штрафам. Калі навуковец пасля яго вяртаўся дадому, убачыў у скрыні дзве новыя павесткі. У снежні ён пакінуў Беларусь.
«Я падумаў, што не вытрымаю такога пераследу. Сын, які жыве ў Маскве, падрыхтаваў мне набор дакументаў, што я еду наведваць сям’ю. Адтуль я накіраваўся ў Малдову — там у мяне сябры. Я разлічваў праводзіць даследаванні, але, на жаль, Малдову пачала захлістваць свая хваля каранавіруса і яны былі ўсе мабілізаваныя на барацьбу з інфекцыяй.
І тады я пераехаў у Вільню, разлічваючы, што тут я змагу рэалізаваць сваю ідэю з універсальнай вакцынай. Сутнасць у тым, што на працягу двух тыдняў можна зрабіць магчымасць вакцынавання супраць любога новага вірусу, які можа з дзікай прыроды ўвайсці ў чалавечую папуляцыю і стварыць пагрозу.
У дэталі зараз не буду ўдавацца, але такое ў нас ў загашніку ляжыць. У мяне былі добрыя сувязі ў літоўскай Акадэміі навук, яны зацікавіліся, але ў іх сваіх праектаў было шмат, таму адмовілі».
«Уладкаваўся спачатку ў прыватную стаматалогію»
У Вільні Алег Мікалаевіч уладкаваўся спачатку ў прыватную стаматалагічную клініку ў зубатэхнічны аддзел. Займаўся ўтылізацыяй адходаў лабараторыі.
Можа, і працягваў бы там працаваць, калі б не недахоп грошай — заробак невялікі, а здымаць жыллё ў Вільні дорага. Выратавала біялогія.
«Я пазнаёміўся з навукоўцам, які ў Літве спрабуе стварыць сацыяльна-арыентаваную праграму развіцця здаровага ладу жыцця на базе харчавання мясцовымі прадуктамі. У свой час я меў добрыя напрацоўкі па стварэнні якасных раслінных прадуктаў.
Патлумачу. Галоўным кампанентам для харчавання чалавека з’яўляецца бялок. Ён мусіць быць паўнавартасным, то-бок у яго павінны ў дастатковай колькасці ўваходзіць 10 амінакіслот. У патрэбнай прапорцыі яны знаходзяцца ў жывёльных бялках — мясе, рыбе, малацэ, морапрадуктах. А ў раслінных прапорцыя незбалансаваная. Але калі ведаць амінакіслотны склад бялкоў у розных раслінных прадуктах, то можна іх у адным вырабе правільна змяшаць і прыбраць незбалансаванасць.
І ў мяне такі досвед ёсць. Калі ўлічыць, што, калі мы ўжываем жывёльныя прадукты, узнікае большая рызыка развіцця хранічных захворванняў, то пераход людзей пераважна на расліннае харчаванне быў бы вельмі спрыяльным фактарам у паляпшэнні іх здароўя.
Той навуковец прапанаваў мне пераехаць у Кедайняйскі раён, пасёлак Дотнува, у дом свайго бацькі, які часова пустуе. Я магу жыць там бясплатна. Дом трэба тапіць дровамі (там іх вялікі запас), я прыстасаваўся. Затое ў мяне практычна бясплатнае харчаванне — у іх ёсць падсобная гаспадарка.
Узамен я ўдзельнічаю ў распрацоўцы праграмы навукоўца, плюс ён плаціць невялікі заробак за мае кансультацыйныя паслугі. Я вельмі нават нядрэнна ўладкаваўся».
«Літоўскую мову пачаў разумець за тры месяцы»
Разам з калегамі-медыкамі Дарашкевіч таксама працуе ў грамадскай арганізацыі «Дактары за праўду і справядлівасць». Кансультуе людзей па пытаннях здароўя.
«Мне шмат у чым пашанцавала. Я ж прыехаў без рэчаў, не было адзення для нармальнага жыцця. Усім забяпечыла арганізацыя «Дапамога» — і штаны, і курткі, і пасцель. Бачаць, што ў пашарпаных чаравіках іду — праз пару дзён прыносяць іншыя. Да слёз крануў такі клопат.
Спадзяюся, што паступова пашырацца магчымасці майго заробку. Ужо з’яўляюцца варыянты, напрыклад, удзельнічаць у лекцыях.
Пахвалюся: я асвоіў літоўскую мову. Пачаў разумець яе за тры месяцы інтэнсіўнай працы. Але няма пакуль навыку выкарыстоўваць гэты слоўнікавы запас на практыцы, часам цяжкасці адчуваю, калі трэба ўзгадаць нейкае слова. Пакуль магу без праблем падтрымліваць бытавую размову».
У Алега Мікалаевіча пяцёра дзяцей і трое ўнукаў. Адны засталіся ў Мінску, другія жывуць у Маскве.
«Вельмі сумую па іх. Раней засумаваў — сеў на цягнік ці маршрутку, прыехаў пагутарыў. А цяпер яшчэ і з беларускімі не маю магчымасці пабачыцца.
Гэта самае цяжкае выпрабаванне — расстанне. Сяброў у мяне шмат у Мінску, таксама не хапае камунікацыі з імі. Мы сазвоньваемся, але ж на адлегласці не паціснеш руку, не абдымешся. А гэта для мяне вельмі важна».
Каментары