Грамадства

«Назваў Усебеларускі сход «шабашам». Як 68-гадовага былога дэпутата і дырэктара школы асудзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь»

7 чэрвеня суд Навабеліцкага раёна Гомеля (суддзя Аляксандр Зінчук) вынес прысуд 68-гадоваму Мікалаю Віцікаву з вёскі Церуха. За «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369-1 КК) пенсіянера пакаралі 8 месяцамі калоніі. «Радыё Свабода» піша пра падрабязнасці справы.

Мікалай Віцікаў быў затрыманы 14 студзеня 2022 года. Тады ў Беларусі праходзілі ініцыяваныя ўладай «дыялогавыя пляцоўкі» па абмеркаванні паправак у Канстытуцыю. Пенсіянер таксама хацеў прыняць удзел у абмеркаванні. Ён пайшоў 5 студзеня да дэпутата Гомельскага абласнога Савета Ігара Дзягцярыка з прапановай арганізаваць у вёсцы Церуха «дыялогавую пляцоўку». Пасля, у гэты ж дзень, ён пайшоў да рэдактара раённай газеты «Маяк» Ірыны Канавалавай (яна ж — старшыня раённай арганізацыі «Белай Русі») са сваімі разважаннямі і бачаннем Канстытуцыі. Рэдактар газеты заявіла на пенсіянера ў міліцыю.

Так Віцікаў апынуўся ў СІЗА.

Суд быў адкрытым. На ім было прадстаўленае хадайніцтва жыхароў Церухі. Яны прасілі не караць пенсіянера строга, пісалі, што ён ніколі не прыцягваўся да адказнасці, 12 гадоў узначальваў школу, актыўна займаўся добраўпарадкаваннем вёскі, быў дэпутатам сельскага Савета, дапамагаў мясцовай царкве.

«Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»

Абвінавачванне агучыў пракурор Кірыл Кадоўба. Паводле абвінавачвання, Віцікаў наўмысна, «з мэтай распаўсюджвання дыскрэдытуючых Рэспубліку Беларусь і яе органаў улады заведама непраўдзівых звестак, накіраваных на прычыненне шкоды дзяржаўным і нацыянальным інтарэсам», прадставіў дэпутату і рэдактару газеты «непраўдзівыя звесткі пра палітычнае і сацыяльнае жыццё».

Гаворка ідзе пра асабістыя развагі пенсіянера з нагоды змен у Канстытуцыю і падзей пасля выбараў 2020 года ў Беларусі. Развагі былі запісаныя на аркушы паперы, з якім Віцікаў хадзіў да дэпутата і рэдактара газеты.

Паводле абвінавачвання, пенсіянер хацеў «распаўсюдзіць непраўдзівыя звесткі шырокаму колу асоб». Сам жа Віцікаў казаў на судзе, што не збіраўся распаўсюджваць свае развагі — хацеў толькі падзяліцца імі з дэпутатам і рэдактарам.

«Я сустракаўся з дэпутатам Абласнога савета, бо хацеў, каб у нашай вёсцы прайшла дыялогавая пляцоўка, бо змены ў Канстытуцыю — гэта лёсавызначальная падзея, і я хацеў бы, каб улада раілася з людзьмі», — тлумачыў на судзе Віцікаў.

«Праўдзівая інфармацыя» ад СК

У сваіх развагах ён закранаў тэму гвалту з боку міліцыі пасля 9 жніўня 2020 года.

«Вы ведалі праўдзівую інфармацыю — СК і міліцыя выказваліся, што гвалт не прымяняўся да пратэстоўцаў. Чаму вы пісалі ў лісце, што быў гвалт? Адкуль вы гэта ўзялі?» — пытаўся пракурор.

«Я бачыў асабіста рэпартаж па дзяржаўным тэлебачанні. Там паказвалі, што трое ці чацвёра міліцыянтаў білі дубінкамі чалавека, які ляжаў на зямлі. Мяне гэта абурыла», — адказаў Віцікаў.

«Але гэта быў не гвалт, гэта было сілавое затрыманне, і яно дазволенае законам», — паправіў яго пракурор.

На судзе да Віцікава ўзніклі пытанні і з нагоды таго, што ў лісце ён напісаў пра фальсіфікацыі выбараў. Пракурор сцвярджаў, што фальсіфікацый на выбарах не было. «Я не скажу за ўсю краіну. Я прасіў на сваім участку ў вёсцы азнаёміць мяне з выніковым пратаколам выбараў. Гэтага зроблена не было і па сённяшні час», — адказаў пенсіянер.

«Бласлаўляць ганіцеляў»

У апошнім слове Віцікаў казаў, што ў турме пачаў больш чытаць Біблію, і яму шмат чаго адкрылася. Ён цытаваў урыўкі з Евангелля, дзе гаворыцца пра тое, што трэба бласлаўляць ганіцеляў і маліцца за тых, хто цябе крыўдзіць, любіць людзей, у тым ліку і ворагаў. Ён зазначыў, што з пункту гледжання хрысціянскіх паводзін ён вінаваты, бо дазваляў сабе асуджэнне міліцыянтаў і ўлады.

З улікам таго, што адзін дзень пазбаўлення волі лічыцца за паўтара дня ў СІЗА, Віцікаву засталося адбыць 2 тыдні пакарання.

68-гадоваму пенсіянеру з Гомельшчыны далі восем месяцаў калоніі за крытыку паправак у Канстытуцыю

Каментары

Цяпер чытаюць

Генпракурор ААЭ: Другі пілот рэйса FlyDubai напаў на капітана, выкарыстоўваючы аварыйную сякеру

Генпракурор ААЭ: Другі пілот рэйса FlyDubai напаў на капітана, выкарыстоўваючы аварыйную сякеру

Усе навіны →
Усе навіны

Дацкі брэнд абутку ECCO у Беларусі фактычна спыніў працу. Але пэўнасці няма3

Штучны інтэлект расшыфраваў ліст Напалеона, які заставаўся загадкай 217 гадоў4

Гераічны індыйскі пілот Flydubai упершыню расказаў, што адбывалася ў кабіне самалёта на рэйсе з Дубая ў Тэль-Авіў2

Расія плануе серыю ўдараў па Украіне, каб адрэзаць імпарт, вывесці з ладу ГЭС і АЭС1

Няўдалая спроба пакарання смерцю Крысты Пайк. Што адбылося і што будзе далей?2

Мама забітай у Ізраілі беларускі: Прыгажосць ёй не прынесла шчасця5

Памятаеце вар’яцкую гонку ў Брэсце, падчас якой загінула трое? На ВІДЭА з экшн-камеры матацыкліста відаць, што ён разагнаўся да 186 км/г8

Лукашэнка — Пашыняну: Ты дакладна вызнач, куды твой каньяк забяруць17

Лукашэнка ўдзячны Трампу за тое, што ён агаліў палітыку Захаду7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генпракурор ААЭ: Другі пілот рэйса FlyDubai напаў на капітана, выкарыстоўваючы аварыйную сякеру

Генпракурор ААЭ: Другі пілот рэйса FlyDubai напаў на капітана, выкарыстоўваючы аварыйную сякеру

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць