Інтэрнэт і СМІ

Шляхам Ціханоўскага: рэдактарка раёнкі і лукашэнкаўскі блогер так захапіліся праблемамі Барысава, што прыйшлі да крамольных высноваў

Як стала вядома «Нашай Ніве» ад абласных чыноўнікаў, кабінетны скандал выклікалі шчыраванні галоўнай рэдактаркі барысаўскай раёнкі «Адзінства» Кацярыны Вераб'ёвай у інтэрв'ю лукашэнкаўскаму блогеру Голікаву. Яны так далёка зайшлі ў абмеркаванні праблем Барысава, што прыйшлі да крамольных высноваў і канстатацый пратэстнасці гарадоў, разваленасці інфрастуктуры, адсутнасці грошай і бесперспектыўнасці. 

Кацярына Вераб'ёва і Аляксей Голікаў. Калаж з відэа-інтэрв'ю

У пачатку інтэрв'ю рэдактарка «Адзінства» прызнаецца, што не хацела гаварыць з Голікавым, бо думала, ён можа быць шпіёнам. Але далей размова пайшла. 

Вераб'ёва пачала з незадаволенасці тым, што яе газета ў трэцім эшалоне пры арганізацыі прымусовай падпіскі: спачатку ў рабочых калектывах патрабуюць падпіску на рэспубліканскія выданні, потым на абласныя і толькі ў апошнюю чаргу — на раённыя. 

І папера, маўляў, кепская — друкуюцца ў Віцебску, бо ў Барысаве хоць і ёсць тыпаграфія, але «ў ёй няма станка». 

Пасля абмеркавання праблем выдання блогер з журналісткай прайшліся па мясцовым парку, у якім і дзве дзяўчыны, і дзве пенсіянеркі фыркнулі на пытанне аб задаволенасці станам парку.

«Ён не вельмі, тут нічога няма. Раней было лепш. А цяпер перадалі ў прыватныя рукі», — кажа пенсіянерка. 

Рэдактарка раёнкі ўдакладняе, што парк належыць Дому культуры, а не прыватніку, пенсіянерка здзіўлена. 

«Калі будзем успамінаць 2020 год. Шмат пратэсных гарадоў было маленькіх. Вось, побач з намі Жодзіна — няпростая сітуацыя. У Барысаве таксама былі пратэсныя настроі. Мы бачым, якія прыгожыя Мінск, Брэст, а калі праехацца па рэгіёнах — усё не так прыгожа», — дзеліцца назіраннямі журналістка Вераб'ёва. 

Таксама яна паказвае поўны шчылін падмурак будынка, з выгляду, сельскай хаты, у якім, аказваецца, месціцца паліклініка для вялікага раёна. 

«Многія жыхары горада кажуць: ну калі ж ужо з’явіцца новая паліклініка? Мясцовыя ўлады ведаюць пра праблему, але пакуль яе нельга вырашыць — няма канкрэтных тэрмінаў», — кажа яна. 

Працаваць, выходзіць, таксама няма каму — доўгія чэргі, гараджанам складана трапіць на прыём да профільнага спецыяліста. 

Голікаў удакладняе, што чуў ад мінскіх чыноўнікаў адмаўленне дэфіцыту кадраў. Дык хто тады хлусіць, пытаецца ён барысаўчанку. Яна не ведае хто, дапускаючы, што ў нейкіх іншых паліклініках сітуацыя іншая, і там усяго хапае, а барысаўская — выключэнне. 

Далей аказваецца, што ў горадзе праблема і з кепскімі дарогамі, і з адсутнасцю школы ў забудаваным раёне. Рэдактарка прыводзіць прыклад, як адзін раённы чыноўнік паабяцаў зрабіць дарогу пасля скаргаў грамадзян, але так нічога і не зрабіў.

Голікаў задаецца пытаннем аб прычынах такіх паводзінаў. Вераб'ёва падказвае: «У менталітэце беларусаў расхлябанасць, нежаданне напружвацца. Вінаваты менталітэт і нізкі грамадскі кантроль». 

«Уражанне, што ў нас усе чыноўнікі ператварыліся ў нарцысаў перад люстэркам», — пагаджаецца Голікаў, успамінаючы Ціханоўскага, які, маўляў, усё рабіў правільна, але пракалоўся толькі на «закліках да скідання ўлады». 

«Трэба трошкі пачакаць — тое, што я чую ўжо 40 год. І мой бацька тое ж чуе. Дачакаемся?» — задаецца пытаннем блогер. 

Вераб'ёва прыводзіць пазітыўны досвед чакання сваёй мамы, якая ажно пад пенсію ўбачыла, як на яе вуліцы праклалі асфальт, ператварыўшы яе ў праспект. 

Вераб'ёва рэзюмуе, што ёй здаецца, што задачы журналістыкі — падымаць важныя праблемы, якія ёсць у грамадстве. Але ў сваёй рабоце яна зарэгулявана інструкцыямі і ўзгадненнямі, якія «замінаюць творчай рабоце». 

Пры канцы Голікаў кідаецца ў шматслоўныя развагі аб недзеяздольнасці беларускіх чыноўнікаў, эфекце Тыктоку, выпадковасці Вераб'ёвай на пасадзе і нематываваных студэнтах журфака, дзе ён цяпер вучыцца. 

Па словах суразмоўцаў «Нашай Ніве» у Мінскім аблвыканкаме, у рэдактаркі «Адзінства» пасля гэтага інтэрв'ю ўзніклі пэўныя праблемы, а лінія дыскусіі Голікава нагадала адказным за ідэалогію «стыль ранняга Ціханоўскага». 

Гэта выглядае іранічным на фоне таго, што ў самім інтэрв'ю Вераб'ёва выказвала ўпэўненасць, што яе актыўнасць у падкрэсліванні камунальных праблем не выклікае наступстваў. 

Чытайце таксама:

Дзе цяпер Кірыл Казакоў — былы кіраўнік СТБ, «хросны бацька» Азаронка і іншых прапагандыстаў?

Каментары

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне64

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Усе навіны →
Усе навіны

Мінімум чатыры шахеды заляцелі ў Беларусь за ноч і раніцу4

Бондарава выклікала на дзяцей міліцыю, але там не зразумелі, што не так6

У наступным годзе змяняць умовы працы маршрутак

Ці можа час ісці ў адваротным кірунку? Упершыню ў гісторыі даказана, што так5

У Беларусі з 1 студзеня вырасце падатак на першую кватэру2

7 млн літраў піва і 98 тысяч спробаў скрасці куфаль — Актоберфест падвёў вынікі5

Складзены спіс кіраўнікоў краін з самымі высокімі заробкамі. Хто на першым месцы?1

Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла11

Махляры, якія прадаюць танныя шыны праз Instagram, рыхтуюцца да новага сезона. Як не трапіць на падман1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне64

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Галоўнае
Усе навіны →